«Кошчын дом» са спевамі і лялькамі

Якасны, цікавы і сучасны спектакль для дзяцей знайсці ў афішы часам няпроста. У рэпертуары тэатраў лялек і драматычных свае перлінкі, безумоўна, ёсць, а вось з музычнымі калектывамі ўсё крыху складаней. Ставіць для дзяцей увогуле няпроста, што ж казаць пра музычны спектакль, ды не «казку з музыкай», а такія жанры, як опера ці балет.
У Вялікім тэатры Беларусі, дзе рэпертуар для дзяцей у параўнанні з яго «дарослай» часткай пакуль выглядае сціпла (два балеты і чатыры оперы), вырашылі выправіць становішча і звярнуць больш пільную ўвагу на малых гледачоў, з якіх ужо сёння варта пачынаць выхоўваць будучых опера- ды балетаманаў. Першай ластаўкай у гэтым кірунку стала прэм’ера оперы Паўла Вальдгарта «Кошчын дом» па матывах казкі Самуіла Маршака, якая адбылася 14–15 сакавіка.

Спектакль стаў рэжысёрскім дэбютам на вялікай сцэне для маладой пастаноўшчыцы Дар’і Пататурка. У якасці асістэнта рэжысёра яна працавала ў Вялікім над операмі «Рыгалета», «Пікавая дама», «Сельскі гонар» ды інш., ставіла канцэрты, але «Кошчын дом» — яе першая самастойная «паўнафарматная» работа. У тандэме з рэжысёркай працавала мастачка Кацярына Шымановіч, добра вядомая па спектаклях «Радзіва Прудок», «Шляхціц Завальня» і «Кароль Лір» у Купалаўскім тэатры. Вынік іх працы аказаўся вартым: у рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі з’явілася опера для дзяцей, якая, нягледзячы на тое, што сам музычны твор быў напісаны каля паўстагоддзя таму, выглядае сапраўды сучасна.

Нетрывіяльны падыход пастаноўшчыкаў адчуваецца яшчэ да таго, як адкрываецца заслона. Праграмка да «Кошчынага дома» зроблена ў выглядзе дамка, і дзеткі на прэм’еры з цікаўнасцю разглядалі і знаёміліся з ёй, бо яна ўтрымлівае не толькі кароткі змест оперы, а таксама цікавыя факты пра галоўных герояў спектакля — катоў. З яе малеча можа даведацца, напрыклад, што кожная жывёлінка мае адметны малюнак носіку і валодае выдатным слыхам. Прысутнічае і ненавязлівы выхаваўчы момант: намаляваныя персанажы оперы распавядаюць пра небяспечнасць гульняў з агнём (згадайма, што сталася з Кошчыным домам), неабходныя дзеянні пры пажары.

Не менш арыгінальным з’яўляецца і ўласна спектакль. На прэс-канферэнцыі рэжысёрка і мастачка прызналіся: у сваёй рабоце над «Кошчыным домам» яны акунуліся ў дзяцінства і імкнуліся рабіць тое, што было б цікава ім самім, і, канечне, дзецям. Менавіта таму ў якасці асновы сцэнаграфічнага рашэння быў абраны дзіцячы канструктар — простыя геаметрычныя формы, з якіх складаюцца дэкарацыі спектакля. Такое афармленне разам з выкарыстанымі Кацярынай Шымановіч яркімі колерамі занурае ў атмасферу гульні, натуральную для дзяцей, і, адначасова, уводзіць іх у свет тэатральнай умоўнасці. Абраны ж пастановачны прынцып — у «Кошчыным доме» спалучыліся оперны жанр і тэатр лялек — падтрымлівае тэму гульні і з’яўляецца асноўнай адметнасцю спектакля.

Галоўных герояў казкі ўвасабляюць вялікія плоскасныя планшэтныя лялькі, а вакалісты, якія іх аніміруюць, выступаюць «у жывым плане» толькі ў асобныя рэдкія моманты. Меншыя па памеры і крыху іншыя па канструкцыі лялькі прыдуманы для артыстаў хора (зайцоў, вожыкаў, баброў) і выхаванцаў Дзіцячага музычнага тэатра-студыі — куранятак ды парасятак. Пры гэтым і лялькі, і касцюмы-камбінезоны для артыстаў вытрыманы ў заяўленай дэкарацыямі эстэтыцы. Умоўныя, але пазнавальныя лялькі, здаецца, таксама сабраны з простых геаметрычных формаў: да целаў-авалаў «прымацаваны» рухомыя лапкі, крыльцы, хвосцікі, галовы з вачыма-кружочкамі. Касцюмы-камбінезоны адрозніваюцца толькі колерамі — такімі ж насычанымі, чыстымі, як і выкарыстаныя ў дэкарацыях, ды асобнымі элементамі: вушкамі, рожкамі ці грабеньчыкамі. Стыль Кацярыны Шымановіч, яе схільнасць да лаканічных формаў, любоў і ўменне працаваць з колерам, у гэтай рабоце пазнаецца вельмі добра.

Сучасную пастаноўку складана ўявіць без медыятэхналогій, і ў «Кошчыным доме» яны выкарыстаны трапна і дарэчна (мастак па святле і аўтар відэакантэнту Сяргей Навіцкі). Дзякуючы праекцыі простыя белыя паралелепіпеды ператвараюцца ў піяніна, люстэрка альбо акенца, куды заглядаюць маленькія Кацяняты.
Верагодна, настолькі багаты візуальна спектакль спадарыня Пататурка вырашыла не «перагружаць» дадатковымі пастановачнымі прыдумкамі, ды сапраўды арыентавалася на самых маленькіх гледачоў, якім будзе лёгка ўспрымаць сюжэт і цікава разглядаць лялькі ды дэкарацыі. Аднак рэжысёркае рашэнне часам усё ж падаецца занадта спрошчаным, а мізансцэны — некалькі аднастайнымі і статычнымі. Тут, думаецца, сваю ролю адыгралі асаблівасці канструкцыі лялек, якія могуць працаваць толькі франтальна ды маюць абмежаваныя магчымасці пластычнай выразнасці.

Але такія невялікія пытанні не псуюць агульнага ўражання ад «Кошчынага дома». Самыя малыя гледачы не стомяцца на спектаклі, бо ён вельмі кампактны: два акты па 20 хвілін раздзеленыя антрактам. Музычныя фрагменты чаргуюцца ў оперы з рэчытатывамі, і варта адзначыць, што ў выкананні занятых у спектаклі артыстаў яны гучаць разборліва і зразумела. Героі «Кошчынага дома» таксама атрымаліся досыць выразнымі, напрыклад, легкадумная і павярхоўная, але зусім не злосная прыгажуня Кошка (Алена Бундзелева) ці Свіння (Настасся Кардаш) з яркай моўнай характарыстыкай. Да таго ж у простым сюжэце оперы ясна і недвухсэнсоўна акцэнтавана тэма дабрыні, шчырасці, якія, у адрозненне ад багацця і ліслівасці, і робяць чалавека па-сапраўднаму прыгожым. Ды і «саюз» розных відаў тэатра, што, па меркаванні рэжысёркі, павінен садзейнічаць утрыманню ўвагі малых гледачоў (опера мае пазнаку 0+), здаецца, сапраўды працуе, бо на адным з прэм’ерных паказаў у зале панавала цішыня і дзеткі з цікавасцю сачылі за дзеяннем.  

«Кошчын дом» можна назваць пераканаўчым сведчаннем таго, што давер тэатра да маладых пастаноўшчыкаў, эксперыменту дае плён. І з’яўленне такога спектакля ў афішы Вялікага трэба толькі вітаць, як і планы яго кіраўніцтва па далейшым пашырэнні дзіцячага рэпертуару (на канец 2020 года запланавана прэм’ера оперы «Пінокьё»). Галоўнае, каб гэтыя задумкі былі рэалізаваны, а «Кошчын дом» ды іншыя спектаклі для дзяцей з’яўляліся ў афішы тэатра як мага часцей.

У матэрыяле выкарыстаны фота Міхаіла Несцерава. Здымкі прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: