«Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць» — гісторыі пра шляхі да свабоды

З 1 па 10 снежня ў Мінску пройдзе 12-ы штогадовы кінафестываль «Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць", арганізаваны Прадстаўніцтвамі Еўрапейскага саюза і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь.



Усе карціны, уключаныя ў праграму кінафоруму, — гэта гісторыі пра шляхі да свабоды і роўнасці ў годнасці і правах.

Фестываль «Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць» нязменна праводзіцца напярэдадні 10 снежня — у гэты дзень у 1948 годзе Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

 «Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны надзелены розумам і сумленнем і павінны ставіцца адзін да аднаго ў духу братэрства», — з такіх слоў пачынаецца гэты ўнікальны дакумент.

Чалавецтва, якое толькі перажыло катастрофу Другой сусветнай вайны, аб'ядналася ў разуменні каштоўнасці чалавечага жыцця, свабоды, неабходнасці раўнапраўя. Не ўсе і не адразу былі гатовыя прыняць найлепшыя ідэі ў гісторыі, а прыняцце дакумента не азначала неадкладнага ўсеагульнага шчасця. Тым не менш, Дэкларацыя паўплывала на развіццё чалавецтва больш, чым любы іншы дакумент сучаснай гісторыі, і стала падмуркам міжнароднага гуманітарнага права.

Адкрываецца фестываль першага снежня моладзевай драмай беларускага рэжысёра Улады Сяньковай «ІІ» («Два»). Сусветная прэм'ера фільма адбылася сёлета ў кастрычніку на Варшаўскім кінафестывалі, дзе ён быў уганараваны спецыяльнай згадкай журы конкурсу «Вольны дух» як «смелы, адважны і свежы аповед пра жорсткую рэальнасць сацыяльнай ізаляцыі». Першы паказ стужкі ў Беларусі адбыўся на 26-м Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у секцыі «Спецыяльныя паказы», ​​дзе яна таксама была высока ацэненая крытыкамі і гледачамі за смеласць у раскрыцці паднятых тэм.

Працягнуць праграму фільмы, якія таксама ўжо паспелі атрымаць прызнанне гледачоў і прафесійнай супольнасці: «Па палавой прыкмеце» (ЗША, 2018), «За марай» (Швецыя, 2017), «Таварыш дзіця» (Эстонія, 2018), «Падарожжа ў Ерусалім» (Германія, 2018), «Дыямантына» (Партугалія, 2018), «Маладыя полькі» (Бразілія, 2019), «Стэфан Цвейг» (Аўстрыя, Германія, Францыя, 2016), «Лайла М» (Нідэрланды, 2016), «Саамская кроў» (Нарвегія, Данія, Швецыя, 2016). Гэтыя карціны звяртаюць погляд у гісторыю правоў чалавека і распавядаюць пра лёсы нашых сучаснікаў.

Традыцыя захоўваецца — фестываль адкрываецца 1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, і завяршаецца 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека. Фестываль праводзіцца пры садзейнічанні пасольстваў Нідэрландаў, ЗША, Швецыі, Эстоніі, а таксама Інстытута імя Гётэ ў Мінску і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.


Паказы будуць праходзіць у мінскім кінатэатры «Піянер» (вул. Энгельса, 20) а 19:00. Уваход на ўсе сеансы бясплатны. Квіткі можна атрымаць у касе кінатэатра з 1 па 10 снежня (штодзень з 16:00)*.

* Колькасць білетаў на фільм адкрыцця (1 снежня) будзе абмежаванай. Дзякуем за разуменне, загадзя просім прабачэння ў тых, хто не зможа трапіць на паказ, і інфармуем пра тое, што найбліжэйшы паказ фільма «ІІ» («Два») у Мінску адбудзецца 11 снежня ў 19:00 у кінатэатры «Масква».

Паводле прэс-рэлізу

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: