«Кніга здольных» — пра падлеткаў і для падлеткаў

Увесну ў выдавецтве «Галіяфы» плануецца выхад кнігі Святланы Аўдзейчык «Кніга Здольных» — сучаснае беларускае фэнтэзі пра падлеткаў і для падлеткаў. Грошы на яе выданне збіраюцца праз пляцоўку ulej.by.

«Кніга Здольных» — гэта першая частка трылогіі пра Наследнікаў Сакрума і цікавай яна будзе не толькі падлеткам, але ўсім, хто аддае перавагу фэнтэзі.

Што вас чакае ў кнізе?

Асаблівы, характэрны для фэнтэзі, непаўторны свет чараўніцтва і таямніц, які дазволіць вам апынуцца ў Ларборы — ізаляванай дзяржаве, грамадства якой падзелена на два класы. Здольныя і бездары існуюць ва ўмовах узаемнай варожасці. Ларбор пазбаўлены сувязі з рэштай свету, аточаны Бязмежным морам з аднаго боку і таямнічым, поўным містычных здарэнняў Краем – з другога. Нават зямля, на якой існуе Ларбор зменліва – загадкавая расліна, карані якой ствараюць падземны Карнігард, падаўжае памеры Ларбора ў глыбіню. Некалі асноўным насельніцтвам краіны былі здольныя, але зараз яны – элітарная меншасць, пазбаўленая часткі сваіх правоў, таму здольныя ненавідзяць бездараў і выказваюць ім пагарду.

Чаму іх лічаць за здольных? Яны носьбіты дзіэнаў. У кожнага дзіэндара (здольнага) свой, асаблівы дзіэн – нехта мусіць уплываць на ўласцівасці вады, нехта здольны падпарадкаваць сабе агонь, іншы –тэлепат. Дзіэны разнастайны, а іх уладальнікі пад пагрозай знікнення, таму, кожнае адоранае дзіэнам дзіця — кандыдат на навучанне ў адной з дзвюх школ, якія носяць сімвалічныя назвы Аквіла і Серпента. У школах пануе шматгадовае супрацьстаянне і страх перад праклёнам, бо толькі прадстаўнікі саслоўя здольных,час ад часу, пераўтвараюцца ў пачварных істот —пронгаў, а выратаванне ад праклёну чакаюць ад таго, хто знойдзе Сакрум. Рой, навучэнец Аквілы, атрымаўшы звычайны на першы погляд камень, становіцца гаспадаром цмока і ўдзельнікам падзей, якія вядуць яго да разгадкі самай галоўнай таямніцы Ларбора — прадказання пра Сакрум.

*****
«Кніга Здольных» увайшла ў паўфінал міжнароднага конкурсу «Новая дзіцячая кніга - 5» у намінацыі «Фэнтэзі. Фантастыка. Прыгоды».

Аўтарка кнігі — Святлана Аўдзейчык..



Кніга выйдзе ў якаснай, цвёрдай, каляровай вокладцы, якую стварыла таленавітая мастачка Юля Кароткая-Адаменка.


А рэдактар тэксту — Віктар Жыбуль, вядомы беларускі паэт і літаратуразнаўца


Спрычыніцца да выдання кнігі можна тут.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: