Кур’ёз у Нясвіжскім палацы: мяцежнік Крычэўскі сярод Радзівілаў

Пасмяротны партрэт казака Міхала Крычэўскага, кума Багдана Хмяльніцкага, чамусьці апынуўся побач са сваім катам — Янушам Радзівілам. Супрацоўнікі паціскаюць плячыма: «Такога не можа быць».

Княжацкі кабінет у Нясвіжы, справа ад печы — партрэты

Пасля грунтоўнай рэканструкцыі Нясвіжскі палац стаў сапраўднай «турыстычнай Меккай» — як для беларусаў, так і для замежнікаў. Шыкоўныя інтэр’еры, адноўленыя печы, габелены, партрэты… Вось толькі гістарычны змест часам выклікае пытанні.

Напрыклад, у кабінеце князя вывешаныя чатыры партрэты: злева Мікалай Радзівіл Сіротка, унізе, здаецца, Крыштап Радзівіл, справа — Януш Радзівіл. Па-над імі, на самым пачэсным месцы — пасмяротны партрэт казака Міхал Крычэўскі. Што ж не так з Крычэўскім?



Кум вялікага гетмана і вораг ВКЛ

Міхал Крычэўскі паходзіў з каталіцкай шляхецкай сям’і з Берасцейшчыны, служыў у войску Рэчы Паспалітай, пазней быў прызначаны рэестровым палкоўнікам у Чыгірын. Там жа парадніўся з Багданам Хмяльніцкім — стаўся ягоным кумам. Пазней Хмяльніцкі ратаваў Крычэўскага з татарскага палону — сяброўства, як кажуць, «на вякі».

У 1649-м Міхал прыняў праваслаўе, атрымаў пасаду кіеўскага казацкага палкоўніка ды далучыўся да Паўстання Хмяльніцкага. 20-тысячнае войска Крычэўскага вырушыла пад Лоеў, каб атакаваць сілы ВКЛ, пад кіраўніцтвам Януша Радзівіла, але атрымала паразу. Сам цяжкапаранены Міхал трапіў у палон, дзе і памёр.

Пасмяротны партрэт Міхала Крычэўскага


«Такога не можа быць, але ж ёсць»

Узнікае лагічнае пытанне: якім цудам партрэт ворага ВКЛ і фактычна здрадніка Крычэўскага мог вісець у княжацкім кабінеце ў Нясвіжы, улічваючы дзяржаўніцкую пазіцыю ўласнікаў палацу? Тым больш не зразумела, чаму партрэт знаходзіцца не проста побач, а вышэй па ўзроўню адносна партрэта Януша Радзівіла, свайго пераможцы?..

Невядома, ці задаюцца падобнымі пытаннямі, напрыклад, польскія турысты, а вось беларусы з гістарычнай асветай пішуць на гэты конт у сацыяльных сетках наступнае:

«…Каго бачу з супрацоўнікаў, тлумачу простымі тэрмінамі, ціпа, эта былі врагі і наўрад ці Радзівілы павесілі б гэты партрэт у сваім кабінеце. Хіба ў паляўнічай залі. Яны кажуць, што я нешта блытаю і такога быць не можа. І я кажу, што такога не можа быць, але ж ёсць».

Калі ісці падобным шляхам, то ў расійскіх вайсковых частках запраста можна вешаць побач партрэты Жукава і Уласава, Цімашэнкі і фон Панвіца, Конева і Шкуро… Якая розніца? Галоўнае, каб каларыт і эпоха супадалі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: