Крылы маладзечанскай выцінанкі

У Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адкрылася выстава «Вандроўкі душы. Маладзечанская школа выцінанкі».

Людміла Валковіч-Борыс дорыць Нацыянальнаму гістарычнаму музею выцінанку «Папараць кветка», якую выканала Марыя Сінкевіч, навучэнка Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Зправа ад спадарыні Людмілы, з кветкамі —Наталля Чырвонцава і Лізавета Чырвонцава


Выстава прымеркаваная да 60-годдзя Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Менавіта тут ужо больш за 20 год працуе аддзяленне «Дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», дзе навучаюць старажытнаму віду мастацтва — выцінанцы.

У экспазіцыі прадстаўлены работы трох мастачак, што стаяць ля вытокаў адраджэння Маладзечанскай школы выцінанкі. Для Лізаветы Чырвонцавай, Наталлі Чырвонцавай і Людмілы Валковіч-Борыс выстава стала сапраўдным святам, бо іх работы ўпершыню экспануюцца ў Мінску.


Фота і выцінанка

Цікавасць да майстэрства выразання з паперы адрадзіла народны майстар Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава, менавіта яна стаіць ля вытокаў Маладзечанскай школы выцінанкі. Зараз яе справу працягваюць дочкі — гэтак утварылася творчая дынастыя.

Лізавета Чырвонцава прапануе наведвальнікам выставы паглядзець яе цыкл са спалучэннем выцінанкі і фота, у якім работа «Крылы душы» прысвечаная маці, Вікторыі Чырвонцавай. На даваенным фота — маленькая дзяўчынка з крыламі анёла і палымяным сэрцам — менавіта такой бачыць дачка сваю маці.

Работы Лізаветы Чырвонцавай. Злева направа: «Ластаўка», «Крылы душы», «Таемны сад»


Выставачную дзейнасць мастачка і выкладчыца Лізавета Чырвонцава пачала ў 1993 годзе. Тады яна ўдзельнічала ў выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечанай Першаму з’еду беларусаў свету. А сёлета Лізавета стала народным майстрам Беларусі.


«Сапраўдны майстар і ноччу будзе працаваць»  

Людміла Валковіч-Борыс захапляецца не толькі выцінанкай, але і саламянай аплікацыяй. Майстар кажа, што перавагу аддае ўсё ж саломцы, хоць з ёй больш складана і доўга працаваць. На маё пытанне як жа ўсё паспець, спадарыня Людміла адказала, што «сапраўдны майстар і ноччу будзе працаваць».

Адна з выставычных работ мастачкі прысвечана яе настаўніцы Вікторыі Чырвонцавай. На карціне вялікая птушка трымае на сабе дрэва з птушанятамі — сімвал перадачы ведаў ад настаўніцы да яе вучняў.

Выцінанка Людмілы Валковіч-Борыс знаходзіцца ў прыватных калекцыях у ЗША, Японіі, Англіі, Германіі і іншых краінах свету. Але для майстра найвялікшае шчасце, калі яе працы будуць захоўвацца ў фондах айчынных музеяў, каб нашчадкі змаглі іх убачыць у Беларусі.

Работы Людмілы Валковіч-Борыс. Зверху ўніз: «Дрэва роду», «Калейдаскоп», «Карункавыя фантазіі», «Подых вясны»


Беларусь містычная

Міфалагічныя і фальклорныя сюжэты Наталлі Чырвонцавай разгадаць няпроста, кожная работа надзеленая сімваламі.

«Працэс спасціжэння народнай культуры — бясконцы. У беларускай культуры можна знайсці шмат містыкі і філасофіі. Я займаюся народнымі танцамі і спевамі. Менавіта са спеваў узяла вобразы для сваіх работ. У спевах зашыфраваныя рэчы, якія немагчыма спасцігнуць, але паспрабавала перадаць свае адчуванні праз выцінанку», — расказала спадарыня Наталля.

Персанажы выцінанак Наталлі Чырвонцавай — жытнія русалкі з доўгімі шыямі, вялікімі грудзьмі і закручанымі, як расліны, рукамі; паўліны — птушкі ведаў; зайцы, якія гойдаюцца на галаве.

Мастачкі і госці выставы. У цэнтры з букетам Наталля Чырвонцава, злева ад яе з ружай Лізавета Чырвонцава, справа з ружай Людміла Валковіч-Борыс

Фота Марыны Яўсейчык



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: