Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на вечарыну да 115-годдзя Уладзіміра Дубоўкі

23 верасня Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на вечарыну “Штурмуйце будучыні аванпосты!”



Уладзімір Дубоўка — адзін з самых таленавітых прадстаўнікоў пакалення 1920-х, паэт і перакладчык, чый унёсак у беларускую літаратуру па сённяшні дзень яшчэ належным чынам не ацэнены. А, між іншым, ён стаяў ля вытокаў унікальнага літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, быў эксперыментатарам у галіне паэтычнай формы. У. Дубоўка — высокаэрудыраваны творца, які пастаянна імкнуўся да самаразвіцця і ўдасканалення. Многія даследчыкі ставяць яго ў першы шэраг паслядоўнікаў Максіма Багдановіча, захапленне творчасцю якога прайшло праз усё жыццё У. Дубоўкі.

Адным з найбольш каштоўных экспанатаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску з’яўляецца арыгінальны “Вянок” 1913 г., які ў свой час належаў Уладзіміру Дубоўку. Убачыць гэты ўнікальны экземпляр, а таксама пачуць гісторыю гэтай кнігі і далучыцца да святкавання 115-годдзя яе ўладальніка запрашаюцца ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ўсе аматары беларускай літаратуры.

Вечарына і адкрыццё выставы адбудуцца 23 верасня, а 17-й гадзіне (вул. М.Багдановіча, 7а).

Тэлефон для даведак: 334-42-69

Сярод запрошаных гасцей: Віктар Жыбуль, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!