Квартал мастакоў, музей, пешаходная зона: што далей рабіць з Асмалоўкай

Раён пасляваеннай двухпавярховай забудовы ў Мінску, каля Опернага тэатра, Асмалоўку, пакуль не зносяць. Так вырашылі гарадскія ўлады, адхіліўшы праект дэтальнага планавання, які такі знос прапаноўваў. Але, што далей?

Павел Лучановіч, галоўны архітэктар Мінска, анансуе, што новы праект па Асмалоўцы будзе. Але яго зробяць з “улікам прапановаў грамадскасці”. Новы праект улады яшчэ нават не пачалі рабіць. Гэта Еўрарадыё пацвярджаюць у Камітэце па архітэктуры Мінгарвыканкама.

1.Музей мінскага дворыка

Зрабіць з квартала музей прапануе аб’яднанне “Гісторыка”, якое ўжо паўтары гады займаецца праблематыкай Асмалоўкі. Перадпраектную прапанову спецыялісты аб’яднання збіраюцца скончыць неўзабаве.

“Агульны канцэпт ― гэта музей пад адкрытым небам, музей мінскага дворыка. Самі дамкі там ужо будуць адкрытымі экспанатамі. А жыхары там як жылі, так і будуць жыць. Гэты праект прадугледжвае перагляд тэрыторый дзіцячых садкоў. Калі гораду вельмі трэба ушчыльненне, то можна нешта пабудаваць на тэрыторыі садкоў”, ― апісвае выканаўчы дырэктар “Гісторыкі” Таццяна Пятрова.

Такі музей прадугледжвае адраджэнне гарадскіх гульняў, якія былі ў 40-ыя 50-ыя гады. Для турыстаў Асмалоўка стане адначасова і музеем, і івент-прасторай з магчымасцю бавіць час.

2. Квартал мастакоў з пешаходнай зонай

Архітэктар Ілля Яцэвіч прапануе аддаць мастакам пад выставачныя прасторы першыя паверхі некаторых дамоў Асмалоўкі. Таксама там варта зрабіць больш кавярняў і пешаходную зону па вуліцы Чычэрына.

“Па адной з эскізных прапаноў там хацелі зрабіць “мастацкую вуліцу” з кавярнямі і выставамі. Гэта таму, што на мансардных паверхах дамоў там шмат мастакоў арэндуюць студыі. Першыя паверхі маглі б стаць нежылымі, іх можна выкарыстоўваць пад выставы. Можа, нехта з жыхароў пагадзіўся б пераехаць. Дамы трэба адрамантаваць і адрэстаўраваць у адпаведнасці з праектам. Таксама трэба зрабіць добраўпарадкаванне раёна”.

3. Аб’ект для інвестыцый

Экс-начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульта Ігар Чарняўскі найперш прапануе шукаць магчымасць зарабіць на Асмалоўцы. Тады і пытанне яе зносу здымецца.

“У тым выглядзе, у якім Асмалоўка ёсць, яна будзе датацыйна затратнай. Гэта будзе выклікаць спакусу нешта там зрабіць. Трэба сур’ёзна прапрацаваць хараткар выкарыстання квартала. Банальныя кавярні тут не дапамогуць. Павінны быць нейкія паслугі, якія на нейкі адсотак фінансуюць квартал. Горад няхай займаецца інжынернымі камунікацыямі. А што датычна сцен будынкаў, каб яны неяк зараблялі. Тады усе размовы пра знос спыняцца. Бо кропка там пакуль не пастаўленая, праект хочуць дапрацоўваць”.

Супраць зносу Асмалоўкі выказаліся дзесяць тысяч чалавек, пасля гэтага ад планаў зносіць квартал адмовіліся. Але праект будуць дапрацоўваць, таму пакуль гэта толькі часовая перамога.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: