Канцэрт веры, надзеі і любові

У межах праекта «Артысты Перамогі», які ладзіць беларускі фонд культурнай салідарнасці, адбыўся анлайн-канцэрт барда Андрэя Мельнікава і вольнага купалаўца Андрэя Сенажэнскага.


Гэта першы сумесны канцэрт для Андрэя Мельнікава і Андрэя Сенажэнскага. Падзеі, якія пачаліся ў мінулым годзе, аб’ядналі вядомага барда і вольнага скрыпача Купалаўскага тэатра. У межах гэтага анлайн-канцэрта, у якога, дарэчы, вельмі цікавая назва «Пралёт над гняздом ПцЕрадаЦІля», Мельнікаў вырашыў узгадаць як свае старыя песні, напісаныя ў канцы 80-х, 90-х, так і прэзентаваць зусім новую песню «Раніца» на верш в’етнамскага палітычнага дзеяча Хо Шы Міна, які доўгі час прабыў у зняволенні.

Прагучала і адна з найбольш вядомых песень барда «Гэта МЫ!», якую музычны партал Tuzin.fm уключыў у 100 найвялікшых беларускіх песень усіх часоў. Песню, напісаную ў сярэдзіне 90-х на фоне бурлівых падзей, якія адбываліся тады ў краіне, многія беларускія музычныя эксперты лічаць гімнам і саўндтрэкам таго неспакойнага часу. Пазней песню выконвала легендарная Кася Камоцкая разам з гуртом «Новае Неба», а ў 2020 годзе песня загучала ў выкананні Вольнага Хору. Не згубіла яна сваю актуальнасць і цяпер.

Узгадаў Мельнікаў і свайго хроснага бацьку, мастака Алеся Пушкіна, які зараз знаходзіцца за кратамі ў гарадзенскай турме за карціну антыбальшавіцкага партызана Аўгена Жыхара. Цікавы факт, што Мельнікаў і сам некалі паўгады правёў у гарадзенскай турме за незаконны пераход мяжы пасля свайго канцэрта ў Вільне. Гісторыя цыклічная…

Скрыпка Андрэя Сенажэнскага дадала надзеі і веры ў песні Мельнікава, якія нягледзячы на тое, што маюць гімнавую і маршавую рытміку, часта ўспрымаюцца з нейкім сумам. Пэўна, праз гэтыя адчуванні веры і надзеі можна пазнаць чальца аркестра вольнага Купалаўскага тэатра. Як купалаўцы натхнялі нас у жніўні мінулага года, так і працягваюць натхняць зараз, дзе бы яны не знаходзіліся. Упэўнены, што гэты канцэрт будзе цікава паглядзець нават тым, хто зусім не цікавіцца аўтарскай песняй, бо гэты канцэрт нельга аднесці да нейкага канкрэтнага жанра. Гэта канцэрт надзеі, веры і любові. Канцэрт мудрых людзей, які ўжо не першае дзесяцігоддзе ствараюць свае творы на ніве беларушчыны.

Хочацца скончыць сваю невялічкую рэцэнзію радкамі адной з песень, якая прагучала ў анлайн-канцэрте, на мой погляд, вельмі жыццесцвярджальнымі:

Толькі мы і дагэтуль жывем. І не тонем. І хаты стаяць.
І ямо. І смяемся. І п'ем. І спяваем. І будзем спяваць.
І кахаем. І будзем кахаць. А што любім – то і будзем любіць.
А нам на вашыя законы - начхаць! А мы жывем. І далей будзем жыць.

Раю да прагляду!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: