Карыкатура пра Беларусь стала першай на прэстыжным еўрапейскім конкурсе

На карыкатуры мастак выявіў імітацыю намаганняў па дэмакратызацыі Беларусі з боку Еўрасаюзу.


Мастак Том Янсэн з карыкатурай «Еўрасаюз і Беларусь» стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі European Cartoon Award 2021. Сваім малюнкам аўтар выказаў сумнеў у тым, што палітыка Еўрасаюзу рэальна дапамагае сыходу Лукашэнкі і ўсталяванню дэмакратычнай улады ў Беларусі, перадае Радыё Свабода.

Удзел у конкурсе сёлета ўзялі карыкатурысты з 28 краін. На першым этапе прадставілі 287 работ.

Конкурс European Cartoon Award 2021 заснавалі ў 2019 годзе «Еўрапейскі прыз для прэсы» і «Студыя Еўропа» ў Маастрыхце (Нідэрланды). Гэта адбылося пасля таго, як буйная амерыканская газета New York Times адмовілася публікаваць рэдакцыйныя карыкатуры.

Адзін з фіналістаў сёлетняга прызу Т’ерд Роярдз адзначыў, што выбар прафесіі палітычнага карыкатурыста цяпер асабліва адважны, паколькі вядучыя выданні ўсё часцей пазбаўляюць такія малюнкі месцаў на газетнай паласе, а індэкс свабоды прэсы ў апошнія гады стаў рэзка падаць.

На тэму падзей у Беларусі ў фінал прабілася і работа, прысвечаная «калонам Еўропы», дзе «беларуская калона» адсутнічае, а калоны з надпісамі «Польшча», «Баўгарыя» і «Вугоршчына» пайшлі расколінамі.


Пераможца конкурсу Том Янсэн сказаў, што прыз European Cartoon Award 2021 падвышае постаць карыкатурыста, дае яму разуменне важнасці яго спецыялізацыі, паколькі мастакі такога жанру крытыкуюць улады, увасабляюць на паперы палітыкаў у сатырычным выглядзе і займаюцца працай, якую часта не разумеюць і крытыкуюць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: