Культурная спадчына і сучаснасць

28 красавіка ў крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму «Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?»

Дыскусія арганізуецца ў межах праграмы "CHOICE: Cultural Heritage — Opportunity for Civic Engagement", які фінансуецца і рээалізуецца ва Украіне, Беларусі, Арменіі, Малдове пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Асноўны змест, які прапануецца да абмеркавання, — напрацоўкі і рэкамендацыі па працы ў сектары гісторыка-культурнай спадчыны, зробленыя цягам амаль двух год разгортвання праграмы CHOICE.

Праграма CHOICE разглядае культурную спадчыну як рэсурс для развіцця мясцовых суполак, умацаванне сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Удзел у ёй бяруць 10 праектаў, прысвечаных як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне. Завяршыцца праект у чэрвені бягучага года.

Першая з дзвюх запланаваных дыскусій ад CHOICE-Беларусь будзе прысвечаная асаблівасцям беларускага кантэксту працы з гісторыка-культурнай спадчынай, асноўным фактарам і выклікам, з якімі сутыкаюцца адмыслоўцы штодзень. Асобная ўвага будзе нададзеная магчымасцям фармавання новай, грамадзянскай суб’ектнасці ў вырашэнні супольных прафесійных пытанняў аховы і інтэрпрэтацыі нашай спадчыны.

У размове прымуць удзел эксперты:

  • Андрэй Ягораў, дырэктар “Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі”, палітолаг, аналітык;
  • Ігар Раханскі, рэстаўратар, кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS;
  • Уладзімір Мацкеквіч, метадолог, філосаф, аналітык, грамадскі дзеяч;
  • Сцяпан Стурэйка, культурніцкі антраполаг, выкладчык, даследчык;
  • Ігар Чарняўскі, экс-загадчык упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі;
  • Антон Астаповіч, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”

Запрашаем усіх неабыякавых! Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходная папярэдняя рэгістрацыя, канчатковы тэрмін — 27 красавіка 2017 года 12:00.


28 красавіка 2017. Крэатыўная прастора “ЦЭХ”, Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, 2-гі паверх.

Рэгістрацыя: 18:30. Пачатак: 19:00. 

Паводле прэс-рэлізу


Каментаваць