Запіс і мантаж адбываліся на студыях «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё»: кнігі Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса і Вінцэся Мудрова агучыў Зміцер Бартосік, першую частку кнігі Альгерда Бахарэвіча запісаў і агучыў Сяргей Шупа, над раманам Анкі Упалы працавала Паліна Дабравольская, а частку рамана Паўла Севярынца агучыў Павел Клёк. Каардынатарка праекта — Дар’я Бялькевіч.
Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра распавядае пра праект:
— Спачатку мы меркавалі, што зможам агучыць толькі адну кнігу, але дзякуючы дапамозе партнёраў (Радыё Свабода і Еўрарадыё) атрымалася “ахапіць” усіх шортлістараў мінулага году. Гэта пілотны праект, спадзяюся, ён будзе працягвацца. Мы б хацелі, каб такім чынам сучасная беларуская літаратура стала даступная для людзей з інваліднасцю па зроку, для тых, хто вучыць мову, а таксама і для шырокай аўдыторыі, якая любіць больш слухаць, чым чытаць.
Актор агучкі Павел Клёк дзеліцца сваімі ўражаннямі:
— Агучваць кнігі з шорт-ліста прэміі, хай і часткова, — безумоўна, цікавы спосаб прыцягнуць да іх увагу. Кніга, з якой давялося працаваць мне, мела пэўныя асаблівасці, што адначасова і ўскладняла задачу, і рабіла яе больш цікавай, і вымушала эмацыйна прывязвацца да кнігі. Крышачку, на паўкніжачкі, нырнуць у такі тэкст без магчымасці проста «прабегчы вачыма» — адназначна цікавы досвед.
Кнігі можна паслухаць (ці спампаваць) па наступных спасылках:
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання сёлетніх лаўрэатаў прэміі Гедройца адбудзецца 25 верасня ў прасторы ZAL#2, што ў менскім Палацы мастацтваў. Пачатак цырымоніі — а 19:00.
Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Менску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі.
Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, "Завяршыць гештальт" (2016), Зміцер Бартосік, "Быў у пана верабейка гаварушчы" (2017), Уладзімір Арлоў, "Танцы над горадам" (2018).
Паводле прэс-рэліза