Літоўскія цэпеліны ў цэнтры Мінска (+фота)

Упершыню ў Мінску на тэрыторыі Верхняга гораду святкуюць Дзень літоўскай культуры. Музыка, танцы, кухня, народныя рамёствы — усё гэта стварае выдатную магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі і побытам нашых суседзяў.

На тэрыторыі Верхняга горада каля ратушы разгарнулася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва літоўскіх майстроў, якія для ўсіх жадаючых праводзяць бясплатныя майстар-класы па народных рамёствах — тут і разьба па дрэве, і мастацкая апрацоўка бурштыну, і качанне, і вязанне, і пляценне са скуры ды шмат што іншае. Да іх далучыліся і беларускія майстры.

Для аматараў музыкі з канцэртнай праграмай сёння выступаюць капэла народнай музыкі Kaimynai (вёска Палюнішкіс), ансамбль песні і танца Minija (горад Гаргждай), фальклорны ансамбль Seluona (горад Зарасай). Можна будзе і патанчыць: кіраўнікі і ўдзельнікі літоўскіх творчых калектываў правядуць майстар-класы па літоўскім традыцыйным танцы.

І куды ж без слаўных літоўскіх цэпелінаў? Гэта вырабы з цёртай бульбы, напоўненыя мясам альбо грыбамі. Цэпеліны, як і іншыя стравы літоўскай нацыянальнай кухні — халодны боршч і шакоціс — можна будзе пакаштаваць побач з канцэртнай пляцоўкай. Шакоціс (у перакладзе з літоўскага «галінастае дрэва») — гэта традыцыйны вясельны літоўскі і польскі торт незвычайнай формы з яечнага цеста, выпечаны на адкрытым агні. Між іншым, ён занесены ў Літоўскі нацыянальны фонд кулінарнай спадчыны.

Свята літоўскай культуры праходзіць сёння з 12.00 да 18.00 на тэрыторыі Верхняга горада. Арганізатары мерапрыемства – Мінгарвыканкам, Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларуская абшчына літоўцаў», Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Пасля гэтага адбудзецца канцэрт джазавай музыкі, у праграме якога выступяць Кліўленд Джонс (ЗША), вакальны квартэт Minsk Voices (Беларусь), Набіль Хемір (Туніс).

 

Даведка:

Паводле перапісу 2009 года, у Беларусі пражывае 5087 літоўцаў, каля 3 тысяч  у Гродзенскай вобласці. У Беларусі зарэгістравана восем нацыянальна-культурных аб'яднанняў літоўцаў: у Мінску, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці і шэсць арганізацый у Гродзенскай вобласці. У Беларусі дзейнічаюць дзве агульнаадукацыйныя школы з літоўскай мовай навучання. 

Фота аўтара


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: