Куды паехаць этнавандроўніку: 13 летнікаў

Ахвочыя павучыцца традыцыйным танцам, музыцы, спевам і рамёствам Беларусі і недалёкіх краін могуць ужо падаваць заяўкі на тэматычныя летнікі.
Фота Дзіяны Філіпчык

Фота Дзіяны Філіпчык

Беларусь


Двухасноўныя дываны. Фота Алены Ляшкевіч

Двухасноўныя дываны. Фота Алены Ляшкевіч

8-10 чэрвеня — Майстэрня падвойнага ткацтва ў Гудзевічах, Мастоўскі раён.
Гудзевіцкае двухасноўнае ткацтва мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Пачытаць пра яго больш можна тут і тут. Падчас летніка будзе магчымасць убачыць увесь працэс падвойнага ткацтва (снаванне асновы, запраўка кроснаў, выраб падвойнага дывана) і самім засвоіць ткацкую тэхналогію. Майстры Вера Белакоз, Марына Камінская, Алена Шунейка, Кацярына Басінская, Яўгенія Станіна гатовыя падзяліцца з удзельнікамі летняй школы сваім вопытам, расказаць пра свае знаходкі і навучыць майстэрству ўсіх ахвочых: і ткалляў з вопытам, і пачаткоўцаў.


У межах летняй школы пройдуць конкурс сучасных вырабаў «Тканыя дзівосы» і майстар-клас па беларускіх традыцыйных побытавых танцах. Арганізатар, Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, мае цікавую экспазіцыю па этнаграфіі і гісторыі беларускай літаратуры.

Кантакты: УК «Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей» — 8(01515)38782, gudmuz.by, facebook.com.


Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

9-12 ліпеня — Фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца» ў Любанскім раёне.

«Пятровіца» — перыяд ад Тройцы да Дня святых Пятра і Паўла, на які прыпадае Пятроўскі пост. Удзельнікі фэста змогуць навучыцца народнай манеры танца ад этнахарэографа Сяргея Выскваркі на мясцовым, любанскім, матэрыяле. У праграме таксама навучанне пятроўскім песням Любанскага раёна. Заняткі вядзе музыколаг, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» з Полацка Вольга Емяльянчык. Падчас вандровак па вёсках раёна ўдзельнікі летніка пазнаёмяцца з аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі, некаторымі рамёствамі, павучацца пекчы хлеб.

Атрыманыя спеўныя і танцавальныя навыкі ўдзельнікі змогуць выкарыстаць 12 ліпеня, адзначаючы Дзень святых Пятра і Паўла разам з жыхарамі вёскі Шыпілавічы, радзімы этнографа, пісьменніка, тэатральнага крытыка пачатку ХIX ст. Паўла Шпілеўскага. У Шыпілавічах будзе база летніка. Удзельнікі могуць жыць у намётах ці пад страхой з уласным турыстычным начыннем.
Рэгістрацыя да 1 ліпеня на сайце piatrovica.by

Кантакты: FB-суполка «Пятровіцы», арганізатарка — Настасся Кухарэнка.

Фота Надзеі Лук’яновіч. З архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

Фота Надзеі Лук’яновіч. З архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

29 ліпеня-11 жніўня (даты могуць памяняцца) — Этнаграфічная экспедыцыя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў Краснапольскі раён.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе ахвочыя вывучаць традыцыйную культуру Беларусі, з экспедыцыйным вопытам і без. Звычайна даследчыкі селяцца ў адной з вёсак раёна. Умовы амаль паходныя: падлога вясковай хаты і ўласны турыстычны рыштунак ці намёт! Штодня групы па 2-3 чалавекі раз’язджаюцца па розных вёсках, каб пагутарыць са старэйшымі жыхарамі пра даўнейшы побыт, будні і святы, запісаць песні і танцы, сфатаграфаваць старыя рэчы.

Кожная экспедыцыя вымагае шмат чалавечых, тэхнічных і фінансавых рэсурсаў. Таму распачаты збор сродкаў на Талацэ, дзе кожны ахвочы зробіць свой унёсак у справу. Сачыць за навінамі можна ў суполцы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Кантакты: арганізатарка — Ірына Паўловіч.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Польшча

11-14 ліпеня — «Ліпцуўка» ў вёсцы Жулвя Блоць (Заходняе Памор’е).

Майстар-класы па спевах і традыцыйнай музыцы на мясцовым заходнепаморскім матэрыяле, даследаванні вуснай гісторыі. Запрашаюць і пачаткоўцаў, і вопытных музыкаў і спевакоў. Важным аспектам летніка будзе кантакт з мясцовай супольнасцю, музіцыраванне разам, гасцяванні, расповеды пра гісторыю гэтых мясцін, інтэграцыя ўдзельнікаў праз супольную працу і баўленне часу. Звесткі па вуснай гісторыі, сабраныя падчас апытання жыхароў, будуць архівавацца і выкарыстоўвацца для наступных праектаў.

Удзельнікі могуць жыць у намётах альбо ў хатах.

Рэгістрацыя да 31 мая на lipcowka2019@gmail.com з пазнакай выбраных майстар-класаў, спосабу пражывання (намёт, хата вяскоўцаў, іншае) і згоды на апрацоўку асабістых дадзеных.

Кантакты: суполка ў FB, арганізатарка — Кацярына Бычак (камунікуе па-беларуску).

18-21 ліпеня — музычна-танцавальны летнік у Чэмпішы (Велькапольска).

Майстар-класы па скрыпцы (вясельны рэпертуар) з мясцовымі традыцыйнымі музыкамі Ляонам Левандоўскім (1926 г. н.) і Юзэфам Томчыкам, на дзвюх- і трохструнных каліскіх басах. Навучанне мясцовым варыянтам абэрка, авіяка і полькі. Майстар-класы па збіранні зёлак. Паказ фільма «Апошнія музыкі рэчышча Просны». Дзяцячая праграма (навучанне на бубне і спектакль). Танцавальныя вечарыны.
Удзельнікаў размесцяць пад страхой. Трэба мець уласны турыстычны рыштунак.
Рэгістрацыя тут. Кантакты: суполка ў FB.

28 ліпеня-4 жніўня — летнік у Жулкеўцы пад Люблінам.

Майстар-класы па традыцыйнай музыцы, танцах і спевах. Будуць групы па драўляных і металічных духавых інструментах, скрыпцы, акардэоне, гармоніку, басэтлі і бубне, жаночых і мужчынскіх спевах, танцах, збіранні зёлак, музычныя заняткі для дзяцей на мясцовым матэрыяле ваколіц Жулкеўкі.

Удзельнікі могуць жыць у намётах альбо ў хатках на турбазе.

Рэгістрацыя: вось-вось скончыцца! Але можна яшчэ паспрабаваць тут.
Кантакты: суполка ў FB.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Украіна


8 -14 ліпеня — летняя школа традыцыйнай музыкі ў Седніве.

Праграмы пакуль няма, рэгістрацыя не распачалася. Мінулымі гадамі можна было павучыцца спевам у рознаўзроўневых групах, а таксама гранню на скрыпцы і бубне. Удзельнікі жывуць у намётах альбо ў гатэлі. За навінамі можна сачыць на сайце школы.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч


Літва

21-27 ліпеня — спеўны летнік у Анталкяі ля Коўна.

Удзельнікі могуць вывучыць рытуальныя і лірычныя песні Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Сербіі. На занятках будуць звяртаць увагу на традыцыйную спеўную манеру, яе лакальныя асаблівасці, фарміраванне вольнага голасу. У праграме летніка — практычныя заняткі, лекцыі і дадатковыя актыўнасці (навучанне рамёствам, танцавальныя вечарынкі і майстар-класы).

Два дні на летніку будзе прысутнічаць этнаграфічны ансамбль Marcinkonys, што заахвоціць да пераймання традыцыі з першых рук. Курс завяршыцца канцэртам удзельнікаў у Музеі этнічнай культуры ў Вілкіі.
Кантакты: суполка ў FB і сайт.

31 ліпеня-4 жніўня — летнік традыцыйных танцаў ля возера Паілгіс пад Вільняй.

Навучаць танцам усіх пяці этнаграфічных рэгіёнаў Літвы. Таксама будуць майстар-класы па танцах іншых краін і па традыцыйных рамёствах, лекцыі па тэматыцы летніка. Удзельнікі будуць жыць у намётах. Можна замовіць месцы ў гасцявых хатках.

Рэгістрацыя да 30 ліпеня тут. Кантакты: суполка ў FB.

 Фота Алены Ляшкевіч

 Фота Алены Ляшкевіч

Латвія

15-18 жніўня — танцавальны летнік у прыходзе Курменэ.

У праграме — майстар-класы па танцах Літвы, Латвіі, Эстоніі, Беларусі і іншых краін Еўропы, танцавальныя вечарыны. Удзельнікі будуць жыць на хутары "Butku dzirnavas" (прыход Курменэ на мяжы з Літвой, недалёка ад вядомага колішняга фарпосту Полацкага княства Кукейноса).
Рэгістрацыя з 4 чэрвеня на FB-суполцы летніка.

 Фота Алены Ляшкевіч

 Фота Алены Ляшкевіч

Эстонія

10-14 ліпеня — летнік для скрыпачоў на востраве Рухну.

Чакаюць скрыпачоў любога ўзроўню майстэрства ва ўзросце ад 12 год. Акрамя майстар-класаў у праграме канцэрты, спартовыя актыўнасці і саўна.
Кантакты: суполка ў FB.

4-10 жніўня — летнік па традыцыйнай музыцы і вакале ў акрузе Рапла.

Імпрэза арыентавана на пачаткоўцаў. Будуць групы па духавых інструментах, гітары, флейце, скрыпцы, гармоніку, мужчынскім і жаночым вакале.
Кантакты: суполка ў FB.

18-23 жніўня — летнік па фальклорнай музыцы ў Выру.

Будуць групы па духавых інструментах, гітары, мандаліне, скрыпцы, гармоніку, акардэоне, кахоне, бубне. Па вечарох — танцы.
Удзельнікам трэба мець уласны турыстычны рыштунак.
Рэгістрацыя да 30 ліпеня
Кантакты: суполка ў FB.

У многіх краінах праходзяць фальклорныя летнікі пад брэндам ETHNO. Удзел у мерапрыемствах платны. Кошты ўдакладняйце на старонках імпрэз.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!