«Конікі бягуць»: як у Давыд-Гарадку адгулялі Шчадрэц

Ужо больш за сто гадоў увечары 13 студзеня па Давыд-Гарадку бегаюць «Конікі» — гэта традыцыйны абрад, які летась атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, піша Еўрарадыё.
У Шчодры вечар пад Стары Новы год з шафаў і сямейных куфараў дастаецца абрадавая атрыбутыка — маскі барана, казы, смерці, мядзведзя, чорта, бусліка, быка, воўка, крылы анёла, вопратку Дзеда і Бабы ды вершніка, які едзе па мястэчку на коніку. Коніка робяць з двух злучаных між сабой лазовых кошыкаў, морду і шыю — з валёнка, на які нацягваецца белая тканіна — «коленшчына» па-мясцоваму, вочы малююць вуглём.

Як толькі на небе з'яўляецца першая зорка, па мястэчку ляліць гук рога і дае старт святу. Гуртоў, на чале якіх бяжыць конік, у Давыд-Гарадку ў гэты вечар багата. Яны спыняюць машыны і мінакоў і просяць гасцінцы. І, натуральна, ходзяць па дварах: пад вокнамі, з дазволу гаспадароў, спяваюць толькі адну песню — «Там стаяла сосна тонка, высока. Шчодры вечар!», танчаць пад гармонік ды бубен, жадаюць дабра, багацця і «коб за год дождалі». Калі гаспадары не хочуць прымаць «Конікаў», то ў хаце выключаюць святло. Але такіх няшмат: на Палессі дагэтуль людзі чакаюць дзяцей і дарослых, якія ходзяць у Каляду ці Шчодрыка, рыхтуючы надоечы гасцінцы ды грошы.

«Скарбнік (той, хто насіў "дары" і заходзіў у хату па пачастункі і грошы, — рэд.) першы ўваходзіў у кожную хату, Бусел выхваляўся доўгай чырвонай дзюбай, Баран паказваў крутыя рогі, Дзед граў на гармоніку, Баба патрэсвала шанькай, высокая Смерць у белым балахоне весела пагражала драўлянай касой, Чорт скакаў на дзеркачы, Казёл біў у бубен, Мядзведзь штосілы дзьмуў у рог... Усё шчырае і крыху страшнае, знаёмае і кожны раз нязвыклае, зразумелае і поўнае таямніцы... З прытупамі, скокамі і прычворамі, як кажуць у Давыд-Гарадку, бегалі ўвесь вечар ад хорткі да хорткі (ад вакна да вакна), ад хаты да хаты... Бегалі да позняй ночы, а то і ўсю ноч. У нас так і кажуць “конікі бегалі”. Яны і зараз бегаюць, нават цяжка палічыць, колькі ж гуртоў збіраецца штогод у Давыд-Гарадку!» — узгадвае паэт Леанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку і ў дзяцінстве сам удзельнічаў у абрадзе.

Цікава, што ў «Конікі» дагэтуль ходзяць цэлымі сем'ямі і вуліцамі. У той жа час сваё Свята ладзіць і мясцовы Дом культуры, запрашаючы ў Давыд-Гарадок розныя калектывы з Беларусі і замежжа. Усе гурты сустракаюцца на вуліцах. Карнавальнае шэсце працягваецца да апоўначы. Глядзіце, які гэта было сёлета.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: