«Краіна Вымярэнія» — займальная адукацыя праз казку

Спецыяльна да новага навучальнага года выдавецтва «Кнігазбор» падрыхтавала кнігу «Краіна Вымярэнія», аўтар — Алег Грушэцкі.

Праз казачныя гісторыі дзеткі маюць магчымасць даведацца пра спосабы і адзінкі вымярэння (даўжыня, шырыня, вышыня), вагі і аб’ёму (кілаграмы, літры), адзінкі вымярэння часу (гадзіны, хвіліны), а дзякуючы беларускім прымаўкам і прыказкам спазнаюць, чым адрозніваюцца месяцы і поры года.

І ўсе гэтыя веды пададзены не ў сухой навучальнай форме, а праз казачныя апавяданні, дзе галоўныя героі – жыхары казачнага лесу (мядзведзь, вожык, зайка, ліска, лось, вавёркі і інш.). Кожнае апавяданне сканчаецца плыўным пераходам у наступную тэму, утвараючы такім чынам адзінае арганічнае цэлае, дзе ўсе гісторыі паміж сабою лагічна злучаны.
Кніга разлічана для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Набыць яе можна ў кнігарнях Мінска — «Акадэмкніга», «Цэнтральная», «Веды», «Светач», «Кнігарня пісьменніка», у краме «Мой модны кут» (у ГЦ «Маскоўска-Венскі»), а таксама з рассыланнем па Беларусі і свеце праз Інтэрнэт-кнігарню Knihi.by. Цягам тыдня кніга з'явіцца ва ўсіх вялікіх кнігарнях Беларусі.

Пра аўтара:

Аўтар кнігі — Алег Грушэцкі. Бацька траіх дзяцей — двух сыноў і дачкі. Дачка — выхаванка беларускамоўнага садка, сёлета ідзе ў першы клас. З большага, дзякуючы дачцы і дзеля яе, аўтар і напісаў кніжку, бо падобнай літаратуры на беларускай мове не стае. Алег Грушэцкі — журналіст, літаратар, публіцыст. Піша вершы і казкі на беларускай мове. Працоўную дзейнасць пачынаў са старэйшага завадатара ў школе, актыўны ўдзельнік першага беларускамоўнага летніка «Грунвальд», кіраваў дзецьмі-скаўтамі, друкаваўся ў «Настаўніцкай газеце», супрацоўнічае з «Новым Часам». Жонка — педагог, працавала выхавальніцай у беларускамоўным садку.

Ілюстрацыі ў стварыў таленавіты мастак Віктар Козел, выкладчык па маляванню ў Крупіцкай школе мастацтваў. Таксама шматдзетны бацька — мае траіх выдатных лапачак-дочак.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!