Канцэрт Лявона Вольскага: трэці аншлаг з пачатку года (фота, відэа)

Лявон Вольскі з бас-гітарыстам Алесем Мышкевічам выступіў у мінскім бары «Beer&Wine». Гэта трэці канцэрт Вольскага ў Мінску з пачатку года.

Першы канцэрт прайшоў 26 студзеня, а другі — 9 лютага, у тым жа «Beer&Wine». Гэтым разам на пачатку выступу Лявон Вольскі сказаў, што «будзе не так, як заўсёды, але «Тры чарапахі» будуць». Трэці канцэрт праходзіў па заяўках слухачоў — кожны мог напісаць назвы трох песень, якія хацеў бы пачуць на канцэрце. Песні можна было замаўляць любыя, ад хітоў эпохі гурта «Мроя» да апошняга альбому «Псіхасаматыка». У выніку Лявону Вольскаму давялося граць не толькі на гітары, а і на сінтэзатары, губным гармоніку. І нават прадэманстраваць спеў фальцэтам падчас выканання песні «Вось мая зямля».


Агулам прагучала амаль 30 песень, вось ТОП-10:
1. Менск і Мінск
2. Белая яблыня грому
3. Маё каханне
4. Лёгкія-лёгкія
5. Паветраны шар
6. Вось мая зямля
7. Чужы
8. Бывай!
9. Абсэнт
10. Простыя словы


Калі параўнаць са «Справаздачай» NRM за 1994 — 2004 гг., калі фанаты абіралі песні для канцэрта і складанкі праз сайт гурта, можна заўважыць, што некаторыя хіты сталіся класікай, іх па-ранейшаму хочуць чуць на канцэртах. Праўда, «Тры чарапахі» сёлета ў рэйтынгу слухацкіх сімпатый адзінаццатыя, а «Песня пра каханне» — на шаснаццатым месцы. Па-ранейшаму папулярныя кампазіцыі з «Народнага альбому» і праекту «Я нарадзіўся тут». Наконт песні, што дала назву апошняму, Лявон Вольскі пажартаваў: «Можа, шмат хто думае, што яе напісаў Дзіма Вайцюшкевіч, дык не! Гэта я». Трапляючы на канцэрт жывога класіка, заўсёды баішся, што новае не ўразіць, толькі старое-лепшае. Дык у Вольскага не так, сярод песень, абраных слухачамі — і кампазіцыі з альбома «Псіхасаматыка» (2016), і з «Грамадазнаўства» (2014).


Верхняя зала «Beer&Wine» была цалкам запоўненая. Білеты на ўсе тры канцэрты разляталіся як гарачыя піражкі, хаця каштавалі для беларускіх рэалій нятанна. Наконт публікі Вольскі гумарыў: «Прыемна бачыць знаёмыя твары… І нават ё пару незнаёмых». Фанатаў, што ходзяць на кожны выступ, можна зразумець: артыст актыўна камунікуе з публікай, адказвае на рэплікі, заклікае спяваць разам, просіць падказваць словы.

У канцы выступу Лявон Вольскі паабяцаў, што яшчэ да канца вясны адбудзецца канцэрт у Вільні. Музыкаў двойчы выклікалі на біс.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: