Кобрынскія замалёўкі: свята вызвалення і братэрства

У аграгарадку Дзівін на Кобрыншчыне адбыліся святкаванні 74-х угодкаў вызвалення ад нацызму.


У святочным канцэрцэ ў Дзівінскім доме культуры бралі ўдзел мясцовыя жыхары, настаўнікі і вучні сярэдняй школы з эстэтычным ухілам сяла Залісы Ратнаўскага раёну Валынскай вобласці Украіны.

Сустрэча — працяг абмену вопытам у вясковых суполках Украіны і Беларусі праекту «Праз вывучэнне культуры суседняга народу — да ўстойлівага партнёрства і паразумення» ў рамках Еўразвязаўскай праграмы тэрытарыяльнай супрацы краінаў Усходняга партнёрства «Беларусь-Україна».

Залісы — цэнтр сельскай рады на Валыні. Плошча сяла 779 га, а з угоддзямі — 3.843 га. У адным кіламетры на поўнач ад сяла — прасторы возера Тор. На захадзе Залісаў — меліяраваныя землі на месцы раней непраходнай багны. З усходу і поўдня сяло атачаюць вялікія лясы, сярод якіх у чатырох кіламетрах ад Залісаў ляжыць возера Турэчна.

Першая пісьмовая згадка пра сяло адносіцца да 1499 года. Ужо праз два гады ў Залісах было 11 дворышчаў — вялікіх гаспадарак. Цяпер у сяле жывуць каля 1430 чалавек. У школе, заснаванай 14 лістапада 1874 года як царкоўнапрыхадская, навучаецца 141 дзіця.  

Дзівін (па мясцоваму Дывэн) упершыню ўзгадваецца ў дакументах ад 1466 года. З 1642-га мястэчка мела Магдэбургскае права, прычым войта са шляхты прызначаў кароль. Напрыканцы XVII стагоддзя ў Дзівіне дзейнічалі дзве царквы, касцёл, ратуша, два млыны і карчма, праз 200 год — тры царквы, сінагога, габрэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, лячэбніца, пошта, 17 крамаў, маслабойня, 14 млыноў, піцейны дом і шэсць аднадзённых кірмашоў на год.

У 1931 годзу ў Дзівінскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства Польшчы працавалі габрэйская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі. Перад германа-савецкай вайной Дзівін ужо ў БССР — цэнтр раёну (138 населеных пунктаў і больш за 26 тыс. жыхароў). Пад акупацыяй месца знаходзілася з 24 чэрвеня 1941 па 21 ліпеня 1944-га. У аграгарадку пахаваныя 74 савецкія вайскоўцы і 2 партызаны, а таксама 1450 мясцовых жыхароў, расстраляных карнікамі ў 1942-м.

Зараз у Дзівіне больш за 3 тысячы жыхароў, працуюць школы сярэдняя, мастацтваў, спартовая і інтэрнат, дзве дашкольныя ўстановы, лякарня, вэтэрынарная лякарня, Дом культуры, клуб, тры бібліятэкі і пошта. Сярод помнікаў — стаянка і паселішча на возеры Любань, цэрквы Параскевы Пятніцы (1740) і Прачысценская (1902).
 
Гісторыя Дзівіна, які вольна распасцёрся сярод балотаў, лясоў і вазёраў заходняга беларускага Палесся, звязаная з выбітным мясцовым родам Ягмінаў гербу «Пелікан», тры прадстаўнікі якога — Станіслаў, Павел і Фелікс — сыны кобрынскага маршалка Станіслава Ягміна і графіні Паўліны Валовіч прынялі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага і ахвяравалі на гэтую справу вялікія сродкі і свае лёсы. Так, былы афіцэр лейб-гвардыі ўланскага Курляндскага палка расійскага войска Фелікс Ягмін, якому належыў маёнтак Стэфанты каля вёскі Літоўск Кобрынскага павету (зараз — Дарагічынскі раён Берасцейшчыны), умела і адважна кіраваў кавалерыяй у славутым Кобрынскім паўстанцкім атрадзе Рамуальда Траўгута.

За гэта паранены ў баі Фелікс пад час знаходжання на лячэнні ў бацькавым маёнтку Карсуны быў арыштаваны (па іншых сведчаннях, паранены трапіў у палон у баі пад Горкамі — зараз у Любешоўскім раёне Валынскай вобласці), а затым жорстка пакараны царскімі ўладамі — разам са сваім братам Паўлам, якому належыў маёнтак Дзівін у ваколіцах аднайменнай вёскі, быў сасланы ў Ноўгарадскую губерню Расіі на пажыццёвую сібірскую катаргу. Але да Сібіры Фелікс Ягмін не дайшоў — недзе на этапе паміж Казанню і Кунгурам (па іншых сведчаннях каля Цюмені) ён сканаў ад тыфусу ў красавіку 1864 года. Нерухомасць братоў была сканфіскаваная ў казну. Дарэчы, багаты маёнтак Паўла Ягміна Дзівін з ветраным млынам быў ацэнены ў 10 тысяч рублёў срэбрам і даваў каля 1800 рублёў срэбрам гадавога прыбытку. Пацярпеў і трэці брат — Станіслаў, якога саслалі ў Пензенскую губерню Расіі.

Святочны канцэрт быў вельмі цёпла прыняты дзівінцамі, якія хвілінай маўчання ўшанавалі памяць вызваліцеляў і ахвяраў мінулай вайны. Рэй на свяце вялі беларуская і ўкраінская мовы, мясцовыя паэты чыталі свае творы, гучалі духоўныя спевы, беларускія і ўкраінскія народныя песні. Сімвалічным быў завяршальны акорд канцэрту — выкананне на скрыпцы мелодыі з рэпертуару знакамітага ўкраінскага рок-гурта «Океан Ельзи».

Асаблівае замілаванне выклікала праграма ўкраінскага дзіцячага духоўнага хору «Передзвін», створанага духоўнікам Залісаўскай школы айцом Валянцінам разам з жонкай Таццянай. Хор з’яўляецца дзейным апірышчам маральнага, эстэтычнага і патрыятычнага выхавання юных украінцаў на глебе роднай мовы, рэальнай, а не прыдуманай гісторыі, традыцыйнай народнай культуры. Паколькі дзеці жывуць гэтымі каштоўнасцямі, іхная мастацкая творчасць вылучаецца надзвычайнай шчырасцю, узнёсласцю, любоўю да людзей і Бацькаўшчыны…

Спадзяюся, што святочны канцэрт ў Дзівіне надоўга застанецца ў памяці гаспадароў і гасцей, як узор спрадвечнага братэрства беларускага і ўкраінскага народаў на нашым шляху да сапраўднай волі і незалежнасці.

За цудоўную творчую падзею неабходна выказаць падзяку яе арганізатарам, у першую чаргу Веры Пікула, Святлане Куцэвіч, Алене Мезенцавай, сужэнцам Кас’янчукам — айцу Валянціну і ягонай жонцы Таццяне, а таксама Віктару Карэцкаму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Уладзімір
  • 2018-09-11 12:31:20
Чаму ў артыкуле няма даты мерапрыемства?