Літаратурнай прэміі «Дэбют» — 10 гадоў. Запрашаем на свята!

Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча адзначае 10-годдзе. За гэты час лаўрэатамі прэміі і ўладальнікамі спецпрызоў сталі больш за 30 пісьменнікаў і перакладчыкаў. Сярод іх Андрэй Горват, Віктар Марціновіч, Юлія Шарова, Глеб Лабадзенка.



«Пакінуць без увагі круглую дату для прэміі мы не маглі. І толькі думалі, у якім фармаце зладзіць імпрэзу. З 15 па 18 кастрычніка ў Мінску будзе праходзіць фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Яго арганізатары пагадзіліся ў праграму фэсту ўключыць і «Дэбют». Нягледзячы на неспрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку, будуць прынятыя меры для большай бяспекі прысутных», — адзначылі ў дабрачынным фондзе «Вяртанне», які з’яўляецца сузаснавальнікам прэміі. 

Што чакаць на святкаванні 10-годдзя? 

Сёлета ўручэнне прэміі па намінацыях вырашана перанесці на наступны год. Зараз будзе ўручаны прыз «Дэбют дзесяцігоддзя» — яго ўладальніка выберуць сярод папярэдніх лаўрэатаў і імя назавуць непасрэдна на імпрэзе.

Лаўрэат першага «Дэбюта» паэт Віталь Рыжкоў возьме ўдзел у размове на тэму «Як удала дэбютаваць у літаратуры?» Чаму адны пісьменнікі пішуць шмат, але не становяцца папулярнымі, а іншыя на дзесяцігоддзе застаюцца ў топах, выдаўшы толькі адну кнігу?

Падчас імпрэзы будуць названы імёны яшчэ адной літаратурнай прэміі, сузаснавальнікам якой з’яўляецца фонд «Вяртанне», — імя Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў.

Праз эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, колькасць месцаў у зале зменшаная. Арганізатары абяцаюць паставіць санітайзеры, а прысутных заклікаюць быць у масках. Каб патрапіць на святкаванне, трэба зарэгістравацца ў гугл-форме па спасылцы.

http://bit.do/fJ69S

Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча заснавана ў снежні 2010 года. Ля яе вытокаў стаялі пісьменнік Уладзімір Арлоў і мецэнат Павел Бераговіч. Заснавальнікі прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і дабрачынны фонд «Вяртанне». «Дэбютам» ушаноўваюць маладых аўтараў/перакладчыкаў да 35 гадоў, якія пішуць у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Мастацкі пераклад». Лаўрэатамі ў розныя гады станавіліся Ганна Янкута, Андрэй Горват, Віктар Марціновіч, Дар’я Трайдэн, Зараслава Камінская, Міхал Бараноўскі і іншыя.



Запрашаем! 16 кастрычніка (пятніца) 20.30 – 21.30. Палац мастацтва (вул. Казлова, 3), зала 2.


Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: