Леанард Коэн у перакладах Андрэя Хадановіча (+відэа)

Леанард Коэн — знакаміты пісьменнік, паэт, аўтар і выканаўца песень — памёр ва ўзросце 82 гады 7 лістапада. Прапануем вам некалькі песняў Коэна, якія былі ў свой час перакладзены на беларускую мову Андрэем Хадановічам. 



ЗНАКАМІТЫ СІНІ ПЛАШЧ (Famous blue raincoat)


Чацьвертая ранку, трыццатага сьнежня.

Як ты пажываеш? Нішто? Ну, канешне.

Узімку ў Нью-Ёрку далёка да раю,

Ды ўвечар на Клінтан-стрыт музыка грае.

Я чуў, ты будуеш патроху жытло сабе недзе ў пустэчы,

Ня знаеш, як жыць, але, веру, усё памятаеш. Дарэчы,

У Джэйн

ёсьць

пасма тваіх валасоў:

На згадку мінулых часоў

Ты ёй падарыў, як сышоў…

Ці напраўду сышоў?

Апошняга дня выглядаў як стары ты,

Падраў на плячы сіні плашч знакаміты,

Хадзіў на вакзал сустракаць цягнікі,

Ды зь Лілі Марлен разьмінуўся такі.

Ня ведалі вы, што аскепкаў ня склеіць і ёй:

Хоць вернецца, будзе – ужо нічыёй.

Помню, як

ты

ружу трымаў у зубох,

Як цыган, краў, што мог.

Толькі й ты быў ня Бог…

Яна шле прывітаньне.

Ды што тут казаць, што тут скажаш, мой браце,

Калі забіваюць браты?

Я ўсё дараваў, я прыпомню наўрад ці,

Я рады, што зь ёю быў ты.

А паклічам вярнуцца – ці я, ці яна:

Ведай, спаць будзе вораг, жонка будзе адна.

І яшчэ. Знаеш, дзякуй табе: больш няма

Страху ў ейных вачах – я стараўся б дарма.

Але

ёсьць

пасма тваіх валасоў:

На згадку мінулых часоў

Ты ёй падарыў, як сышоў –

Заўсёды твой,

Коэн.

 

1971


ІДЗЕ ВАЙНА (There is a War )


Ідзе вайна між багачом і жабраком,

паміж кабетай і мужчынам.

Ідзе вайна між тым, хто грозіць кулаком,

і тым, хто кажа: ні пры чым ён.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Зьбірай валізку.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Вайна ўжо блізка.

Я ім кажу: “Са мной каханка і дзіцё”.

Яны ў адказ: “Ня трэба казак!”

Яна заплача: “Ім пляваць на пачуцьцё”.

Я растлумачу: “Абавязак”.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Пасьцель – для хворых.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Ня дрэмле вораг.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Панюхай порах.

А ты мяне не пазнаеш:

маўляў, рамантыка люблю

свайго юнацтва.

А мне гавораць: “сьпі!” і “еж!”,

і я слухмяна ем і сплю,

а думкі пра вайну – адно вар’яцтва!

А ты чаму ня йдзеш на вайну? З крывёй і потам.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Вясельле – потым.

Ідзе вайна між багачом і жабраком,

паміж кабетай і мужчынам.

Ідзе вайна між даланёй і кулаком,

вайна між пальцам і курком,

між немагчымым і магчымым.

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Вайна – твой шанец!

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Пакуй свой ранец!

А ты чаму ня йдзеш на вайну? Хутчэй, засранец!

1974


АЛІЛЮЯ (Hallelujah)



Таемны голас. Вы – удвох.

Пяе Давід і чуе Бог,

Астатніх гэта песьня не хвалюе.

Знаёмы лад. Вядомы сьпеў.

Так цар зьбянтэжана хрыпеў,

Усё, што меў, уклаўшы ў Алілюя.

Ты прагнуў веры? Вось яна:

На даху ў ваннай давідна

На трон і на жыцьцё тваё палюе.

Прывяжа да сваёй красы,

На кухні зрэжа валасы

І вып’е з тваіх вуснаў Алілюя.

Ты кажаш: хібнае імя.

Ды што ў імёнах, акрамя

Таго, за што й бязь імені люблю я.

Ня важна, грэшнік ці сьвяты,

Бо ў кожным слове чуеш ты,

Як вогнішчам палае Алілюя.

Як неслухмянае дзіцё,

Жыву навобмацак жыцьцё:

Раблю няшмат, з табою не махлюю.

Ды Госпад Песьні ўсё адно

У хвілю, калі ўсё чутно,

Ня словы чуцьме – толькі Алілюя.

1984

ЯК ЖАДАЕШ ТЫ (If it be your will)



Як жадаеш Ты

Каб мой голас змоўк

Каб усе лісты

Я закрэсьліць змог

Каб малітвы шлі

Толькі зь нематы

Замаўчу, калі

Пажадаеш Ты

Як жадаеш Ты

Паляціць ізноў

У абшар пусты

Боль тваіх сыноў

У абшар пусты

Мой напеў былы

Як жадаеш Ты

Чуць мае хвалы

Як жадаеш Ты

Час і сілы ёсьць

Пойдзе дождж сьвяты

І пагасьне злосьць

Каб усе – браты

І ніхто ў агні

Як жадаеш Ты

Нас усіх зьмяні

Набліжай штодзень

Да свайго жытла

Жабракоў адзень

У лахманы сьвятла

Лахманы сьвятла

Возьмем за шчыты

Супраць цемры й зла

Як жадаеш Ты

Як жадаеш Ты

1984

Я ЎВЕСЬ ТВОЙ (І’m your man)


Скажаш быць каханкам – калі ласка

Ўсё, што ў смак табе

Скажаш іншым быць, надзену маску:

Як маньяк табе?

Можаш мне разьбіць ушчэнт машыну

Можаш учыніць твайму мужчыну

Марбадой –

Я ўвесь твой

Скажаш мне баксёрам быць

На рынг пайду грамілаю

Скажаш мне шафёрам быць

Куды паедзем, мілая?

Пагуляць у доктара хацела?

Адкажу за кожны лапік цела

Галавой

Я ўвесь твой

На месяцы

Павесіцца

Як пёс на ланцугу

Я колькі мусіў, столькі хлусіў

Толькі зараз не магу

І як ні лі тут сьлёз

Шчасьлівы лёс

Ня сьвеціць нам дваім

Але я буду выць

На поўню сну

Рваць сэрца

Й грызьці прасьціну

Пусьці ў свой грэшны рай

Прабач і дай, дай

Быць тваім

Хочаш не спазьніца на вясельле

Я спыню цягнік

Хочаш ноч правесьці на панэлі

Безь мяне – я зьнік

Хочаш бацьку для свайго дзіцяці

Хочаш па траве са мной гуляць ці

Пад травой –

Я ўвесь твой

Скажаш быць каханкам – калі ласка

Ўсё, што ў смак табе

Скажаш іншым быць, надзену маску

Вось маньяк табе…

1988


ВАЛЬС (Take this waltz )


Паводле Лоркі

Ёсць у Вене дзесяць жанчынаў
У адной плача Сьмерць на плячы
Сорак лоджыяў зь відам на дрэва
Дзе ўміраюць галубкі ўначы
Ёсьць халодная раніца ў раме
У мастацкім музэі Зімы
Ай-яй-яй-яй!
Атрымай гэты вальс
Дзе, зьнямелыя, кружымся мы

Ад жаданьня, жаданьня, жаданьня
Паміраю і прагну далей
У пячору, дзе рэўнасьці здані
Заблукалі ў пялёстках лілей
Дзе ня сьпіць неспатольная поўня
На гарачай тваёй прасьціне
Ай-яй-яй-яй!
Утрымай гэты вальс
Гэты вальс на апошняй струне

Наш вальс, наш вальс на чвэрць зь віна
А рэшту музыка вып’е адна –
Тры чвэрці сьмерці да дна

Ёсьць у Вене храм велічных музаў
Дзе на біс выклікалі твой рот
Побач з барам, дзе брытвамі блюзаў
Рэзаў горла музычны народ
А пасьля да твайго пастамэнту
Нёс букет сьвежазрэзаных сьлёз
Ай-яй-яй-яй!
Затрымай гэты вальс
Што памёр для цябе і ўваскрос

Ёсьць гарышча, дзе бавяцца дзеці
Прыдумляючы рыфму да “кроў”
У сьвятле самых лепшых на сьвеце
Будапэшцкіх старых ліхтароў
Перад сном – за авечкай авечка
Абяцанкі, як траўку, скубе
Ай-яй-яй-яй!
Падтрымай гэты вальс,
Што “ніколі ня кіне цябе!”

Наш вальс, наш вальс на чвэрць зь віна
А рэшту музыка вып’е адна –
Тры чвэрці сьмерці да дна

Я пушчу гэты танец па Вене
І ракою цябе панясу
Апушчуся, як раб, на калені
Каб сабраць тваіх сьцёгнаў расу
Затрымаю імгненьне ў абдымках
Дні і ночы, і ўсё, што паміж
І ніхто не пабачыць на здымках
Маю танную скрыпку і крыж
Хай цячэ па артэрыях Вены
Мая жарсьць і твая прыгажосьць
Захавай гэты вальс!
Гэта ўсё, што ў нас ёсьць
Што было і што будзе. І досьць!

1988



Я ПОМНЮ ЎСЁ (I Can’t Forget)



Я ўстаў ня з той нагі

Кругі перад вачыма

Я выйшаў пакурыць

А ў кухні нейкі гімн

Мне кажуць: я

Няпраўда, немагчыма

Я помню ўсё, я помню ўсё

Я помню, што было… ня помню, з кім

Я мчуся на аўто

Ў твой чортаў мэгаполіс

Я адрас запісаў

Паперка ў паліто

Ты шэпчаш “так”

Мне не забыць твой голас

Я помню як, я помню як

Як мы з табой, але ня помню што

І я прыйду з букетам

Кактусаў найлепшых

Машынка маёй памяці – твая

І я клянуся, мы з табой

Падманем сьледчых

А калі не, скажы ім: гэта я

Я заплаціў жыцьцём

А ты дала мне рэшту

Апошні саўнд-чэк

Пад камэртон зімы

Мінае ўсё

Ды застанецца нешта

Я помню нас, я помню нас

Я помню нас, ды хто такія мы?

1988


БУДУЧЫНЯ




 Дай мне зноў разьбітых сноў,

Мой тайны храм, люстраны схоў –

Сумна ў катавальні. Дзе ахвяра?

Дай мне ўладу і кантроль

Над усім, што церпіць боль,

І кладзіся побач – гэта кара!

Зьнесла крэкам паўстрахі.

Што звычайныя грахі,

Што садомскі – ўсё адно з табой мне.

Дай мне зноў вялікі пост,

Генацыд і халакост:

Будучыня – проста сьмерць на бойні!

Усё на глум, на глум,

Былое – сьмецьце.

Толькі рэшткі,

Рэшткі ўсё віруюць увушшу.

Завея, завея ўва ўсім сьвеце

Й апрамецьце,

Як навала,

Зруйнавала ўшчэнт душу.

Мне крычаць: ПРЫЗНАЙ ВІНУ!

Але чаму адну?

Мне крычаць: ПРЫЗНАЙ ВІНУ!

Чаму ўсяго адну?

Я табе амаль ніхто,

Я нуль, падзелены на сто,

Маленькі вечны жыд, што піша Тору.

А я глядзеў на ўсё, што ёсьць,

І паўсюль адно мілосьць

Прарастае часам у прастору.

Вунь прыйшоў твой пасланец –

Нам расказаць, што ўсім канец,

Пасланец суворы й непадкупны.

Неба падае згары,

Д’ябал дыхае ўнутры:

Будучыня – бойня. Хто наступны?

І раптам лясьнецца заходні ўвесь канон,

Жыцьцё тваё пакоціць пад адхон:

Агні на трасах і пачвары наўздагон –

З танцорам у белым…

І ўбачыш галавою ўніз яе:

Сукенка да зямлі не дастае…

І ўсе падонкі вершаваньня,

Што скуголяць,

Як маньяк над мёртвым целам, –

З танцорам белым…

Дай мне зноў вялікі пост,

Генацыд і халакост,

Дай мне ўкрыжаваньне ў Хірасіме.

Зьнішчы новае жыцьцё,

Усё адно, чыё дзіцё, –

Будучыня здарыцца з усімі!

1992


БУГІ-СТРЫТ (Boogie street)



Цалуеш так

Што зьзяе змрок

Руйнуючы нябыт

Сыходзіш так

Што я на крок

Бліжэй да Бугі-стрыт

Глыток віна і тытуню

І я цьвярозы ўшчэнт

Прыбраў паперы ад агню

Наладзіў інструмэнт

Я ў трафіку жаданы госьць

Бо маю час і спрыт

Я той хто ёсьць, пакуль мне ёсьць

Кім быць на Бугі-стрыт

Я помню ўсе твае лісты

Ўсе нашы гарады

Азёры, любая, дзе ты

Выходзіла з вады

А я лавіў цябе ў ручнік

Цалуючы наўзрыд

І быў агонь, а потым зьнік

І я на Бугі-стрыт

Вялікі дзякуй, што прыйшлі

Усе, каго люблю

З кім дзелім радасьці зямлі

Й вяртаемся ў зямлю

Вітаем лета і зіму

І свет нам не абрыд

Але не ведаем, чаму

Прыйшлі на Бугі-стрыт

Цалуем так

Што зьзяе змрок

Руйнуючы нябыт

Сыходзім так

Што кожны крок

Вядзе да Бугі-стрыт

2001

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2016-11-12 21:24:24
Пераклады файныя. Ці ўзяўся б хто персьпяваць?
  • ВР
  • 2016-11-12 22:43:36
"Можаш учыніць твайму мужчыну / Марбадой" - мабыць, усё ж "мардабой".
Тут http://belisrael.info/?p=8403 нават пераклад Трампа на бел. мову ёсць :)