Казачны Новы год у Купалавым доме

Казачная атмасфера чараўніцтва панавала у музеі Янкі Купалы вечарам 12 студзеня.


Калядны лялечны спектакль ад сям'і Цехановічаў

Чароўныя прыгоды, калядная варажба, сустрэча з героямі беларускіх казак і міфаў чакалі дзяцей і іх бацькоў, якія наведалі Купалаўскі музей. А стварала атмасферу арт-студыя «Казка» на чале з вядомай беларускай казачніцай Аленай Масла.

Дапамагала ў гэтым цэлае сузор’е не менш яскравых і вядомых дзіцячых беларускіх пісьменнікаў — Раіса Баравікова, Таццяна Сівец, Наталля Бучынская, Серж Мінскевіч, а таксама дружная сям’я Цехановічаў. І ўсё гэта навагодне-каляднае чараўнічае хараство праходзіла на прыгожай беларускай мове.

Выставачная зала купалаўскага музею, дзеля гэтакай імпрэзы па-каляднаму святочна ўпрыгожаная, ледзьве змясціла ў сваіх сценах усіх ахвотных. Алена Масла зрабіла вельмі цікавы літаратурны экскурс у беларускую казку. Беларуская літаратура будавалася на сюжэтах беларускага фальклору, які грунтуецца на моцнай і багатай міфалагічнай аснове. 

Паводле Міжнароднага паказальніка класіфікацыі казачных сюжэтаў, у беларусаў 500 казачных сюжэтаў (у рускіх — 87), прычым 50 беларускіх казачных сюжэтаў не паўтараюцца нідзе.


Алена Масла, вядоўца казачнай вечарыны

Алена Масла разам з Наталляй Бучынскай не толькі пазнаёмілі дзяцей з героямі беларускіх народных казак, але і правялі цэлую віктарыну з казачнымі прызамі — і смачнымі, і каштоўнымі. Як высветлілася — сучасныя дзеці даволі добра ведаюць персанажаў беларускіх народных казак, як і герояў сучасных беларускіх аўтараў, што не можа не радаваць.

Пісьменнік Серж Мінскевіч цікава распавёў дзецям, як не дзіва — пра ўсім вядомага Калабка. Прызнайцеся, не ўсе ведаюць, што гэты ўсім нам вядомы персанаж — герой не толькі рускай казкі, але таксама ўкраінскай, а яшчэ і чэшскай. І наўрад ці хто задумваўся, што ў гэтай, падавалася б, лёгкай казцы, можа быць утоена народная мудрасць пра астранамічную навуку. Бо ў вобразах звяроў, якіх сустракаў на сваім шляху Калабок (які так сабой нагадвае жоўтае сонейка) могуць быць зашыфраваны поры года. Белы зайка — зіма, якая распачынае год. Шэры галодны воўк — вясна. Магутны дужы мядзведзь, поўны сіл — лета. А рудая ліса, што з’ела Калабка, і ёсць восень, якая завяршае цыкл. Пабавіў Серж гасцей і сваімі жартоўнымі песнямі — пра Какоса-Маракоса і сангвінікаў-пінгвінаў.


Серж Мінскевіч

Асабліва пампезна прадставілі казачніцу Раісу Баравікову. І ёсць чаму. Адна з найбольш вядомых беларускіх казачніц — лаўрэат Дзяржаўная прэміі Беларусі і літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР. Яе творы дзеці праходзяць у школе. Як яна сама ў жарт прызналася — дзякуючы сваім фантастычным апавяданням для дзяцей дзесьці і сама сабе адчувае «першым беларускім астранаўтам-жанчынай». Праўда — пасля Валянціны Церашковай, якая трохі мае і беларускія карані.

З захапленнем распавяла Раіса Баравікова і пра сваю новую кніжку, якая ў хуткім часе чакае выдання. Гэта гісторыі пра кашэчага караля Варгіна і мышку-прынцэсу. У кнізе дзеянні ў сучаснасці чароўным чынам пераплятаюцца з беларускімі міфамі і паданнямі. Таго ж Варгіна мы можам сустрэць і ў фантастычных апавяданнях пра шляхціца Завальню ў Яна Баршчэўскага. Шмат будзе і іншых міфалагічных істот у казцы Баравіковай — вадзянік, русалкі, ды шэраг іншых.

Развучылі дзеткі з бацькамі і вясёлую народную песню «Кура-Шчабятура».

Нечакана для ўсіх уцягнула дзяцей у цэлае тэатральнае прадстаўленне яркая і непараўнальная Таццяна Сівец, вядучыя праграмы «Ды@блог. Пра літаратуру». Сваім задорам і нястрымным запалам ёй у адзін момант атрымалася ўсіх разварушыць і на хаду паставіць з дзецьмі невялічкую казачную п’есу. Пры тым што дзеці самі цягнулі рукі і прасіліся паўдзельнічаць і спектаклю. І гэта быў для іх сапраўдны маленькі тэатральны дэбют, з чым іх у канцы і шчыра павіншавалі.

Таццяна Сівец

А завяршылася святочная імпрэза, як і мае быць на Каляды, — сапраўдным калядным лялечным спектаклем. Паказала яго надзвычай дружная і творчая сям’я Цехановічаў. Іх маці ў музеі ладзіць выставу сваіх аўтарскіх лялек — герояў беларускіх казак.

Сям’я Цехановічаў не толькі паказалі ўсім прыгожую беларускую калядную казку, але і зладзілі міні-канцэрт з каляднымі песенькамі пад акампанемент на скрыпцы. Алена Масла нават прызналася, што проста ў здзіўленні ад гэтакай цудоўнай сем’і, гэта проста знаходка. Сям’я не толькі творчая, але і беларускамоўная, што ўдвая прыемна.

Гэта не першая святочная вечарына арт-студыі «Казка». У студзені 2015 года сваю першую імпрэзу арт-студыя «Казка» прысвяціла дзецям з аўтызмам. Бо яны — не хворыя, а асаблівыя і незвычайныя. А сёння залю музею, дзе праходзіла вечарына, упрыгожвалі малюнкі — работы гэтых асаблівых дзетак.

Вядучыя імпрэзы — Наталля Бучынская і Алена Масла

Арт-студыя «Казка» створана ў 2015 годзе. Сваёй дзейнасцю аб'ядноўвае пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, акцёраў, этнографаў і ўсіх-усіх чараўнікоў, якія ў штодзённым жыцці ўмеюць ствараць цуды. Заснавальніца арт-студыі — пісьменніца-казачніца Алена Масла, аўтарка папулярных праектаў «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні» і «Літаратурная масленіца».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!