Кнігі, з якімі варта сустрэць вясну

На платформе ulej.by абвешчаны збор сродкаў на выданне дзіцячых кніг пра свет прыроды і сям'і «Хто расце ў парку» і «Хто расце ў садзе».

«Хто расце ў парку» (2016) і «Хто расце ў садзе» (2017) — серыя пазнавальных кніг сучасных украінскіх аўтараў — пісьменніцы Кацярыны Міхаліцынай і ілюстратаркі Аксаны Булы.

Гэта маляўнічыя вызначальнікі дрэваў для маленькіх і вялікіх чытачоў. А таксама невялікія гісторыі пра сямейныя каштоўнасці: пра пошукі кагосьці роднага, пра цёплыя стасункі з бацькамі, пра каханне, спагаду, пра любоў да тых, каго ўжо няма з намі.

«Хто расце ў парку» — кніга пра парастак, які шукае, да каго ён падобны. Парастак знаёміцца з 10 дрэвамі, дазнаецца, як яны выглядаюць, якое ў іх лісце, кветкі, кара і плады, як гуляюць з імі дзеці і ў якіх мэтах выкарыстоўваюць дарослыя. Урэшце парастак знаходзіць сваё дрэва, і разумее, што шчасце — гэта «знайсці ў гэтым свеце кагосьці падобнага да цябе».

Кніга ўвайшла ў міжнародны спіс Белыя вароны (White Ravens) 2016, куды заносяць дзіцячыя кнігі, якія маюць сусветнае значэнне. А таксама яна прызнаная лепшай украінскай кнігай для дзяцей у намінацыі «Проза для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту» паводле «Рэйтынга крытыка 2016».

«Хто расце ў садзе» — кніга пра салоўку, які ўвесну прыляцеў у стары сад і шукае, дзе пабудаваць сабе гняздзечка. Гняздзечка, якое мае нагадваць салоўку пра яго бацькоў, бо тады і спеў ягоны будзе найпрыгажэйшым. Гэта кніга пра насельнікаў старога саду — садовыя дрэвы і кусты, чыя квецень упрыгожвае кожную старонкі кнігі. А таксама пра людзей, якія пасадзілі і даглядаюць гэты сад — дзядулю, бабулю і ўнучку. Пра клопат і любоў, якія не паміраюць, нават калі нехта з сям'і адлятае на нябёсы.

Кнігі будуць выдадзеныя ў выдавецтве «Кнігазбор», вядомым беларускім бацькам па серыі кніг пра Пэтсана і Фіндуса, таму якасць абяцаюць на самым высокім узроўні.

Падтрымаць выданне кніг можна тут.








Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!