«Клір» скаланае Польшчу

Карціна Войтэка Смажоўскага «Клір» выклікала нечуваную буру ў Польшчы. Грамадства расколатае, кінатэатры не змяшчаюць ахвотных, а ў спрэчкі ўцягнутыя палітыкі, мастакі і святары.

Рэжысёр Войтэк Смажоўскі вядомы ў Польшчы сваімі жорсткімі драмамі на мяжы з гратэскам, камедыяй і крыміналам. Сатырычнае Вяселле расказвала гісторыю хцівага фермера, які пускаў пыл у вочы на вяселлі сваёй дачкі — дый за грахі паплаціўся, Кепскі дом — раскрываў гэбоўска-алкагалічныя таямніцы Польскай Народнай Рэспублікі, у ДАІшніках — на гарэхі дасталося польскай паліцыі, а стужка Валынь — была прысвечаная страшным падзеям ва Украіне.

У апошняй карціне Смажоўскі ўзяўся за клір. Героі стужкі — тры польскія ксяндзы. Яны калісьці выратаваліся ад пажару дый збіраюцца штогод, каб гэта адзначыць. Гэта розныя людзі: два святары служаць у глухой правінцыі, а трэці прагне зрабіць кар’еру ў Ватыкане. Ідучы за героямі, рэжысёр зазірае ў плябаніі мястэчак і вёсак дый пільна сочыць за палацамі біскупа. Галоўныя грахі, што прагне выкрыць ягоная камера: алкагалізм, хцівасць, юр, крывадушнасць з пыхаю і, нарэшце, педафілія.

Скандал папярэднічаў карціне яшчэ да прэм’еры. На фестывалі польскіх фільмаў у Гдыні, дзе стужка атрымала адразу некалькі прафесійных узнагарод, гледачы зладзілі 11-хвілінную авацыю, так што карціна магла разлічваць на прэмію «Залаты клакер» за найдаўжэйшыя апладысменты, але «Радыё Гданьска», за ўзнагароду адказнае, факт праігнаравала. Супрацоўнікі станцыі напісалі «Газеце Выборчай», што гэта звязана з палітычным падтэкстам.

Акрамя таго, дзяржаўная тэлевізія TVP, якая адзначыла Смажоўскага за папярэдні фільм «Валынь», гэтым разам выразала з трансляцыі ягоны выступ на фестывалі. Затое ў выпуску навін простыя месцічы (якія фільм не глядзелі) хорам асудзілі карціну, а як доказ агульнай сапсаванасці кінематаграфістаў быў паказаны Раман Паляньскі, раней пераследаваны судом.

Дэпутатка кіроўнае партыі «Права і Справядлівасць» запатрабавала, каб міністр культуры растлумачыў, чаму на фінансаванне такой стужкі пайшлі дзяржаўныя грошы, «Каталіцкае аб’яднанне журналістаў» заклікала карціну байкатаваць, а 28 верасня, у дзень выхаду фільму на экраны, «Акцыя Каталіцкая» Чанстахоўскай архідыяцэзіі абвясціла малітву і пост за клір. У некаторых мястэчках рабіліся спробы не дапусціць праекцыі фільму.

Але за першыя выходныя фільм устанавіў рэкорд — 935 тысяч гледачоў, і гэта найвялікшыя зборы польскага кіно за трыццаць гадоў. Адзін з кінатэатраў у Сілезіі паказвае фільм 24 разы на дзень. Пад касы кінатэатраў вярнуліся спекулянты.

Адыёзны палітык і журналіст Ежы Урбан, які падчас ваеннага стану быў прэс-сакратаром, а цяпер рэдагуе антырэлігійны часопіс, нават прыраўнаваў фільм Смажоўскага да свайго выдання, бо стужка выглядае паспяховейшай за ягоныя сатыры.

Левыя і ліберальныя групы разглядаюць карціну, як зброю, каб атакаваць палітычных ворагаў, што выкарыстоўваюць саюз алтара і трона. У сваю чаргу, з боку правых гучаць абвінавачванні, што гэта вайна супраць Касцёла і Польшчы. Дарэчы, святары таксама падзяліліся ў поглядах на стужку, а некаторыя нават паспрачаліся ў сеціве.

Увогуле, польскае грамадства расколатае, а супрацьлеглыя лагеры не знаходзяць ніякай агульнай мовы. «Клір» пляснуў алею ў гэтае полымя. У грамадскіх сполахах можна забыць пра саму стужку.

Характэрнай  рысай фільмаў Смажоўскага, акрамя вострых паваротаў сюжэту і нечакана-прадуманых брутальных сцэн, было адчуванне агульнай крохкасці і сацыяльнага зла, у доме якога знаходзяцца героі, звычайныя і слабыя людзі.

У «Кліры» такімі крохкімі і грэшнымі людзьмі з’яўляюцца персанажы карціны: вясковы ксёндз Трыбус (Робэрт Венцкевіч), які не можа ўтрымацца ад чаркі і суцяшаецца ў абдымках пекнай эканомкі; ксёндз Кукула (Аркадыюш Якубік) — традыцыйная ахвяра несправядлівых абвінавачванняў у фільмах Смажоўскага; нарэшце, самая змрочная з тройкі фігура — кар’ерыст Лісоўскі (Яцэк Брацяк), інтрыган, шантажыст і тайны педафіл, які сам у дзяцінстве перажыў траўму.

Абсалютна карыкатурным персанажам, намаляваным толькі чорнаю фарбаю, з’яўляецца арцыбіскуп з гаваркім прозвішчам Мардовіч — хцівы кныр, які лаецца горш за грузчыка, будуе памост для сябе — літаральна — на трупах, і расслабляецца на павадку нямецкай прастытуткі, прыкінуўшыся парсючком. Акцёр Януш Гаяс ачалавечвае гэтую мажную карыкатуру сваім талентам.

Выглядае, што Касцёл у фільме з’яўляецца такім Кепскім домам, а святары — карумпаваныя «ДАІшнікі ў сутанах» (як напісаў ксёндз Анджэй Лютэр). Але, у адрозненні ад іншых карцінаў Смажоўскага, я быў здзіўлены ягонай стрыманасцю. У доме — Касцёле — акрамя грэшных людзей, жыве яшчэ нехта. І гэты нехта — Бог. Ягоная прысутнасць прачытваецца ў дакорах сумленнях (што змяняюць сюжэт), у ціхіх малітвах ксяндза, нарэшце, у драматургіі святла, калі сонечныя промні азначаюць прысутнасць святасці (просты і ясны знак у кінафільмах). У сваю чаргу зло любіць фальшывае святло тэлевізійных экранаў, свежы пах друкаваных таблоідаў і камеры сачэння.

Дзіця, якое памірае ад раку, не патрабуе фальшывага тлумачэння. Яно патрабуе веры, надзеі і любові, а штучнае святло, завучаныя словы і мёртвыя падарункі гэтага адказу не здольныя даць. У чалавечым доме, сапсаваным злом, гучыць крык слабога і безабароннага чалавека.

Такая стужка, як «Клір» магла быць пастаўлена толькі ў краіне з трывалымі каталіцкімі традыцыямі — і фільм невыпадкова з’явіўся ў Польшчы, і невыпадкова цяпер.

Карціна, якую ў Польшчы ўжо называлі атэістычнай і антырэлігійнай, гэта зусім не савецкая агітка, дзе ўсе святары варожыя і аднамерна-кепскія. Для беларускіх атэістаў і левых карціна будзе занадта рэлігійнаю. Нават выйгрышна-таблоідную тэму педафіліі Смажоўскі павярнуў так, каб мы спачувалі ахвяры, якой можа быць і нявінны ксёндз.

У сваю чаргу беларускія вернікі ўбачаць у фільме спрашчэнні і далёкі ад нас побыт. Так у Польшчы захапленне публікі выклікалі сцэны, дзе патрульныя паліцэйскія салютуюць п’янаму ксяндзу, а на Беларусі і цвярозых духоўных арыштоўваюць, як п’яных. Прывілеі ў Беларусі мае не крыж, а дубіна.

Уздзеянне «Кліру» на публіку польскія крытыкі параўналі з уздзеяннем стужак Анджэя Вайды «Чалавек з мармуру» і «Чалавек з жалезу», што таранілі шлях «Салідарнасці». Рэакцыя на фільм «Клір» можа сведчыць пра тэктанічныя змены ў польскай свядомасці.

За апошнія дзесяцігоддзі Польшча стала Цэнтральнаеўрапейскім волатам і ўвайшла ў кола развітых краінаў. Але еўрапейскія вятры, успрымаліся, як халодныя, для многіх палякаў, якія не хацелі і, тым болей, не маглі зрабіць такую бліскучую еўрапейскую кар’еру, як Дональд Туск. У выніку многія прагаласавалі за «добрыя змены» на чале з партыяй «Права і справядлівасць», якая падняла на шчыт традыцыйную польскую рэлігійнасць.

У адной са сцэн свайго фільму Смажоўскі паказвае ксяндза-педафіла на імшы «Салідарнасці», што, як вядома, паўстала неўзабаве пасля абрання папам Яна Паўла ІІ. Выглядае на тое, што час Яна Паўла ІІ, калі рэлігія натхняла палітыку, замяняецца ў Польшчы на час Францішка, які патрабуе ад існых структур сціпласці і ачышчэння.
 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-10-02 20:58:21
Польшча не стаіць на месцы, нават спрабуючы рухацца назад. А мы? У нас усё наадварот - ціха і стабільна. Нават калі насамрэч, ляціць над адхон...
  • Любоў Уладыкоўская
  • 2018-10-03 18:00:24
Андрэй Расінскі напісаў цікавы водгук, і за гэта яму дзякуй. Цяпер час паглядзець карціну.