Канфлікт: ZNICH больш не выконвае «Чорны сімвал»

У выніку непаразуменняў паміж Алесем Таболічам вакалістам гурта ZNICH і басістам Аляксандрам Філіпенкам на Пешаходцы 2 верасня большасць песень з апошняга альбома «Чорны сімвал» музыкі выконваць не будуць. Музыкі спрачаюцца наконт аўтарства кампазіцый. Што ж здарылася?

ФотаBelMetal.org

Нагадаем, што альбом “Чорны сімвал” выйшаў у сакавіку гэтага года і “Новы час” быў першым, хто апублікаваў выяву яго вокладкі напярэдадні прэзентацыі. Альбом на дыску можна было набыць падчас Фэсту вясновага раўнадзенства, трэкі з’явіліся і ў сеціве. Аднак, неўзабаве з суполак гурта ў сацсетках і з сайтаў, якія пісалі пра альбом, новыя песні былі выдаленныя і ZNICH больш не выконвае іх на канцэртах. Па тлумачэнні мы звярнуліся да ўдзельнікаў творчага канфлікту, і вось якія каментары атрымалі.

Алесь Таболіч, вакаліст гурта ZNICH:



— Праз асабістыя непаразуменні з іншымі музыкамі я як дырэктар калектыву папрасіў сысці з гурта басіста Аляксандра Філіпенку. Ён аўтар музыкі амаль да ўсіх кампазіцый “Чорнага сімвала” і слоў у 6 з 10 песень. Дзве кампазіцыі, “Паясы” і “Зорка”, — на вершы Максіма Багдановіча, “Дунаю” — народная песня, у кампазіцыі “Адвечны край” словы мае.

Аляксандр зарэгістраваў сваё аўтарства на песні ў Нацынальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці і забараніў гурту ZNICH іх выконваць. Да таго ж ён прэтэндуе на аўтарства аранжыроўкі народнай песні “Дунаю”, якую гурт рабіў калектыўна. Гэта песня выйшла сінглам яшчэ да “Чорнага сімвала”, з ёй ZNICH выступаў у адборачным туры на Еўрабачанне, быў зняты кліп…

Мы ўзялі версію народнай песні “Дунаю” ў выкананні пост-фольк гурта “Кудмень” (з дазволу кіраўніцы Ірыны Мазюк) і стварылі на яе метал-аранжыроўку.

Першапачатковая версія аранжыроўкі, прапанаваная Аляксандрам Філіпенкам, значна адрозніваецца ад таго, што атрымалася ў канцы, пасля супольнай працы гурта. Дудовая і вакальная партыі ствараліся ў працэсе запісу песні, гэта аўтарскія інтэрпрэтацыі дудара Канстанціна Трамбіцкага, бэк-вакал з элементамі гроўлу — мой.

“Дунаю” мы працягваем выконваць на канцэртах. Дзеянне аўтарскага права на песню не распаўсюджваецца, бо яна народная. Але дзейнічае сумежнае права на аранжыроўку і выкананне, таму мы зарэгістравалі ў Нацынальным цэнры інтэлектуальнай уласнасці аўтарства аранжыроўкі на мяне і Канстанціна Трамбіцкага.

Пасля выканання “Дунаю” гуртом ZNICH на фестывалі “Купальскае кола” Аляксандр Філіпенка выслаў нам прэтэнзію з патрабаваннем выплаціць кампенсацыю ў 10 базавых велічынь за выкананне песні ў “яго” аранжыроўцы з пагрозай у адваротным выпадку звярнуцца ў суд.

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці рэгіструе аўтарства па заяўляльным прынцыпе. Зараз аранжыроўка “Дунаю” зарэгістраваная адначасова на Аляксандра Філіпенку, мяне і Кастуся Трэмбіцкага. Аўтарства на аснове мастацтвазнаўчай экспертызы вызначыў бы толькі суд. Гэта была добраахвотная справа Аляксандра – пісаць музыку і песні для гурта, што зафіксавана вуснай дамовай.

Канстанцін Трамбіцкі, дудар гурта ZNICH:



— Інтэрпрэтацыі вакалу ў песні “Дунаю” мы рабілі проста на студыі, я спеў усе тры галасы, каб яны разам гучалі як хор. Гэта было маё, чыста суб’ектыўнае бачанне гэтага твора. Партыі дудкі і дуды таксама майго аўтарства. Аляксандр Філіпенка прапанаваў мне прыдумаць сола для дуды, маўляў, будзе грацца вось у такім месцы песні пад такую-та гармонію. Пачатак на дудцы — таксама мой. Гітарныя рыфы — бясспрэчна Аляксандра, ён зрабіў так званую “рыбу”, канву песні. А да ладу твор давялі ўжо ўсім гуртом, на студыі.

Таму я лічу, што мы з’яўляемся суаўтарамі аранжыроўкі. Што да перспектывы судовай справы, то мне гэта здаецца нейкім абсурдам. Народная песня, тысячы людзей могуць яе выконваць, і ўсе па-свойму.

Аляксандр Філіпенка, экс-басіст гурта ZNICH:

Аляксандр Філіпенка_фота са старонкі музыкі ўКантакце

— Мы разам з экс-бубначом ZNICH Сяргеем Абрамавым цяпер граем у гурце FOLCORE. Трэкі з альбома “Чорны сімвал” зарэгістраваныя Нацынальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці на мяне як аўтара слоў і музыкі.

У песнях на словы Максіма Багдановіча я з’яўляюся кампазітарам, а ў народнай песні “Дунаю” — аранжыроўшчыкам. Іншыя ўдзельнікі гурта ZNICH у аранжыроўцы “Дунаю” ўдзелу не прымалі. Я спампаваў гэтую песню ў акапэльным выкананні гурта “Кудмень” з сеціва, напісаў партыі для ўсіх інструментаў і вакалу.

Ужо ў студыі дудар ZNICH Канстанцін Трамбіцкі прыдумаў партыю дуды для аднаго з трох пройгрышаў, яна ўсім спадабалася, і яе запісалі паверх маёй аранжыроўкі.

Рэгіструючы аранжыроўку ў Нацынальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, я запытаў, ці павінны ўказаць Канстанціна як суаўтара. Мне адказалі, што не, бо яго ўнёсак істотна не мяняе твора. Песня складаецца з рытма, гармоніі і мелодыі. Гармонію я ўзяў з выканальніцтва “Кудменя”, а рытм і мелодыю прыдумаў сам. Гурт можа выконваць песню толькі з дазволу аўтара аранжыроўкі.

Я не ведаю, якую версію “Дунаю” зарэгістраваў у Цэнтры інтэлектуальнай уласнасці гурт ZNICH пасля мяне, але на “Купальскім коле” яны выканалі гэту песню ў маёй аранжыроўцы, я маю відэазапіс.

У Беларусі мала хто сутыкаўся з аўтарскім правам. У замежных гуртах падпісваюцца аўтарскія дамовы, удзельнікі дамаўляюцца, хто за што адказвае і якія правы мае. У ZNICH ніякіх дамоў не існавала, у працоўных адносінах мы не былі (што не перашкодзіла Алесю Таболічу “папрасіць” мяне з гурта з фармулёўкай “Ты звольнены!”). Была вусная дамова, што я пішу для ZNICH словы і музыку і мне ніхто не замінае, а потым высылаю ўсім удзельнікам гурта іх партыі для развучвання. Але ж сумежныя правы на выканальніцтва музыкам магу перадаць толькі я як аўтар!

Ранкам пасля прэзентацыі “Чорнага сімвала” Алесь Таболіч, папрасіўшы мяне пакінуць гурт, дадаў: “Ідзі афармляй аўтарства на свае песні!” Дык я пайшоў і аформіў, фактычна з яго згоды.

Дыскі з альбомам “Чорны сімвал” для продажу на канцэрце былі замоўленыя Алесем Таболічам на фірме, якая займаецца паліграфіяй, але не выдавецкай дзейнасцю. Фактычна гэта аўтарская копія, такі ж самвыдат можна было зрабіць дома. Дыск не зарэгістраваны ў Кніжнай палаце, не мае нумару ISBN, таму па беларускім заканадаўстве альбом легальна не выдадзены.

Я маю намер падаваць у суд на гурт ZNICH за выкананне песні “Дунаю” без майго дазволу, займаюся зборам дакументаў”.

Ірына Мазюк, кіраўніца гурта “Кудмень”:

Фота budzma.org

— “Дунаю” — народная салдацкая песня, калісьці інтэрпрэтаваная “Кудменем” з нотнага запісу па просьбе Арыны Вячоркі для праекта “Легенды Вялікага Княства: Старажытная зямля” (праект быў афіцыйна выдадзены на аднайменным дыску). Аўтэнтычнай версіі песні ніхто не чуў. Мелодыя гэта тыповая, магчыма, можна знайсці нейкі аўдыазапіс, але песня будзе не ідэнтычная, хоць і падобная. Нотны запіс не перадае ўсіх асаблівасцей традыцыйнай музыкі, таму сучасныя спевакі проста вымушаныя займацца “ажыўленнем нотаў” і ствараць уласныя версіі народных песень, калі маюць толькі нотны запіс і не маюць аўдыа. Таму ўсе аранжыроўкі “Дунаю” — гэта інтэрпрэтацыя інтэрпрэтацыі, якая робіцца на аснове выканання “Кудменя”.

Я не чула ні версіі ZNICH, ні PIAREVARACIEŃ, таму не магу пра іх нічога сказаць. Але ўжо падумваю: мо і мне схадзіць зарэгістраваць аўтарства аранжыроўкі ў Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці?

Аляксей Бічурын, кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці:



— Мы прымаем дадзеныя ад аўтараў аб іх творах па заяўляльным прынцыпе. З кожным з суаўтараў заключаем асобную дамову на кіраванне яго маёмаснымі правамі. У выпадку выяўлення супярэчнасцей прапануем суаўтарам вырашыць пытанне між сабой палюбоўна ці ў судовым парадку. Пытанне аўтарства лічыцца вырашаным, калі кожны з тых, хто заключае з намі дамову, дае аднолькавы спіс суаўтараў.

Мы заўсёды рэкамендуем заключаць пісьмовую аўтарскую дамову. Без яе аўтар можа ў любы момант адгукаць дадзены раней вусна дазвол на выкананне. У той жа час па дзейсным заканадаўстве ніводзін з суаўтараў не можа неабгрунтавана забараніць іншым суаўтарам выконваць супольны твор. Але крытэраў абгрунтаванасці ў Законе аб аўтарскім праве няма. Падкрэслю, што пра дазвол павінны клапаціцца менавіта карыстальнік прадукту інтэлектуальнай дзейнасці, у гэтым выпадку — выканаўцы.

Пытанне суаўтарства на песню “Дунаю” зможа вырашыць суд, калі Аляксандр Філіпенка і музыкі гурта ZNICH не дамовяцца між сабой. Нароўні з вырашэннем пытання аб прызначэнні экспертызы, напрыклад, мастацтвазнаўчай, будзе разглядацца ўся сукупнасць доказаў аўтарства.

Усе пытанні, што датычацца творчасці, вельмі тонкія. Фактычна кожнаму з аўтараў трэба даказаць, што песня створана яго творчай працай. Калі б узніклі прэтэнзіі яшчэ і ў гурта “Кудмень”, то мастацтвазнаўчая экспертыза напэўна б спатрэбілася. Эксперты, верагодна, вырашалі б пытанне, наколькі ўсе выкананні “Дунаю” з’яўляюцца самастойнымі творамі, ці яны — толькі новыя версіі народнай песні.

Што кажуць фанаты ZNICH?

Даводзілася чуць розныя думкі. Некаторыя смуткуюць, што больш немагчыма паслухаць новыя песні, якія ўжо паспелі ўпадабаць. Крыўдна, што гэта адбываецца праз асабістыя непаразуменні. Іншыя, наадварот, не паспелі яшчэ “рассмакаваць” новыя кампазіцыі, любяць “класічны ZNICH” і не дужа пакутуюць ад таго, што песні з “Чорнага сімвала” не гучаць на канцэртах.

Адна з фанатак на пытанне “Як ты ставішся да канфлікту ў ZNICH?” адказала словамі з народнай песні:

Ой, вы, молайцы, вы ня біцеся,

Ой, лі, ой, люлі, вы ня біцеся,

Вы ня біцеся, не сварыцеся,

Па-харошаму разыдзіцеся…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • sanitar
  • 2017-09-02 09:33:58
"Ніколі такога не было і вось ізноў" :)
  • Абрамов Сергей, бывший барабанщик группы ЗНИЧ
  • 2017-09-04 18:45:28
Я не знаю какой вопрос был задан Ирине Мазюк, но комментарий абсолютно ни чего не прояснил. Почему она ничего не сказала про "дазвол" исполнять песню Дунаю??? Из других источников есть информация, что никто у нее не спрашивал разрешения исполнять песню Дунаю. О чем тогда говорит мусье Таболич?!?!?!?!?!? Как обычно..... Без комментариев)))
  • Абрамов Сергей, бывший барабанщик группы ЗНИЧ
  • 2017-09-04 19:11:42
Хотелось бы прояснить ситуацию в данном случае, спасибо)))