Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Кракавяк, мазурка, паланэз — танчым з палякамі ў цэнтры Мінска

Свята польскай культуры разгарнулася сёння каля гарадской ратушы ў Мінску. На працягу ўсяго дня на тэрыторыі Верхняга горада будуць гучаць песні нашых суседзяў і гатавацца стравы польскай кухні — журэк, бігос, галёнка, каўбаскі кракаўская і варшаўская, і шмат чаго яшчэ.

Заліхвацкі «Кракавяк» ад «Крэсовэ забавы»

У сталіцу прыехалі дзясяткі ансамбляў і рамеснікаў з розных куткоў краіны, на працягу ўсяго дня можна паслухаць польскія песні і пабачыць польскія танцы — кракавяк, мазурку і паланэз. У беларусаў з палякамі вельмі шмат агульнага — падобная культура, мова, песні, рамёствы, адзежа. Усё гэта паказана на свяце. Як адзначае старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мячыслаў Лысы: «Беларус з палякам заўсёды дамовяцца. Беларуская мова, польская мова — вельмі блізкія».

У 13.00 афіцыйны старт святу даў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац разам з Мячыславам Лысым.

Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць у гістарычным цэнтры сталіцы дні нацыянальных культур. Менавіта польская дыяспара адкрывала летась фэст нацыянальных культур, які ўзнік па прапанове старшыні Мінгарвыканкама і быў падтрыманы многімі дыяспарамі нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, і найперш палякамі.

Сёлета, апроч музычнай праграмы, наведвальнікаў чакае даволі насычаная праграма ад нашых суседзяў. Разгарнуўся кірмаш майстроў народных промыслаў, на якой свае вырабы прапануюць рамеснікі, што працуюць у нацыянальным стылі з Гродзенскай, Мінскай абласцей і сталіцы.

Працуюць майстар-класы, прадстаўлена экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музею архітэктуры і побыту.

Каля ратушы працуе экспазіцыя «Беларусы ў складзе Войска польскага» Ігара Бабіцкага, а таксама выстаўлена калекцыя грашовых знакаў і манет часоў Польшчы 1918–1939 гадоў Іосіфа Судніка.

 

Калекцыя грашовых знакаў і манет часоў Польшчы 1918–1939 гадоў Іосіфа Судніка.

Багацце рознакаляровых стужак, россыпы пацерак і гузікаў на каларытных нацыянальных строях… Як і польская душа — багатая і шчодрая, так і просіцца ў скокі. І гэтаму ўсё сёння спрыяе. У канцэртнай праграме прымаюць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці: ансамбль польскай песні «Польскае рэха Астраўца» з  Астраўца Гродзенскай вобласці, маладзёжны танцавальны калектыў «Крэсовэ забавы» з Дому паляка г. Ліды, узорны ансамбль польскай песні і танца «Ютшэнка», ансамбль польскай песні «Івенчанка», маладзёжная музычная група «Скопы», народны хор польскай песні «Прамень», народны вакальны ансамбль «Крэсовяцы», народны фальклорны калектыў «Вярба», юныя ўдзельнікі ўзорнага дзіцячага тэатра «Надзея», і шэраг іншых выканаўцаў. Іх выступы ладзяцца на сцэне перад канцэртнай залай «Верхні горад». Артысты на высокім узроўні дэманструюць мастацтва польскай песні і танца, якое захоўваецца і развіваецца як дзякуючы запалу этнічных палякаў Беларусі, так і дапамогі беларускай дзяржавы.

Канцэртную праграму адкрыў танцавальны калектыў «Крэсовэ забавы» шляхетным паланэзам. А працягнуў ансамбль польскай песні «Польскае рэха Астраўца» вясёлым кракавякам, ад якога было цяжка ўтрымацца, каб не затанчыць. І прыемныя неспадзяванкі былі падчас выступу «Траецкія музыкі»  — у будынку канцэртнай залы «Верхні горад» у той жа час ладзілася вяселле, і музыкі шчыра віталі маладых. Але гэта не ўсё — чакаў музыкаў яшчэ адзін сюрпрыз — пісьмовая падзяка ад Саюзу палякаў на Беларусі. А самыя вялікія авацыі сарваў кракавяк ад «Крэсовых забаваў», шчырае і заліхвацкае выкананне якога прыйшлося да душы ўсім. Наогул, прафесіяналізм гэтага маладзёвага калектыву хацелася б адзначыць асобным радком. Творчы падыход не толькі да танцу, але і да касцюму, яркія сцэнічныя вобразы, усё гэта запомнілася гледачам яшчэ з мінулага Свята польскай культуры.

На радасць гурманам сёння шырока прадстаўлена нацыянальная польская кухня, якая блізкая і нам, беларусам. На гандлёвых пляцоўках злева ад канцэртнай залы «Верхні горад» можна пакаштаваць стравы польскай кухні — журэк, флякі, бігос, галубцы, кашанку, галёнку, каўбаскі — кракаўскую, варшаўскую, вроцлаўскую і многія іншыя.

Месца правядзення свята: плошча Свабоды. Час: з 13.00 да 18.00. Пакаштаваць стравы польскай нацыянальнай кухні можна з 12.00 да 22.00

 


Даведка:

Палякі — трэцяя па ліку нацыянальнасць у нашай краіне. На тэрыторыі Беларусі пражывае каля 300 тыс. прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці. Каля 2% мінчукоў адносяць сябе да палякаў. У рэспубліцы налічваецца больш за 140 нацыянальнасцяў, 25 з іх стварылі нацыянальныя аб'яднанні. Палякі былі ў ліку першых, зарэгістраваўшы ў 1988 годзе рэспубліканскую арганізацыю «Саюз палякаў Беларусі». Сёння арганізацыя «Саюз палякаў на Беларусі», якая была ўтвораная ў 1990 годзе ад СПБ, налічвае прыкладна 70 аддзелаў ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. СПБ аб'ядноўвае каля 5,5 тыс. чалавек. Мэта — садзейнічанне развіццю польскай культуры, нацыянальнаму адраджэнню і фармаванню нацыянальнай самасвядомасці.

 

 

Каментаваць