Краязнаўца Ігар Ціткоўскі прадставіў у ТБМ свае малюнкі і афорты па гісторыі архітэктуры Слуцка

У рамках працы гуртка «Размаўляем па-беларуску» сябры слуцкага Таварыства беларускай мовы нярэдка запрашаюць цікавых людзей. Звычайна гэта прафесіяналы ў той альбо іншай галіне дзейнасці, якія добра валодаюць беларускай мовай. 18 красавіка на чарговым занятку сябры ТБМ і госці сустрэліся з мастаком – педагогам і краязнаўцам Ігарам Ціткоўскім.
Ігар Адамавіч – адмысловец і энтузіяст. З’яўляецца аўтарам шматлікіх работ па гісторыі і культуры Случчыны. Некаторыя з іх апублікаваныя асобнымі выданнямі, іншыя друкаваліся ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах.
Удзельнікі імпрэзы змаглі візуальна пазнаёміцца з такімі буйнымі творамі Ігара Адамавіча як «Мастацтва Случчыны», «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры», «Храмы Случчыны» і іншымі. Таксама краязнаўца прадставіў гледачам частку сваіх графічных работ па гісторыі архітэктуры горада. Гледзячы на малюнкі і афорты, пачынаеш разумець, якую гіганцкую даследчую працу прыйшлося выканаць мастаку, каб увасобіць зніклыя архітэктурныя помнікі ў мастацкіх вобразах.
Асаблівую ўвагу ў слухачоў выклікала гісторыя былога камерцыйнага вучылішча, у якім яшчэ нядаўна працаваў завод па вытворчасці кансерваў. Ігар Адамавіч распавёў, што ўзнікненне ў Слуцку гэтай навучальнай установы было звязана з ростам патрэбы ў адукаваных людзях, якія ўмеюць пісьмова весці бізнес. Прыклалі намаганні ў справе арганізацыі вучылішча і Эдвард Вайніловіч, ганаровы суддзя Слуцкага павета, і Вацлаў Залескі, уладальнік маёнтка ў Рачкавічы.
Так выглядала Слуцкае камерцыйнае вучылішча. Фота: Вікіпедыя

Так выглядала Слуцкае камерцыйнае вучылішча. Фота: Вікіпедыя

Камерцыйнае вучылішча было заснавана ў 1909 годзе, першапачаткова гэта быў драўляны будынак. Тады ж на заходняй ускраіне горада па вуліцы Шашэйнай (цяпер – Леніна) пачалося ўзвядзенне з цэглы новага навучальнага корпуса. З 1912 года заняткі праходзілі там. Пасля рэвалюцыйных падзей і грамадзянскай вайны будынак быў не ў лепшым выглядзе і адноўлены толькі ў 1924 годзе пры савецкай уладзе. На той час гэта было самае прыгожае і высокае збудаванне ў горадзе. Некаторы час тут размяшчаліся прафсаюзы і Дом культуры, пасля – педагагічны тэхнікум, рэрганізаваны ў педвучылішча ў 30-х гадах. Немцы таксама выкарыстоўвалі гэты будынак для розных мерапрыемстваў. Паводле краязнаўца, тут нават некаторы час працавала нямецкая разведшкола.  
Вучылішча сёння

Вучылішча сёння

Як і іншыя будынкі горада, падчас вайны ён быў вельмі пашкоджаны і не адразу адноўлены. Жыхары нават пачалі расцягваць цэглу для сваіх патрэбаў. Пасля аднаўлення туды на кароткі час засяляліся розныя ўстановы. Пасля адпаведнай перапланіроўкі з 1961 года тут запрацаваў кансервавы завод, тэрыторыя вакол яго абрасла дататковымі вытворчымі карпусамі. Сам будынак камерцыйнага вучылішча быў прызнаны помнікам архітэктуры.
Пасля закрыцця завода многія вытворчыя памяшканні ўжо разбураныя, будучы лёс камерцыйнага вучылішча яшчэ не вызначаны. Беларускія мастакі, выхадцы са Слуцка, прапаноўваюць адрэстаўраваць будынак і стварыць там культурны і мастацкі цэнтр. Гарадскія ўлады таксама не супраць такога праекту, але патрэбныя інвестыцыі.  







Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!