«Код прысутнасці» і «Цытуй сваё»: прэзентацыя ў Гомелі

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» запрашаюць на сустрэчу з філосафамі Максімам Жбанковым і Паўлам Баркоўскім, падчас якой будуць прэзентаваныя выдавецкія праекты Году беларускага мыслення – анталогія «Код прысутнасці» і зборнік «Цытуй сваё».

Невялічкі, амаль кішэнны варыянт зборніка «Цытуй сваё» паўстаў у лютым 2016 году як вынік працы шэрагу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, ён прадстаўляе сабой збор цытатаў беларускіх мысляроў, мастакоў, культурных і грамадскіх дзеячоў. Анталогія беларускага мыслення «Код прысутнасці», выдадзеная Лятучым ўніверсітэтам і Беларускім Калегіюмам, пабачыла свет у красавіку 2016 году. Сабраныя ў ёй амаль два тузіны тэкстаў самых розных жанраў і стыляў ствараюць панараму імёнаў, думак, канцэптаў, якія вызначалі інтэлектуальны пошук беларусаў за апошнія 15 год. Розныя па фармаце і змесце, гэтыя два выдавецкія праекты кожны па-свойму прад’яўляюць беларускую думку шырокаму колу грамадства і робяць мысленне фактам і падзеяй беларускай культуры. І кожны з іх задае асаблівую оптыку нашага погляду на інтэлектуальнае жыццё новага тысячагоддзя.

Якое яно — сучаснае беларускае мысленне? Якія ідэі і адметнасці задаюць яго стыль, вызначаюць яго «беларускасць» і «сучаснасць»? Якія героі, знакавыя падзеі ствараюць разнастайнасць зместу? Якія тэмы найбольш хвалююць інтэлектуалаў?


Паспрабуем шукаць адказы на гэтыя пытанні, разважаць і спрачацца пра пакручасты лёс мыслення, пра яго паўставанне і сталенне ў гутарцы з тымі, хто непасрэдна стварае прастору мыслення – аўтарамі тэкстаў, ініцыятарамі цікавых інтэлектуальных праектаў і ўдзельнікамі шматлікіх дыскусій: культуролагам і філосафам Максімам Жбанковым і філосафам Паўлам Баркоўскім. На прэзентацыі можна будзе набыць Анталогію, а аўтары самых цікавых пытанняў філосафам атрымаюць у падарунак зборнік «Цытуй сваё».

Імпрэза адбудзецца 9 лістапада ў гомельскім Тайм-клубе «Флэт» (вул. Галавацкага, 19, гатэль «Надзея», 2-гі паверх), пачатак а 18.00. Каардынатар сустрэчы ў Гомелі — Яўген Меркіс:  +375447494166

Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да падзеі!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: