«Код прысутнасці» прэзентуюць у Мінску

18 траўня Лятучы ўніверсітэт і Беларускі Калегіюм прэзентуюць Анталогію беларускага мыслення 2000-2015 гг., якая пабачыла свет пад назвай «Код прысутнасці».


Прэзентацыя адбудзецца ў Галерэі Ў, пачатак а 18.30


«Магчыма, самае галоўнае, што адбылося ў жыцці краіны за апошні час, — гэта з’яўленне дыскурса сучаснага беларускага мыслення. Бо без яго Беларусь ніколі не змагла б зразумець і ўпарадкаваць самую сябе», — гэтыя падсумаванні Валянціна Акудовіча датычаць часу ўзнікнення такіх знакавых для інтэлектуальнай гісторыі Беларусі праектаў, як Энцыклапедычная серыя пад рэдакцыяй А.Грыцанава і “Анталогія сучаснага беларускага мыслення” пад рэдакцыяй А.Анціпенкі і В.Акудовіча.


Каштоўнасць анталогій не толькі ў тым, што яны паказваюць багацце і разнастайнасць фактуры. Яны ствараюць пэўную праекцыю, даюць нам оптыку, якая дазваляе ўбачыць сітуацыю ў паўнаце, цэласна, пазначае адметнасць і адрознасць гэтага перыяду у параўнанні з папярэднім.


Надышоў час зрабіць наступны “зрэз” і ўбачыць той інтэлектуальны і культурны даробак, які прынеслі нам 2000-20015 гады. Другі выпуск Анталогіі беларускага мыслення выходзіць пад назвай “Код прысутнасці”, самой гэтай намінацыяй пазнаючы новы этап існавання беларускага мыслення, яго сталенне і фармаванне выразных рысаў. У кнізе сабраныя тэксты розных жанраў і стыляў — тут і маніфесты, і метафізычныя развагі, крытыка падыходаў і рэакцыя на выклікі сучаснага свету, паглыбленне ў карані цывілізацыі ад самага пачатку і асэнсаванне Беларусі “якой яна ёсць”.


18 траўня а 18.30 у Галерэі Ў адбудзецца прэзентацыя Анталогіі беларускага мыслення “Код прысутнасці”. Сярод выступоўцаў і ганаровых гасцей - сябры рэдакцыйнай рады Тацяна Вадалажская, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Павел Баркоўскі, аўтары тэкстаў, якія ўвайшлі ў Анталогію, а таксама іх блізкія і родныя. Вядоўца імпрэзы — Максім Жбанкоў.


Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да падзеі — адчуць атмасферу інтэлектуальнага асяроддзя, сустрэцца з вядомымі мыслярамі, набыць кнігу і атрымаць аўтографы аўтараў.


З пытаннямі звяртайцеся да каардынатара імпрэзы Галіноўскай Юліі: +375297422040, julia.hurska@gmail.com


Паводле інфармацыі з прэс-рэліза.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!