Канцэрт культавага гурта РСП: як гэта было (фота)

У чацвер 25 красавіка ў мінскім клубе RE:PUBLIC прайшоў сольны канцэрт культавага гурта «Разбітае сэрца пацана» ці, як кажуць у народзе, — РСП. «Новы Час» наведаў яго і зафіксаваў самыя яскравыя моманты.

Адметнасць гэтага гурта — свае песні яны спяваюць на трасянцы. Гэта гісторыя пра гумар, карыкатуру, сарказм і самаіронію. «Дзякуючы чаму выступы гурта ператвараюцца ў абсурдныя відовішча, поўныя жорсткасці, ненармальнасці і эксцэнтрычнасці», — прэзентуе сам сябе гурт. І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Восенню мінулага года гурт «Разбітае сэрца пацана» прэзентаваў ужо пяты альбом пад рамантычнай назвай «Карняплоды любві». Але перад сёлетнім Днём Волі хлопцы зрабілі творчы пераварот у РСП: запісалі песню на чыстай беларускай мове пад назвай «Мая мінуўшчына». Але гэтая песня была напісаная яшчэ ў сярэдзіне 90-х, выконваў яе гурт «Склеп». Праз пару дзясяткаў гадоў хлопцы вырашылі зрабіць падарунак сваім слухачам, пераспяваўшы гэтую песню пра ўзаемасувязь мінулага і будычыні. Усё вельмі сур’ёзна.

Увогуле песні РСП падымаюць вострасацыяльныя тэмы беларускага грамадства: размеркаванне і беларускае заканадаўства («Па закону»), каханне паміж людзьмі з розных сацыяльных груп («Палюбіла гапара»), нізкі фінансавы даход людзей («Лета»).

«В тралейбусе ўсе в мечтах аб калбасе, і я сяджу в мечтах з талончыкам у руках. Я еслі што праб’ю, рыскую, но люблю…»,— спяваюць хлопцы ў песні «Смузі-Мафіны».

Увесь клуб ведаў напамяць усе песні гурта, пры гэтым кожны з натоўпу тварыў сваё шоў. Напрыклад, адзін з фанатаў пад песню «Что-то не так» бегаў па зале і пытаўся ва ўсіх: «Што-та не так, але не магу зразумець што?!»
Прыхільнікі гурта пачулі і ўбачылі ўсё ў гэты вечар: прызнанні, любімыя песні, дзікія танцы, а таксама танцэвальнае шоў ад Марыны Юрэвіч і Юлі Шэўчук з ЭВМ (Эрацічна Вазбуждаюшчыя Малышкі).

Фота аўтаркі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!