«Колер Беларусі» ў Віцебску

Выстава Міхала Анемпадыстава адкрыецца 18 красавіка


Мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў прадставіць сваю выставу «Колер Беларусі» ў Віцебску. На адкрыццё запрашаюць Лятучы ўніверсітэт і грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Выстава «Колер Беларусі» прайшла ў сакавіку ў Мінску, а цяпер візуальную частку свайго вялікага даследвання — аб'екты-носьбіты ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі — Міхал Анемпадыстаў прадставіць у Віцебску.

“Я ўзяў сабе за мэту напісаць гісторыю тэмы колераў, і ілюстрацыі, якія прадстаўлены на гэтай выставе, будуць выкарыстаны пры выданні маёй кнігі. Я вырашыў не даваць каментароў да здымкаў, каб пакінуць гледачоў сам-насам з візуальным шэрагам гэтай выставы. Дзеля таго, каб прысутныя маглі звязаць свае адчуванні колераў з тымі ўспамінамі, якія ёсць у кожнага з нас. Адчуць праз колер візуальную сувязь з гэтымі аб’ектамі і рэчамі, з эмацыйным настроем, які я імкнуўся перадаць на гэтых выявах, структурах. Пра кожны з гэтых колераў можна напісаць па цэлым эсэ ці брашуры. З гэтым пагодзіцца кожны, хто хоча зразумець беларускую культурную традыцыю,” — сказаў аўтар у адным з інтэрв’ю з нагоды выставы.

Якія колеры складаюць палітру беларускага асяроддзя? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі, і як пераасэнсавалі? Што такое увогуле “колер” і чаму ён феномен культуры? Якім чынам колеры фармуюць і ўплываюць на нашу самаідэнтычнасць?

Запрашаем шукаць адказы на гэтыя пытанні і спазнаваць разнастайнасць колераў нашай культуры, іх адценняў і прыродных форм разам з аўтарам, мастаком і дызайнерам Міхалам Анемпадыставым. Падчас адкрыцця выставы 18 красавіка аўтар правядзе імправізаваную экскурсію. Творчы цэнтр VZAP (вул. Кастрычніцкая,2), пачатак а 17.00.

Выстава будзе працаваць да 25 красавіка.

Уваход вольны.

Чакаем вас!

Інфалінія:  +375259133876

Міхал Анемпадыстаў — культурны дзеяч, дызайнер, графік, паэт, аўтар тэкстаў і канцэпцыі праекта «Народны Альбом».

Выстава «Колер Беларусі» у Віцебску ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE і грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: