Крыж аднавілі, прэмію атрымалі, пра даследчыка забыліся

У канцы 2020 года за аднаўленне Тураўскага крыжа аўтарскаму калектыву далі прэмію «За духоўнае адраджэнне». Аднак крыж, які атрымаўся пасля трохгадовай працы, значна адрозніваецца ад таго, над якім не адно дзесяцігоддзе працаваў вядомы археолаг, доктар гістарычных навук Пётр Лысенка. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі звярнуліся ў «Новы Час», каб распавесці пра тое, чаму крыж стаў залатым насуперак гістарычным фактам.

Адноўлены крыж

«Князь Тураўскі»

Сярод гісторыкаў і навукоўцаў археолаг Пётр Лысенка быў вядомы як «Князь Тураўскі». Дзякуючы яго знаходкам Тураву быў дадзены статус горада. У 1962 годзе, калі малады археолаг вывучаў дзядзінец у Тураве, ён знайшоў чатыры свінцовыя абразкі з выявай святых. Больш за пяць дзесяцігоддзяў — з таго моманту, як яны былі знойдзены, і да таго моманту, як Лысенка пайшоў з жыцця, — гэтыя абразкі былі прадметам яго даследаванняў і навуковых публікацый. У хуткім часе пасля знаходкі археолаг зрабіў выснову: знойдзеныя абразкі прысутнічалі на адной кампазіцыі крыжа, які служыў як напрастольны ў Тураўскім храме. Меркаваная дата яго вырабу — XII–XIII стагоддзе!

Так у Беларусі з’явілася магчымасць мець рэканструкцыю не толькі крыжа Еўфрасінні Полацкай, але і адноўлены тураўскі крыж. Аднак пасля сустрэчы з удавой Лысенка Наталляй Мікалаеўнай Дубіцкай, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук, кандыдатам гістарычных навук, якая ўваходзіла ў працоўную групу па аднаўленні крыжа, стала зразумела: не ўсё так проста. Перад пачаткам нашай размовы яна паказала макет крыжа, які вырабіў Лысенка. Ён істотна адрозніваецца ад таго, які прэзентавала Беларуская праваслаўная царква.

Наталля Дубіцкая

Наталля Дубіцкая

Замест срэбра — золата

У 2017 годзе было прынята рашэнне аб аднаўленні крыжа. «Заўважце, не аб стварэнні новага, а аб аднаўленні крыжа на аснове тых абразкоў, якія былі знойдзеныя», — каментуе Наталля.

У працоўную групу ўвайшлі работнікі Акадэміі навук — Пётр Лысенка і Наталля Дубіцкая, прадстаўнікі беларускай епархіі, у тым ліку Марыя Нецвятаева, ювелір Алег Ермаловіч і прадстаўнікі спонсара — Банка развіцця, у тым ліку старшыня банка Сяргей Румас.

Наталля Мікалаеўна паказвае мне тры пратаколы пасяджэння працоўнай групы, на якія запрашалі яе і мужа. З самага пачатку было вырашана, што будуць падрыхтаваныя чатыры крыжы: для епархіяльнага храма ў Тураве, Тураўскага археалагічнага музея, Мінскай духоўнай акадэміі і для Лысенкі.

Паводле слоў Наталлі Дубіцкай, спрэчкі пайшлі адразу пасля таго, як адбылася першая сустрэча працоўнай групы. Паўсталі розныя меркаванні наконт матэрыялу акладу крыжа. Верагодна, аклад быў срэбраны, аснова крыжа — кіпарысавая. Аднак прадстаўнікі царквы схіляліся да таго, каб аклад быў зроблены з золата. Урэшце вырашылі пайсці на кампраміс: зрабіць адзін крыж залаты — для БПЦ, а другі — рэканструяваны — для Акадэміі навук.

Гісторыкі не проста так зрабілі выснову, што аклад Тураўскага крыжа не мог быць залатым. Тут дастаткова ведаць, чым з’яўлялася Тураўскае княства ў гэты перыяд. Толькі ў 1158 годзе была адноўлена дынастыя тураўскіх Ізяславічаў. Манамашычы, якія дагэтуль валодалі Туравам пасля смерці Святаслава Ізяславіча, не затрымліваліся ў Тураве і не спрыялі развіццю горада і княства. Грошай у казне не было.

Крыж, зроблены Лысенкам

Крыж, зроблены Лысенкам


Старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускага экзархата Марыя Нецвятаева была перакананая, што знойдзеныя Пятром Фёдаравічам абразкі — гэта не гатовыя вырабы, а загатоўкі да басменных адбіткаў, гэтак званыя матрыцы.

— Мы за грошы Банка развіцця зрабілі фізіка-тэхнічную экспертызу гэтых абразкоў у Інстытуце цепла-масаабмена НАН Беларусі, — узгадвае Наталля Мікалаеўна. — Пасля Лысенка звярнуўся да вядомых расійскіх і ўкраінскіх спецыялістаў, якія прадставілі пісьмовыя водгукі аб магчымым паходжанні тураўскіх свінцовых абразкоў. Чаму гэтыя абразкі не маглі выкарыстоўвацца для адліўкі? Іх матэрыял — гэта свінец, прытым, фактычна, чысты свінец. Свінец — гэта высокапластычны метал, і таму немагчыма выкарыстоўваць яго для вырабу матрыцы. А што такое басменнае цісненне? Гэта тэхніка, калі, напрыклад, бярэцца тонкі ліст срэбра і робіцца адбітак. Што застаецца ў такім выпадку ад свінцу? Ляпёшка!

Для такіх мэт звычайна выкарыстоўваліся бронзавыя, а не свінцовыя матрыцы. Прытым экспертыза, якую замаўляў Лысенка, даказала, што дадзеныя абразкі — гэта закончаныя вырабы. У той час, як адбіткі неабавязкова было рабіць закончанымі. Галоўнае, каб была выява, а тое, што заставалася на задняй частцы, не было асабліва важным.

Ювелір Алег Ермаловіч, у сваю чаргу, пасля атрымання прэміі «За духоўнае адраджэнне» ў інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сегодня» падзяліўся сваім поглядам на тое, чым з’яўляліся знойдзеныя свінцовыя абразкі: «Да мяне прыйшло разуменне, што знаходкі Лысенкі — гэта свінцовыя формачкі, частка тэхналагічнага працэсу, ды і знойдзеныя яны былі на дзядзінцы Турава, там, дзе і размяшчаліся ювелірныя майстэрні. А ўжо гэтыя формачкі, хутчэй за ўсё, і засталіся ад вырабу залатых малюнкаў святых на крыжы».

— Для тагачаснага Турава былі характэрны вырабы са свінцу, — тлумачыць Наталля Дубіцкая. — Пры раскопках было знойдзена шмат свінцовых вырабаў, прытым не толькі побытавага прызначэння, але і дэкаратыўна-прыкладнога. У тым ліку, знойдзены сам кавалак свінцу вагой больш за 20 кілаграмаў. Аднак Праваслаўная царква не захацела, каб абразкі былі свінцовымі, бо ў такім выпадку ім не будзе пасаваць залаты аклад. Шмат было паралелей з крыжом Еўфрасінні Полацкай. Не варта забываць, што Еўфрасіння Полацкая была княжной, у якой былі грошы, каб заплаціць за выраб багата аздобленага крыжа. Да таго ж, Полацкае княства тады было багацейшым за Тураўскае. У Тураўскім княстве такіх грошай не было: апошняе «з’ела» будаўніцтва Тураўскага храма. Але крыж быў патрэбны. Які храм без прастольнага крыжа? Зрабілі вось так, магчыма, пазней зрабілі б і іншы. Гісторыю перапісаць немагчыма, бо фізікі даказалі, што выкарыстанне абразкоў у якасці матрыц — немагчымае. Прытым я сустракалася з ювелірам Ермаловічам і паўтары гадзіны распавядала палітычную гісторыю Тураўскага княства на момант стварэння крыжа.

Як святая Еўдакія стала Андрэем Багалюбскім

Рэканструкцыю знешняга выгляду крыжа распрацоўваў не сам Лысенка. «Пётр Фёдаравіч — археолаг, не мастацтвазнаўца, таму інтэрпрэтацыю абразкам даваў не ён, — каментуе Наталля Мікалаеўна. — Ён аб’ездзіў усе акадэмічныя цэнтры — і ў Маскве, і ў Ленінградзе, і ў Кіеве, дзе працавалі спецыялісты па старажытнарускай дробнай пластыцы. Зараз іх ужо няма ў жывых. Наведаў ён і духоўныя цэнтры — і Троіца-Сергееўскую лаўру, і Кіева-Пячорскі манастыр, і Уладзіміра-Суздальскі манастыр».

Толькі на адным абразку можна было з дакладнасцю сказаць, хто менавіта быў адлюстраваны на ім — гэта Багародзіца, бо была выяўлена ў кананічнай позе: яе рукі працягваюцца ў бок сына. Гэтая поза дала ў свой час зачэпку мастацтвазнаўцам, якія кансультавалі Лысенку, прыйсці да высновы, што абразкі на гарызантальнай перакладзіне крыжа былі размешчаныя згодна з традыцыяй дэісуснага чына. Так, яны мусілі размяшчацца наступным чынам: Багародзіца, Ісус або Распяцце, Ян Хрысціцель. Абразок, які не быў знойдзены пры раскопках, — гэта меркаваны Ян Хрысціцель, што дало падставы сінадальнай камісіі інтэрпрэтаваць абразы па-іншаму. Так на адноўленай гарызантальнай перакладзіне крыжа з’явіліся Багародзіца, Распяцце і Ісус Хрыстос.

Зверху на гарызантальнай перакладзіне вырашылі змясціць Кірылу Тураўскага, як і раілі мастацтвазнаўцы Лысенку. Тое, што менавіта ён мог быць выяўлены на гэтым абразку, не дало падстаў для сумневаў і Сінадальнай камісіі БПЦ, бо ён ужо тады быў значнай духоўнай асобай для Тураўскага княства.

На абразку, які размяшчаўся на ніжняй частцы вертыкальнай перакладзіны, — шматпакутніца Варвара, якая часта выяўлялася з крыжам і епітрахіллю. У Тураве яна была сярод найбольш шанаваных святых, яна была жонкай вялікага князя Кіеўскага і Тураўскага Святаполка Ізяслававіча. Пасля смерці мужа Святаполка Ізяславіча новы вялікі Кіеўскі князь Уладзімір Манамах выслаў Варвару і яе двух сыноў у Тураў. Яна прывезла ў правінцыйны Тураў шмат адукаванай світы. Мяркуюць, што менавіта яна аказала ўплыў на Кірылу Тураўскага.

Пасля смерці мужа Варвара прыняла пострыг, сышла ў манастыр і шмат зрабіла для хрысціянізацыі Турава.
Вызначыць, хто быў адлюстраваны на самым ніжнім абразку, досыць складана. Аднак спецыялісты па старажытнарускай дробнай пластыцы выказалі думку, што гэта магла быць пакутніца Еўдакія, святая раннехрысціянскага перыяду. У адноўленым крыжы на абразку выяўлены вялікі князь Уладзімірскі Андрэй Багалюбскі, які быў кананізаваны… у XVIII стагоддзі.

«Мітрапаліт Павел выказаўся, што на гэтым абразку не можа быць выяўлена жанчына, — кажа Наталля Мікалаеўна. — Марыя Нецвятаева абгрунтавала выяву Андрэя Багалюбскага на абразку тым фактам, што непрацяглы час ён быў Тураўскім князем».

Наталля зноў нагадвае, што Лысенка выказаў меркаванне, што на абразку Еўдакія, — згодна з парадамі буйнейшых спецыялістаў, свецкіх і царкоўных. «Калі ва ўсіх узніклі пытанні па інтэрпрэтацыі гэтага абразка, я лічу, што трэба прыпыніцца на тым, што прапаноўваў Лысенка, бо аўтарытэт спецыялістаў, з якімі раіўся ён, больш важкі, чым тых, хто ўваходзіў у працоўную групу, якая займалася аднаўленнем Тураўскага Крыжа».

Пасля трэцяга пасяджэння працоўнай групы было вырашана, што будзе абвешчаны конкурс на найлепшую інтэрпрэтацыю крыжа. Лысенка быў катэгарычна супраць гэтага. Але калі глядзець на адноўлены Тураўскі крыж, можна сказаць, што да знакамітага археолага прыслухоўваліся не надта. Наталля кажа, што ўся гэтая сітуацыя добра ўдарыла па мужы. У хуткім час ён пайшоў з жыцця, так і не пабачыўшы, які крыж зрабілі ў выніку.

«Атрымліваецца, што ён аддаў гэтаму пытанню 50 гадоў — і аказаўся непатрэбны, — разводзіць рукамі ўдава Лысенкі. — Пра тое, хто перамог у конкурсе, мы даведаліся ўжо на самой прэзентацыі крыжа».

«За духоўнае адраджэнне»

Лысенка памёр увесну 2020 года. У верасні таго ж года ўжо прэзентавалі гатовы варыянт крыжа. У выніку было зроблена два крыжы: адзін для Праваслаўнай царквы, другі — для Акадэміі навук. Наталля Мікалаеўна кажа, што розніца паміж імі ў тым, што ізумруд на крыжы для царквы — натуральны, а для АН ізумруд быў выгадаваны.

Прэмію атрымаў склад аўтарскага калектыву: сябра Беларускага саюза мастакоў Алена Андрушчанка, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва — начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыя Нецвятаева і дырэктар ТДА «Залаты платан» Алег Ермаловіч. Наталля Мікалаеўна прысутнічала ў залі, калі прадстаўнікам царквы ўручалі прэмію «За духоўнае адраджэнне». Яна ўзгадвае, што пасля агучвання прозвішчаў аўтарскага калектыву, было прамоўлена: «І іншыя».

— А «іншыя» — гэта хто: Пётр Фёдаравіч? — з горыччу пытае Наталля Мікалаеўна. — Працоўная група, якой была дадзена прэмія «За духоўнае адраджэнне», каб адзначыць памяць, зрабіла гравіроўку на адваротным боку крыжа: «Апостал Павел» і «Апостал Пётр», меўшы на ўвазе мітрапаліта Паўла і Пятра Лысенку. Я не разумею, навошта было гэта рабіць? І хто будзе ведаць праз дваццаць гадоў, што апостал Пётр — гэта Пётр Фёдаравіч Лысенка?

Сама Наталля Дубіцкая на прэміі не была адзначана, хоць была сябрам працоўнай групы. Яна не хоча высвятляць, хто меў рацыю, а хто яе не меў. Яна хоча, каб для Акадэміі навук была зроблена рэканструкцыя Тураўскага крыжа, як і было вырашана на адным з пасяджэнняў працоўнай групы: «Я не супраць, каб у царквы заставаўся залаты крыж, але ў Акадэміі навук мусіць быць гістарычная рэканструкцыя. Тут не трэба вялікіх грошай, бо для гістарычнага крыжа золата не патрэбна». 

Удакладненне:

Вось такое ўдакладненне прыйшло нам на пошту ад археолага, магістра гістарычных навук Тэльмана Маслюкова: "Жонкай вялікага князя кіеўскага Святаполка Ізяславіча (XI ст.), жыццё якой звязваюць з Туравам, была не сама шматпакутніца Варвара, як напісана ў тэксце (яна жыла ў III ст. у Рымскай імперыі), а візантыйская царэўна Варвара Комніна. Такім чынам, асаблівае шанаванне св. Варвары ў Тураве і яе магчымая выява на абразку з Тураўскага крыжа звязаны з тым, што яна – нябёсная апякунка Варвары Комнінай".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: