“Кірмаш праектаў” у Гомелі: пешаходная вуліца, арт-вёска і сцяна жаданняў

Якія смелыя ідэі культурніцкіх праектаў жывуць у галовах гамельчукоў? Пра што мараць, якім бачаць развіццё горада над Сожам яго жыхары? Адказы на гэтыя пытанні прагучалі падчас “Кірмашу праектаў”, арганізаванага грамадскай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.



Нашая сустрэча адбываецца дзеля таго, каб дапамагчы праявіць ініцыятыву тым, каго хвалююць не толькі ўласныя праблемы, пазнаёміць адзін з адным тых невыпадковых людзей, якія змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэнне культурнага жыцця горада! — зазначыла вядучая гомельскага “Кірмашу праектаў” Крысціна Карчэўская.

 

І сапраўды, больш за паўсотні гамельчукоў не паленаваліся прыйсці ў залу Гомельскай гарадской бібліятэкі, каб адчуць, чым дыхае горад ды спрычыніцца да паляпшэння гарадскога жыцця (адны ўдзельнікі сустрэчы прадстаўлялі праекты, іншыя — ацэньвалі прапановы).

 

У нас цудоўныя, вельмі цікавыя людзі, ствараецца вельмі шмат культурніцкіх праектаў, але рэалізаваць іх, данесці да слухача, чытача, спажыўца — з гэтым праблема. Тое ж самае — з людзьмі. Многія беларусы маюць часам геніяльныя ідэі, але думаюць: ну, што я камусьці буду расказваць пра сваю ідэю, можа, яна гэтага не вартая, каго я знайду сабе ў дапамогу, ды і дзе шукаць? Насамрэч гэта не так. Важна публічна расказаць пра сваю ідэю. Тады пад гэтую ідэю падцягнуцца іншыя людзі, з’явяцца аднадумцы. І гэта прынясе вялікую карысць і асобна ўзятаму гораду, і ўсёй краіне, — падбадзёрыла прысутных каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.

 

Агулам у Гомелі было прадстаўлена 11 праектаў. Гэта ідэя аднаўлення замчышча, правядзення паэтычнага фэсту, штогадовага фестывалю творчай моладзі ў вёсцы, этнаграфічна-танцавальных вечарын і сапраўднага ткацкага фэсту, стварэнне “арт-каморы” і сцяны, на якой кожны ахвочы выказваў бы, што ён хоча паспець зрабіць за сваё жыццё, тэатральна-цыркавы праект, гарадскі інтэрнэт-часопіс, праект гомельскага артхаус-кіно і пешаходнай вуліцы. Дарэчы, падчас апошніх прэзентацый некаторыя з аўтараў праектаў ужо разглядалі магчымасць супрацоўніцтва з іншымі гамельчукамі, якія прадставілі свае прапановы на “Кірмашы”.

 

Шмат для каго досвед публічнай прэзентацыі сваіх ідэй і пошуку партнёраў у адкрытым фармаце стаў першым у жыцці. Удзельнікі з цікавасцю слухалі і абмяркоўвалі праекты адзін аднаго, знаходзілі аднадумцаў і магчымасці супольных дзеяў. Для працягу абмеркавання, для якога часу “Кірмашу” не хапіла, створаная суполка ў “Вконтакте”, дзе ўсе прысутныя могуць працягнуць пошук абмен думкамі і тых элементаў, якіх пакуль не хапае.

 

Дыскусійныя пляцоўкі для прэзентацыі сваіх праектаў і іх абмеркавання будуць ладзіцца і ў астатніх гарадах Беларусі. Пасля “Кірмашоў”, што адбыліся ў Гомелі і Магілёве, ”Кірмаш” адбудзецца ў Віцебску 9-га красавіка!

 

Кірмаш праектаў –Гомель. Адзнакі гледачоў

 

№ пп Назва праекта Актуальнасць ідэі Важнасць для мэтавых груп Магчымасць рэалізацыі

1

Фестываль творчай моладзі “Арт-вёска”

8,42

8,56

7,08

2

«Перш чым я памру,  я хачу…»

5,85

6,8

9,2

3

Пешаходная вуліца як цэнтр гарадской вулічнай культуры

8,31

9,16

6,33

4

Танцавальныя этна-вечарыны

6,27

7

8,88

5

Арт-камора

6,54

7

7,24

6

Гарадскі інтэрнэт-часопіс “The Mag”

7,62

8,28

9,29

7

Тэатральна-цыркавы праект “Ікропка”

8,42

8,12

8,48

8

Фестываль “Вулічныя вершы”

6,04

7,84

9,08

9

Праект “Замчышча”

7,73

8,04

5,12

10

Арт-хаус

4,27

4,71

7,26

11

Ткацкі фэст “Кросенцы”

7,96

7,4

8,72

 

Да ведама

 

“Кірмаш праектаў” — месца збору культурніцкіх прапановаў, іх аўтараў і крытыкаў. Праекты збіраюцца з тым, каб усім разам абмеркаваць іх важнасць, актуальнасць і магчымасці рэалізацыі. У планах кампаніі “Будзьма беларусамі!” — стварэнне адмысловай анлайн-пляцоўкі для банку ідэяў, што дэманструюцца аўтарамі для прыцягнення грамадскай увагі і пошуку самай рознай падтрымкі.

 

budzma.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: