«Крышталь» на раздачу «Оскараў» не трапляе

Оскараўскі камітэт абвясціў, якія фільмы ўвайшлі ў кароткі спіс, каб удзельнічаць у цырымоніі раздачы ўзнагародаў. Беларускае стужкі «Крышталь» у спісе няма.

Сёлета стужка Дар’і Жук «Крышталь» была вылучаная ад Беларусі на «Оскар», як лепшы фільм на неангельскае мове. У кароткі спіс цырымоніі трапіла 9 фільмаў. Сярод іх «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскага (Польшча), «Айка» Сяргея Дварцавога ад Казахстану, «Рома» Альфонса Куарона (Мексіка). Беларускай карціны ў спісе няма.

Фільм пра дзяўчыну з 90-ых гадоў, якая марыць эміграваць і падрабляе для гэтага дакументы, стаў беларускай сенсацыяй і паспяхова прайшоў у пракаце. Стужка выклікала захапленне ў суседніх краінах, дзе яна таксама дэманстравалася.

На працягу 20 гадоў Беларусь не прапаноўвала аніякіх карцінаў Оскараўскаму камітэту. Карціна Дар’і Жук стала першай такой стужкай пасля доўгага перапынку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!