Легендарную «Краму» пакідае заснавальнік і гітарыст Сяргей Трухановіч

17 лістапада гурт «Крама» запрашае на вялікі канцэрт. Ці існуе верагоднасць, што ён можа стаць апошнім для аднаго з найстарэйшых і самых аўтарытэтных рок-гуртоў у гісторыі незалежнай Беларусі? Піша Радыё Свабода.
У мінскім бары «Каёт» будзе прэзентаваны сінгл «Да неба» з аднайменнай песняй на словы Міхала Анемпадыстава часоў «Бонды», студыйнай версіяй «Стэфка праз 30 гадоў» і новай тэмай «Не твая вайна».

Тым часам у інтэрвъю Свабодзе гітарыст і заснавальнік «Крамы» Сяргей Трухановіч заявіў: для яго выхад на сцэну стане апошнім у калектыве, якому аддаў больш за чвэрць стагоддзя. Музыка мае намер заняцца сольнай кар’ерай, пісаць інструментальную музыку і засяродзіцца на новых праектах.

Сяргей з ліку людзей, на якіх трымалася канструкцыя «Крамы», а да таго ідэйнага папярэдніка ў выглядзе «Рокіса».

Ад старых «магіканаў» ужо амаль нікога не засталося. Перабраўся ў Бельгію ўдарнік Анатоль Горбач, развітаўся з калегамі і з'ехаў у Кітай другі гітарыст, Ілля Шэўчык, адышоў ад камандных спраў і грае ў кавер-бэндах бас-гітарыст Руслан Праўда. Гэта з іхнай ініцыятывы ў 1991-м «Крама» «разбагацела» на фронтмэна і ад таго часу нязменнага саліста Ігара Варашкевіча.

«Я спыняю дзейнасць у развіцці гурта, — канстатуе Сяргей Трухановіч. — Не бачу сэнсу далей працаваць з Ігарам Варашкевічам, з якім ужо няма творчых і чалавечых узаемаадносінаў. Мой першы сольны альбом мае назву „Пункт невяртання“, такая авіяцыйная тэрміналогія. У ёй філасофскі падтэкст. Пэўна, з „Крамай“ я пераступіў тую музычную частку паветранага акіяну, пасля якой вяртанне немагчымае. Для сябе я зачыняю „Краму“. Трэба глядзець наперад. Туды, дзе шмат творчасці і цікавых людзей, з якімі, спадзяюся, мы зробім нямала файнай музыкі».

У гісторыі сусветнай музыкі падобныя творчыя «разводы» не ёсць чымсьці экстраардынарным. Асабліва калі гаворка пра дзвюх яскравых асобаў, якім робіцца цесна на адным алімпе. Тым не менш музыкі запэўніваюць, што на наступным канцэрце ўнутраны канфлікт не адаб’ецца — запланаваны на 17 лістапада выступ адбудзецца.

Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: