Лекцыя-чытанне аднаго верша ў выкананні Алеся Разанава пройдзе ў Мінску

Арыгінальная падзея адбудзецца 27 студзеня ў залі Беларускага саюза дызайнераў.

Чытаць і ўчытвацца ў вершаваны тэкст, вандраваць па метафізічных сусветах  у пошуках адказаў на адвечныя пытанні, спрабаваць зразумець іншага і раптоўна ўбачыць сваё адлюстраванне ці адкрыць штосьці важнае пра сябе… Такія сустрэчы звычайна здараюцца знянацку, нечакана… становяцца для цябе выпрабаваннем і выклікам. Ці пакінеш усё як ёсць, без зменаў? Ці, нягледзячы на сваю нямогласць перад гэтай праўдай, адважышся крочыць у невядомае? Развязка кожнага са сцэнараў можа быць небяспечнай, бо пасля гэтага ты сам і свет вакол цябе ўжо не будзе ранейшым…

Лятучы ўніверсітэт запрашае на публічную прамову паэта і мысляра Алеся Разанава, падчас якой разам з майстрам мы чытаем верш і шукаем сэнсы, выбудоўваем кантэксты і знаходзім укрытыя асацыяцыі. Гэтым разам спрабуем спазнаць свет аднаго з вершаў Міхася Стральцова “Пад шоргат кропель дажджавых…”

Чытанні адбудуцца 27 студзеня ў залі Беларускага саюза дызайнераў (вул. Брылеўская, 14). Пачатак а 18.30.

Верш, які стаўся нагодай для чытанняў:

Міхась Стральцоў

Пад шоргат кропель дажджавых

Ён з тэлефоннай будкі бачыў,

Як па галінах верхавых

Зялёны вецер пругка скача.

 

Ён наглядаў. Ён не спяшаў.

Нішто пагляд не абражала.

Як бы лячылася душа,

Яе як быццам суцяшала,

 

Што вецер згоды не пытаў —

Шалеў над горадам — і, ніцы,

Ужо на вулках шкуматаў

Плашчы, кашулі і спадніцы.

 

I ў гэтай будцы пад дажджом,

У нейкай роспачы вялікай,

Сябе за даўнім рубяжом

Убачыў ён — і не паклікаў.

 

He мог. А мо не захацеў.

He абазваўся нейкім знакам.

А той у дзіўнай віднаце

Ці то ўсміхаўся, ці то плакаў...

 

I ў гэтым горадзе чужым,

Які ягоным быў калісьці,

Ішлі інакшыя дажджы,

Іначай трапятала лісце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!