Краязнаўца: На месцы Аршанскай бітвы можна знайсці сярэднявечныя артэфакты

507 гадоў таму войскі ВКЛ перамаглі ў некалькі разоў большае маскоўскае войска, і гэтая бітва была не менш важнай для гісторыі, чымсьці, прыкладам, бітва пры Грунвальдзе. Сёння даследчыкі не маюць адзінага меркавання наконт пэўнага месца падзеяў больш як 500-гадовай даўніны, але бясспрэчна, што дзясяткі тысяч ваяроў біліся на вялікай тэрыторыі.
Краязнаўца Аляксандр Шынкевіч лічыць, што па гэтай прычыне вывучэнню падлягае частка Аршанскага раёна ў ваколіцах рэчкі Крапівенкі, піша Радыё Рацыя:

– Там нічога не вывучалася! Усе гэтыя палі, калі там палягло столькі ваяроў, тысячамі, то мусяць быць і пахаванні, і нейкія пагоркі… Але нашым музейшчыкам у Воршы нічога не скажы: яны нічым не хочуць займацца. Я быў знайшоў наплечнік ваяра, медны, прарублены мячом, знайшоў у тых мясцінах, гэта ж яўны артэфакт! Паказаў, а яны: “Знайшоў, ну і маладзец”.


Аляксандр Шынкевіч не займаецца несанкцыянаванымі раскопкамі – ён прапануе збіраць тыя артэфакты, якія самі з’яўляюцца на паверхні пасля заворвання палёў. Удзельнічаць у такіх пошуках могуць нават школьнікі, і краязнаўца часам праводзіць такія “палявыя” даследаванні разам з мясцовымі падлеткамі. Ён кажа, што пра Аршанскую бітву вучні слухаюць з вялікай цікаўнасцю, і вельмі цешацца, калі знаходзяць на ўзараным полі гістарычны артэфакт.


Але зрабіць такія пошукі сістэмным пакуль няма магчымасці: у першыя гады незалежнасці Беларусі дзень 8 верасня быў абвешчаны Днём беларускай вайсковай славы, аднак падчас кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі свята, якое нагадвала пра гісторыю зусім не мірнага суіснавання з усходнім суседам, скасавалі. І нават згадкі пра гэтую гістарычную падзею сталі ідэалагічна непажаданымі. Выключна дзякуючы высілкам неабыякавых да гісторыі краю людзей на полі каля вёскі Гацькаўшчына паўстаў самаробны мемарыял: высокі драўляны крыж, помнік з шыльдай і камяні з памятнымі медалямі – выявамі палкаводца Канстанціна Астрожскага і іншых выбітных дзеячаў ВКЛ.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: