«Kufar» — скарбонка беларускага меламана

Не так даўно ў сталічным клубе-кафэ «Грай» адбылася прэс-канферэнцыя ўдзельнікаў гурта Rel1kt, нагодай для якой стаў выхад іх чарговага пятага студыйнага альбома «Kufar» і будучай прэзентацыі гэтай кружэлкі гурта Rel1kt у клубе «Бруге».
Вокладка альбома Kufar — вінтажна і сучасна

Вокладка альбома Kufar — вінтажна і сучасна

У светлай і прасторнай канферэнц-зале, упрыгожанай расліннымі карункамі, лебядзінымі парамі і львамі, узорамі для якіх дызайнеру паслужылі «маляванкі» беларускай мастачкі, прадстаўніцы наіўнага напрамку ў жывапісу Алены Кіш, сабраліся журналісты і аглядальнікі беларускіх друкаваных і электронных СМІ. Іх заінтрыгавала новая праца музыкантаў гурта Rel1kt, пра які распавесці да сабраўшыхся прыйшлі бубнач Алесь Дземідзенка, саліст Уладзімір Казлоў, гітарыст Віталь Макшун і басіст Зміцер Наркевіч.



Ролю спічрайтэра гэтай прэс-канферэнцыі ўзяў на сябе А.Дземідзенка, які падкрэсліў, што новы альбом для музыкантаў — гэта крок наперад у параўнанні з папярэднім, хоць і мае свае асаблівасці. «Калі пра папярэднюю нашу працу — альбом «Лекавыя травы» — можна было сказаць, што гэта пост-метал, прагрэсіў- ці арт-рок, то ў адносінах да музыкі альбома «Kufar» мы стараемся абыходзіць усе стылістычныя назвы, якія толькі абмяжоўваюць разуменне нашай музыкі з новай кружэлкі.

На дыску гучыць разнастайная па характару музыка, нават гімн футбольнай каманды, ёсць дуэты з саксафаністам «Крамбамбулі» Паўлам Аркелянам («Толькі снег» на верш Янкі Купалы). Акрамя гэтага мы выкарыстоўваем як традыцыйныя для рок-музыкі інструменты, так і незвычайныя — электрычную мандаліну, вістл, кахоне, мелодыку, акарыну, эксперыментуем з гуказапісам, гукатворчасцю. Галоўнае, мы хацелі, каб музыка адлюстроўвала нашыя, беларускія традыцыі, праслаўляла нашу прыроду і культуру, нагадвала слухачам пра ўменне беларусаў сябраваць і рабіць добрыя справы талакой».

Алесь Дземідзенка бубнач гурта  Rel1kt

Алесь Дземідзенка бубнач гурта  Rel1kt

Напамін пра талакоўскую традыцыю беларусаў адносіўся, у першую чаргу, да краўндфандынгавай платформы Talaka.by, дзякуючы якой і стала рэальнасцю магчымасць збіраць сродкі на выпуск альбома. Музыканты шчыра дзякавалі ўсіх сваіх прыхільнікаў, якія выдаткавалі свае сродкі,  і запрасілі іх на прэзентацыю дыска «Kufar». Акрамя гэтага іх чакаюць законныя асобнікі новага дыска ў фірмовым афармленні. А некаторых — гадавы абанемент на ўсе канцэрты гурта!

Вакаліст Уладзімір Казлоў у роздуму пасля выступу на Х-фактары

Вакаліст Уладзімір Казлоў у роздуму пасля выступу на Х-фактары


Пад час прэс-канферэнцыі выказваліся сумневы, маўляў, футбольны гімн, які запісаны на дыску, не будзе спрыяць цэласнасці канцэпцыі альбома. Алесь Дземідзенка на гэтую заўвагу адзначыў: «Канцэпцыя «Kufar’а» як раз і задумана была, каб сабраць, як рабілі нашыя продкі, у адно месца ўсё самае вартае. Ну а гімн футбольнага клубу «Крумкачы» — важная веха ў нашай творчасці і мы, як заўзятары, не маглі не адгукнуцца на прапанову беларускага клубу. Таму, на наш погляд, гэты твор з’яўляецца часткай агульнай канцэпцыі альбома. Зрэшты, слухачам вырашаць так гэта, ці не!»

Віталь Макшун адказвае за гітарныя сола

Віталь Макшун адказвае за гітарныя сола


Што тычыцца зместу альбома, то ён, як і мінулыя працы гурта, будзе адрознівацца разнастайнасцю і шматлікімі музычнымі сюрпрызамі, асабліва, у музычным плане. Слухачы знойдуць на ім фальклорныя песні, апрацаваныя ў «рэліктавай» стылістыцы — вясельную «Сваточкі», палескую песню «Вэлытай», запісаную дуэтам з С.Доўгушавым (Vuraj). На дыску ёсць і кампазіцыя «Дробненькі дожджык» са зборніка «Песні Матчыны з Вушаччыны» паводле песні, якую напявала маці Рыгора Барадуліна…

Зміцер Наркевіч, багіст гурта

Зміцер Наркевіч, багіст гурта

Узгадванне Дзядзькі Рыгора дало падставу журналістам запытацца ў музыкантаў пра іх адносіны да скандала, калі выкладчык БДУ выказаўся ў гранічна абразлівым тоне пра Народнага паэта. Музыкі не сталі абмяркоўваць гэтае пытанне ў эмацыйным ключы, проста адзначылі, што сапраўдны інтэлігент такога сабе не мог дазволіць і гэтыя словы «выкладчыка» яны ўспрымаюць як абразу ўсіх беларусаў.

На ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі з цікаўнасцю паглядаў леў Алены Кіш

На ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі з цікаўнасцю паглядаў леў Алены Кіш


Музыканты гурта Rel1kt падзяліліся планамі на будучыню: бліжэйшым часам засяродзяцца на здымках кліпа на песню «Дробненькі дожджык». Тым больш, што сродкаў ад краундфандынгавай кампаніі дастаткова, каб прафінансаваць і гэты праект гурта. Праўда, А.Дземідзенка не стаў раскрываць сюжэт новага відэа, толькі дадаў, што ідзе распрацоўка яго ідэі і шляхоў увасаблення.

Музыканты таксама праанасавалі свой удзел у тэлепраграме  «Наперад у мінулае» 30 кастрычніка на тэлеканале "Беларусь 3", у якой прагучыць застольная вясельная песня з гумарыстычным адценнем «Гарэлачка мая белачка», а таксама запрасілі ўсіх прыхільнікаў гурта Rel1kt на прэзентацыю альбома «Kufar» ў бары «Бруге», якая адбудзецца 10 снежня.

Re1ikt — «Дробненькі дожджык» (паводле твора Рыгора Барадуліна). Выступ гурта на «Мове Нанова» ў Берасці (01.04.2016)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: