Космас наш! У Мінску стартаваў «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам»

У чацвёрты раз у мінскім Палацы мастацтва распачаўся «Восеньскі салон». Сёлета найбуйнейшы арт-праект сталіцы разам з індывідуальнымі работамі мастакоў прапануе на выставе-продажу творы мастацтва з галерэй і прыватных калекцый.  


На працягу месяца наведвальнікаў выставы таксама чакаюць майстар-класы, экскурсіі, тэатральныя пастаноўкі і лекцыі айчынных ды замежных экспертаў.

Жывапіс, графіка, скульптура, арт-аб’екты, фота… У гэтым годзе на ўдзел у «Восеньскім салоне» падалі рэкордную колькасць заявак за ўвесь час існавання праекту — 456. Але ўдзельнічаюць у ім толькі 124 аўтары, сярод якіх большасць — жанчыны.
Прыцягваюць увагу работы, прысвечаныя космасу. Беларускі збор дэвіянтнага мастацтва «Космас наш» прадстаўлены Канстанцінам Ладошкіным. Мастак паказвае першых сабак, якія паляцелі ў Космас, і саміх касманаўтаў савецкай эпохі.  

Працягвае скараць гледачоў сваімі працамі Аляксандр Бельскі. Сёлета мастак прапануе падзівіцца на «Сустрэчу на высокім узроўні» з галоўным персанажам карціны Дартам Вейдэрам.

Эка-арт праект «Sustainable Development Goals» прадставіла Арт-група «12». Яго стваральнікі звяртаюць увагу на сучасныя экалагічныя праблемы праз скульптуру і відэа-арт. Інсталяцыя з палусферамі з ядрамі Зямлі адпавядае 17 мэтам устойлівага развіцця. Сярод глабальных праблемаў, якія неабходна вырашыць да 2030 года — ліквідацыя беднасці і голада, захаванне марскіх экасістэм, барацьба з змяненнем клімата. Калі сумясціць усе 17 частак інсталяцыі, атрымаецца непадзельны арганізм, адзіны на ўсіх людзей свет, дзе кожны чуе і разумее адзін аднаго, пакідаючы ўласны след у гісторыі планеты.

«Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» працягнецца да 4 лістапада. Завітвайце ў Палац мастацтва з 11 да 20 гадзін, ён працуе штодня. Праграма мерапрыемстваў тут.

Фота і відэа аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!