
Галоўны герой рамана – выдатны студэнт права Клеман, праўда, “чалавек слізкі, з якім наўрад ці захочацца сесці і пагаманіць за каўкай”, які ў вайну пачаў супрацоўнічаць з паліцыяй калабарацыянісцкага рэжыму Вішы, бо яму “проста прапанавалі працу”. А потым ён гэтак жа проста пачаў пераследаваць і здаваць паліцыі габрэяў, камуністаў.
Пасля вайны зусім не цудам, а дзякуючы падману і сувязям, яму ўдалося пазбегнуць смяротнага пакарання, і дзякуючы прыяцельству з былым партызанам ён знайшоў працу ў новай Францыі. Але і там працягнуў “выконваць працу” – пераследваць, збіваць арабаў, пазней студэнтаў, якія маніфеставалі супраць ураду. Герой рамана ніколі не сумняецца і не мучаецца згрызотамі сумлення, ён зусім не разумее развагаў іншых “рамантычных і гуманістычных істотаў” наконт сумлення, ён пастаянна паўтарае сабе, што “выконвае загад і прытрымліваецца закону”. Звычайны мярзотнік дапрацоўвае да пенсіі, на якую сыходзіць з пашанотамі. І ніколі на ягоным шляху не з'яўляюцца ані былыя ахвяры, ані іх родныя.
Вельмі часта калабаранты спакойна дажывалі і дажываюць век і без усякай аховы. Вельмі часта дабро не перамагае ліха. Але вельмі часта сітуацыя калабарацыі паўтараецца і ў нейкі раз усё можа завяршыцца не як у рамане Дыд’е Дэненкса. У 21-м стагоддзі чалавецтва можа ўлічыць папярэднія досведы калабарацыі і выявіць такіх нябачных і шэрых мярзотнікаў, якія працуюць, гвалцяць і ўвечары вяртаюцца ў сям’ю. Гэты раман якраз пра тое, што ўсё залежыць ад нас: ці ігнараваць, не бачыць і дараваць такім суседзям, суграмадзянам, альбо абвесціць ім бой – прынамсі памятаць і не забываць пра іх злыдобу і калабарацыю. Якраз памяць дапамагла пасля вайны ў свеце ці пасля падзення дыктатураў у Лацінскай Амерыцы запусціць судовую машыну супраць тых, хто “ўсяго толькі выконваў працу”.