Корж несямейны. Чаго рабіць у хаце, калі там недзе паці?

Вокладка гэтага альбому ўводзіць у зман — герой Каржа на прыстойнага сям’яніна не выглядае. Шлюбам ён пабраўся ды дзіця завёў, але апанаваў яго галімы быт і аддаецца ён марам збегчы на флэт, каб тамака ўх..ярыцца ды заснуць у ванне.



Нягледзячы на вонкавую нязмушанасьць, забаўляльнасьць і дурасьць песенак, у “Хатнім” уздымаецца сур’ёзная праблема – абсалютная непадрыхтаванасьць пакаленьня Каржа (25+) да сур’ёзнага жыцьця. Самы модны хлопец на раёне, заўсёднік паці і ўлюбёнец дзяўчат ці то з залёту, ці то з неабходнасьці завёў сям’ю і стаў пачварай і тыранам, ад імя якога пяецца ў некалькі даволі брыдкіх з пасылу трэках з гэтага дыску. Думка наконт таго, якой халеры я тут раблю ў хаце, калі там недзе паці, паўтараецца зь песьні ў песьню і паступова героя становіцца шкада, бо выглядае ён кончаным ідыётам. Праўда, надзея на яго сацыяльнае аздараўленьне ёсьць – ён дае абяцаньні заўтра стаць іншым ды навучыцца разруліваць праблемы, а ў час такой чаканай паездкі ў Амстэрдам наогул канстатуе сваю прытомленасьць “жывёльным сьветам забаваў”. Песьня гэтая, дарэчы, арганічна магла ўпісацца ў рэпертуар Brutto, каб ня словы «я не гонюсь за ЗОЖ».

У музычным пляне альбом Каржа – поўнае расчараваньне. Ён і блізка не стаіць у гэтым пляне з папярэднім “Жывёльным сьветам”. Праца пакідае ўражаньне зробленай насьпех, выпакутаванай, нацягнутай. Нібы пісаўся матэрыял зь пільнай патрэбы, а не з пакліканьня, бо неабходна было зрабіць у азначаны тэрмін прадукт і дагадзіць сваёй аўдыторыі. Ледзьве восем арыгінальных трэкаў нацягнулася.

Па выданьні “Хатняга” Корж апынуўся на яўным раздарожжы. Прысьпеў той момант, калі выбар трэба рабіць, хоць і ня вельмі хочацца. Альбо працягваць экслюатаваць тэму ад імя недаробка-інфантыла на патрэбу аўдыторыі – чарговы раз прахрыпець “Я убью тебя, малая”, скаціцца ў поўны шансон ды выглядаць пародыяй на самога сабе. Альбо пасталець разам з аўдыторыяй ды падцягнуць яе да іншага ўзроўню – зрабіць нешта каардынальна новае, смачнае як у пляне канцэптуальным, так і музычным.

Ідэя: 5
Выкананьне: 6
Тэксты: 5
Запіс: 7
Аздабленьне: 8


Сяргей Будкін

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: