Квіткі на «Народны альбом 20» разабралі за 2 гадзіны

4 верасня ў Беластоку на сцэне Падляшскай оперы адбудзецца прэм’ера юбілейнай версіі «Народнага альбому», якую ладзіць тэлеканал «Белсат». Квіткі на яе ў Беларусі разабралі за 2 гадзіны


— Паважанае спадарства, нас вельмі цешыць такая вялікая цікаўнасць да «Народнага альбома». Квіткі былі бясплатныя, але кожны мусіў слушна адказаць на пытанні пра праект і даслаць свае дадзеныя, таму больш як 300 квіткоў за 2 гадзіны — гэта цудоўны вынік. Яшчэ 300 квіткоў будуць распаўсюджаныя у Польшчы. Платных квіткоў не будзе — на такіх умовах фінансуецца праект. Бліжэйшым часам усе пераможцы атрымаюць свае квіткі і дэталі па візавай падтрымцы. Мы бачым і ведаем, што зацікаўленых нашмат больш, таму запрашаем усіх паглядзець відэаверсію праекта ўвосень на «Белсате» і афіцыйным канале YouTube, – кажа Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктар тэлеканала «Белсат».

«Народны альбом» — беларускі музычны праект, прэм’ера якога адбылася ў 1997 годзе. У юбілейнай версіі бяруць удзел Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч ды іншыя выканаўцы з арыгінальнага складу. Колькасць музыкаў будзе пашыраная да 20 чалавек. За візуальную частку адказвае вядомы польскі тэлевізійны рэжысёр Конрад Смуга. Ён плануе максімальна скарыстаць тэхнічныя магчымасці Падляшскай оперы  адной з самых сучасных і прасунутых канцэртных пляцовак Польшчы. Над элементамі мастацкага аздаблення, сцэнаграфіяй і касцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша і стваральнік ідэі «Народнага альбома» Міхал Анемпадыстаў.


Паводле інфармацыі з прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: