Кавярня «Грай» запрашае адзначыць Дзень роднай мовы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Імпрэза #беларускамоўны пройдзе ў гэты дзень у мінскай кавярні "Грай".

У гэты дзень ва ўніверсітэтах і клубах Беларусі праходзяць адмысловыя мерапрыемствы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ з’яўляюцца шматлікія конкурсы і публікацыі, прысвечаныя беларускай мове.

Падчас свята ў кавярні "Грай" выступяць беларускія паэты і музыкі, сярод якіх гурт AKUTE, UZARI, рэпер ANGST, Усевалад Сцебурака, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Стась Карпаў. Культурніцкая праграма будзе жывой і насычанай, а кожны жадаючы зможа ўзяць удзел у шоў “Самшазам” (аналаг гульні “Угадай мелодыю”). На другім паверсе прасторы "Грай" будуць дзейнічаць пляцоўкі настольных гульняў, дзіцячых забаў і невялічкі кірмаш.

Адмыслова да Дня роднай мовы каманда SAY.BY прэзентуе новую версію мабільнага дадатку для размоваў па-беларуску ў сферы абслугоўвання і штодзённым жыцці. Госці свята змогуць узяць удзел у квэстах з ужываннем дадатку, а самыя актыўныя — атрымаюць цікавыя прызы і падарункі.

Мерапрыемства ладзяць "Арт Сядзіба", Cаюз беларускіх пісьменнікаў, кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ПЭН-цэнтр, Белсат і SAY.BY.

"Мы хочам паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы", — кажуць арганізатары.

Уваход вольны, але варта зарэгістравацца. Пачатак у 18:00.

Адрас кавярні «Грай» — вул. Інтэрнацыянальная, 33.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!