Курэйчык прапанаваў стварыць тэлеканал «Беларускае кіно»

На сустрэчы з міністрам культуры Барысам Святловым рэжысёр Андрэй Курэйчык прапанаваў фільм пра Францыска Скарыну і стварэнне канала «Беларускае кіно».

Нагадаў Курэйчык міністру і пра, па яго словах — дыверсію ў адносінах да пракату «Party-zan фільма», калі дзякуючы намаганням кіраўніцы дэпартамента кінематаграфіі Ірыны Беляковай было фактычна сарваны 40 сеансаў. А стваральнікі карціны недаатрымалі прыкладна каля 40 працэнтаў збораў. У выніку прайграў беларускі глядач, а выйгралі імпартныя карціны. 

Андрэй Курэйчык падаў сцэнар фільма пра Францыска Скарыну на прэдпітчынг (прэзентацыя кінапраекта з мэтай знаходжання фундатараў, гатовых фінансаваць гэты праект). Але не толькі таму, што сёлета 500 гадоў кнігадрукаванню. На думку Курэйчыка, Скарына — першы беларускі наватар, інтэлігент, гуманіст, чалавек еўрапейскіх каштоўнасцей, знак Эпохі Адраджэнні ў Беларусі. Яго постаць не выклікае расколу грамадства.

Прапанаваў Курэйчык і зменшыць бюджэты беларускіх фільмаў. Цалкам камфортна ў нас здымаць, на думку Курэйчыка, можна за 150 тысяч долараў. Сярод прапаноў з боку рэжысёра прагучала і ўвядзенне дадатковых збораў з імпартных карцін для накіравання грошай на падтрымку беларускага кіно. Ці ўсталяваць кошт пракатных пасведчанняў для замежных карцін у 1-3 тысячы долараў.

Але галоўная прапанова Курэйчыка — праект лічбавага тэлеканала «Беларускае кіно». У кінатэку гэтага каналу можна было б сабраць разам усё беларускае кіно: карціны «Беларусьфільма», сучаснае беларускае дзяржаўнае і незалежнае кіно, эксперыментальнае і навучальнае кіно, кароткія метры, беларускую дакументалістыку і анімацыю, нацыянальныя праграмы «Лістапада».

Падобны тэлеканал мог бы стаць пляцоўкай для кінакрытыкаў, рэжысёраў, энтузіястаў беларускага кіно, дыскусійнай пляцоўкай пра нацыянальны кінематограф.

Больш таго — канал мог бы быць не толькі кінатэкай, але і заказчыкам новых стужак. У той час, як БТ, АНТ і СТБ трансліруюць замест беларускіх фільмаў і серыялаў расійскую і замежную прадукцыю, варта стварыць канал, які не будзе закупляць нічога замежнага, а наадварот — будзе паказваць выключна беларускі кінакантэнт.

Больш таго, Курэйчык паведаміў міністру, што яны з партнёрамі нават самі гатовыя ўзяць выдаткі па стварэнню такога канала (у кабельным фармаце для Залы, МТІСа і Космас-TV), і папрасіў садзейнічання. Пачакаем, пабачым…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: