«Лісты з нябёсаў» натхняюць і вяртаюць да каранёў

Вечарам 22 лютага ў Палацы мастацтва адкрылася выстава тых мастакоў з суполкі «Пагоня», якія адышлі ў лепшы свет.


Творчая суполка “Пагоня” нядаўна адсвяткавала 25-годдзе. Але, на жаль, шмат хто з як 106 сябраў не дажыў да гэтай даты.

Ідэя выставы належыць мастацтвазнаўцы Таццяне Гаранскай, якая з’яўляецца і яе куратарам. Тры гады таму не стала яе мужа — аднаго з тых, хто даслаў ліст з нябёсаў падчас гэтай выставы ўсім нам — Віктара Маркаўца. Спачатку яго смерць скавала яе. Але пасля ў жанчыны з’явілася мэта: распавядаць беларусам пра творчасць тых, каго ўжо няма з намі.

Таццяна Гаранская

Таццяна Гаранская перакананая, што беларускае мастацтва мае свой твар і сваю асаблівасць: “Днямі я пачула меркаванне наконт гэтай выставы, што маўляў, такія творы — гэта  пазаўчорашні дзень. Не, гэта творы лепшых беларускіх мастакоў. Многія лічаць, што беларускае мастацтва пачало набываць свой твар толькі пры цяперашніх мастаках. Але гэта не так. Першыя — гэта былі тыя, каго ўжо зараз няма з намі”.


Паэтычную назву выставе прапанаваў “Беларускі саюз мастакоў”. Старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца перакананы, што гэтыя мастакі не пакінулі нас, бо, адыходзячы ў Вечнасць, мастак застаецца на Зямлі:

Сённяшняя імпрэза гэтаму пацверджанне. Пасля мастакоў застаюцца творы, па якіх пазнаецца нашая бацькаўшчына. Калі мы паглядзім на гэтыя карціны, то мусім памінуць, а не проста ўзгадаць тых, хто ўжо адыйшоў ад нас”.


Выстава, на якой прадстаўлена каля 160 твораў, адказвае на пытанне: з чаго пачынаў акрэслівацца беларускі твар мастацтва? А пачыналася ўсё ад Міхася Рагалевіча, які заявіў пра рэпрысаваных праз выяўленчае мастацтва. Ад Яўгена Куліка, які зрабіў рэканструкцыю беларускіх замкаў на сваіх палотнах. Ад Міхася Раманюка, які пісаў людзей на палотнах у нацыянальных строях.


Карціны на выставе абуджаюць ледзь не самае важнае пачуццё — гонар за Беларусь. Не трэба быць мастацтвазнаўцам, каб зразумець, што мастак, які стаяў насупраць мальберта не проста адлюстроўваў тое, што бачыў. Ён ствараў рэальнасць, карыстаючыся сваімі ведамі і марамі пра Беларусь. Ад таго творы, якія прадстаўлены на выставе становяцца асветніцкмі.

Чаму варта наведаць “Лісты з нябёсаў”?

Па-першае, большасць з гэтых карцін можна больш нідзе не пабачыць. Яны захоўваюцца, у асноўным, па сем’ях памерлых мастакоў.

Па-другое, выстава дапамагае беларусам лепш адчуваць сваю сувязь з каранямі. Як сказаў Ігар Марачкін, кіраўнік суполкі “Пагоня” і каардынатар выставы: “ Лепшы падручнік для мастака — творы мастакоў”. Лепшы варыянт зразумець, як акрэсліваўся твар беларускага мастацтва — пабачыць гэтыя творы на выставе.

Па-трэцяе, кожная карціна тут — унікальная. Прыйшоўшы на выставу, можна адкрыць для сябе досыць  цікавыя рэчы. “Адзін годны мастак, калі пабачыў карціны мастачкі Яўгеніі Ліс, сказаў, што нарэшце пабачыў сапраўдны жывапіс", — падзяліўся Ігар Марачкін.


Нарэшце, гэта выстава натхняе. Натхняюць пейзажныя палотны Віктара Маркаўца, у якіх гарманічна свежыя і светлыя колеры. Калі глядзіш на палотны Яўгена Куліка, то бярэ гонар за сваю краіну, бо можаш скласці ўяўленне пра тое, якое месца Беларусь займала ў гістарычнай прасторы. Калі глядзіш карціны Віктара Сташчанюка, то пашыраеш свой светапогляд за кошт яго гістарычных рэканструкцый архітэктурных ансамбляў. А разглядаючы пейзажы Пятра Шарыпы, разумееш, у наколькі прыгожай краіне ты жывеш.

Таццяна Гаранская марыць выдаць кнігу пад назвай “Лісты з нябёсаў”. Гэта дае ёй сілы жыць, бо “як жыць — дык жыць для Беларусі. А без яе — зусім не жыць”.

Фота: Уладзіслаў Рубанаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!