Кінафестываль «Лістапад» імкліва палітызаваўся пасля змены арганізатара

У Мінску з 20 па 26 лістапада пройдзе 27-ы Міжнародны кінафестываль «Лістапад». Яго новым старшынёй стане народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. Ён зменіць на гэтай пасадзе Генадзя Давыдзьку.


70-гадовы Аляксандр Яфрэмаў з’яўляецца мастацкім кіраўніком тэатра-студыі кінаакцёра. У сакавіку ён увайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, адзначае REFORM.by.

Слоганам 27-га фестывалю стане «Кіно — сімфонія адзінства». Заяўкі на кінафестываль прымаюцца да 1 кастрычніка.

Таксама паведамляецца, што за секцыю дакументальнага кіно адкажа Сяргей Кацьер, а праграмным дырэктарам секцыі дзіцячага кіно «Лістападзік» стане Антаніна Карпілава.

Сёлета Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» не будзе займацца арганізацыяй міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Паводле пастановы Мінкульта, арганізацыяй гэтага мерапрыемства займаецца «Беларусьфільм», на базе якога сфарміравана выканаўчая дырэкцыя.

У матэрыяле цэнтральнага прапагандысцкага выдання гаворыцца, што тыя, хто займаўся фестывалем раней, былі «падрадчыкамі», а сам брэнд належыць дзяржаве.

«Усе, хто ў розныя гады займаўся каардынацыяй "Лістапада" — Валянціна Сцяпанава, “АРТ Карпарэйшн” або “Беларусьфільм”, — гэта толькі падрадчыкі па арганізацыі кінафестывалю. Брэнд належыць дзяржаве. Таму чытаць, што ў “АРТ Карпарэйшн” забралі фестываль, мне проста смешна. Дзяржава як галоўны арганізатар мае права выбіраць таго падрадчыка, які, як яму здаецца, лепш справіцца з новым фарматам працы», — гаворыцца ў матэрыяле.

За час працы «Арт Карпарэйшн» у якасці арганізатара кінафоруму, мінскі «Лістапад» атрымаў пастаянную акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF, у якой удзельнічаюць такія фестывалі як Берлінале, Венецыянскі, Варшаўскі, Маскоўскі і іншыя. З 2017 года на «Лістападзе» стаў уручацца прыз міжнароднага журы кінапрэсы FIPRESCI. Кампанія таксама зарэгістравала лагатып фестывалю — лісцік з вядомым профілем. Дадзены крок быў прадыктаваны, у тым ліку, і патрабаваннем FIAPF; для міжнароднай арганізацыі важна, каб кінафорум меў пастаянны візуальны вобраз, як і пастаянную дзеючую дырэкцыю.

27 кінафестываль «Лістапад» павінен быў прайсці летась, з 6 да 13 лістапада, аднак быў адменены. Гэтаму папярэднічала інфармацыя аб тым, што ён пройдзе без традыцыйных прызоў ад Лукашэнкі. Паведамлялася, што рашэнне аб адмене фестывалю было прынята аргкамітэтам фестывалю ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: