Конкурс беларускіх кінафестывальных постараў

Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе ў Мінску ў кінатэатры «МІР» з 10 па 17 мая, рыхтуе да свайго 5-годдзя шмат цікавых сюрпрызаў і актыўнасцей.
Сёлета мы сумесна з нашымі партнёрамі B2B DOC – Black to Baltic Sea Documentary Network (Швецыя) і Міжнародным кінафестывалем дакументальных фільмаў у Іглаве (Чэхія, Jihlava IDFF) абвяшчаем конкурс беларускіх фестывальных постараў.

Ідэя такога конкурсу з’явілася на кінафестывалю ў Іглаве, які вось ужо каля 10 гадоў праводзіць злёт міжнародных кінафестываляў Festival Hub у межах сваёй праграмы.

«У 2018 годзе я была запрошаная прадстаўляць кінафестываль «Паўночнае ззянне» ў Іглаве. Разам з «Паўночным ззяннем» свае канцэпцыі прадстаўлялі Berlinale Talents (Германія), Цэнтр Пампіду (Францыя), Marché du Film (Каны, Францыя) і іншыя. Праз вопыт супрацоўніцтва і сяброўства апошніх гадоў «Паўночнае ззянне» распачынае цудоўную традыцыю сяброўскага чэшскага кінафестывалю ў Беларусі».

Мэта конкурсу фестывальных постараў «Паўночнага ззяння» – паспрыяць кансалідацыі фестывальнага руху ў Беларусі, аб’яднаць існуючыя ў нашай краіне кінафестывалі, каб яны маглі адладзіць сталую камунікацыю, абменьвацца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Дырэктар/ка ці праграмны/ая дырэктар/ка фэсту-пераможцы атрымае паездку на некалькі дзён у Іглаву на кінафестываль у кастрычніку 2019 года і будзе запрошаны/ая да ўдзелу са сваім фестывалем у праграму Festival Hub.

Так «Паўночнае ззянне» разам са сваімі партнёрамі хоча зрабіць свой унёсак у распаўсюджванне інфармацыі пра кінематаграфічнае жыццё ў Беларусі, даць магчымасць калегам пашырыць кола кантактаў і станоўча паўплываць на кінематаграфічны мікраклімат краіны ў цэлым.

У журы конкурсу фестывальнага постара «Паўночнага ззяння» уваходзяць: дызайнер Юрый Тарэеў, рэжысёр Макс Швед, незалежная крэатыўная дырэктарка Вера Філенка.

Працы прымаюцца да 25 красавіка.

Вынікі будуць абвешчаныя ў дзень закрыцця кінафестывалю «Паўночнае ззянне» — 17 мая!


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!