«Код 25.03.18». У Мінску адкрылася выстава да #БНР100 (фота)

У сталічным Палацы мастацтваў адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю БНР.  Багатая экспазіцыя карцін, гравюр, лінарытаў, скульптур і інсталяцый, аб’яднаных важнейшай для беларусаў тэмай захавання тоеснасці і нацыянальнага адраджэння, працуе на другім паверсе Палаца.

На вернісажы было багата наведнікаў, шмат хто з якіх прыйшлі ва ўрачыстых, святочных строях. Сярод прысутных былі заўважаны рэжысёр Валеры Мазынскі, Вінцук Вячорка, Генадзь Лойка, многія аўтары выстаўленых карцін.


«100 гадоў аднаўлення нашай дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь — гэта дата, якая павінна быць у генетычным кодзе кожнага беларуса. Таму наша выстава называецца «Код 25.03.18». Віншую ўсіх са стагоддзем Беларускай Народнай Рэспублікі! Мы будзем адзначаць культурніцкімі і мастацкімі імпрэзамі 100-годдзе БНР увесь 2018 год», — адзначыў на адкрыцці выставы кіраўнік Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.


Наведнікі выставы апладысментамі сустрэлі выступ паэта і грамадзяніна Уладзіміра Някляева. У сваёй эмацыйнай прамове ён сказаў у прыватнасці: «Любая дзяржава ва ўсе часы і вякі чаплялася за любую магчымасць паглыбіць сваю гісторыю. Няма гісторыі — няма будучыні. Без каранёў не вырасце тое дрэва, над якім будзе лунаць наш бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй. Хай са скрыпам, хай цяжка, але ўсё-такі праз 100 гадоў, пасля таго сталася БНР, яна нарэшсце зноўку, са сцятымі зубамі, але прызнаная на беларускай зямлі! І прызнаная найперш яна тут, вось гэтай мастацкай хваляй, якая заўсёды ідзе наперадзе усяго».



«Вельмі добрыя, энэргетычна моцныя і глыбокім сэнсам працы. Бачна, што мастакі ішлі да гэтай выставы не адзін дзень і месяц», — выказаў меркаванне Валеры Мазынскі.

«Сто гадоў не было такой выставы! Першы раз такая маштабная выстава, прысвечаная такой знаменальнай даце. Да 1995 суполка мастакоў «Пагоня» рэгулярна адзначала гадавіну БНР выставай. Потым гэта традыцыя перарвалася…», — падзяліўся ўражаннямі мастак Алесь Марачкін.

«Калі я прывёз сюды свае скульптуры, тут не было ніводнай падстаўкі. Сёння прыходжу — усё ідэальна. Мае скульптуры красуюцца на пастаментах. Дзякуй вялікі арганізатарам!» — кажа скульптар Генік Лойка.

Выканаўца і кампазітар Макісм Іўкін супольна з наведнікамі выставы выканаў гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Музычную частку імпрэзы таксама забяспечваў гурт «Балцкі субстрат» разам з Ганнай Амосавай.


Выстава «Код 25.03.18» будзе працаваць у Палацы мастацтваў (вул. Казлова, 3) да 15 красавіка.

У гэты ж дзень да 70-годдзя мастака Алеся Цыркунова адкрылася ягоная персанальная выстава з трыццаці твораў. Ягоныя палотны, прысвечаныя стагоддзю абвяшчэння незалежнасці БНР, выстаўленыя на першым паверсе Палаца мастацтва.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • таня
  • 2018-04-05 15:40:12
Спасибо за информацию