Лявон Вольскі дасць канцэрт на плошчы Свабоды ў Мінску

Гадзінны канцэрт адбудзецца 19 жніўня ў рамках конкурсу «Заспявай 3.0» на летняй тэрасе кафэ «Холад». Лявон Вольскі заспявае свае лепшыя песні, якія можна выканаць у акустыцы.


Арганізатар конкурсу Сяргей Будкін атрымаў гастрольнае пасведчанне на канцэрт Віктара Лупасіна, Фёдара Жывалеўскага і групы «Лейбонік» пры ўдзеле Лявона Вольскага.

Дакумент падпісаны першым намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнікам упраўлення культуры Рудзікавай В. В.

«Гэта не зусім сольны канцэрт Лявона Вольскага. Гэта апошні канцэрт у гадовай серыі конкурсу маладых выканаўцаў "Заспявай 3.0". Вольскі ўваходзіць у склад журы, і мы прапанавалі яму выступіць», — растлумачыў радыё «Свабода» Сяргей Будкін.

Ён адзначыў: казаць аб тым, што канцэртная дзейнасць Вольскага цалкам дазволена, рана.

«Складана сказаць, што адбываецца ў галовах чыноўнікаў, якія даюць гастрольныя пасведчанні. Толькі спадзяюся, што ўсім хопіць розуму не перашкаджаць і даць Лявону выступіць і падтрымаць маладых выканаўцаў», — адзначыў арганізатар канцэрта.

Сяргей Будкін папярэджвае: нягледзячы на ​​тое, што гастрольнае пасведчанне атрымана, гарантаваць тое, што канцэрт адбудзецца, немагчыма:

«Яшчэ не факт, што канцэрт пройдзе. Гэта вялікая рызыка. Мы адразу будзем пра гэта папярэджваць тых, хто будзе купляць квіткі. Але ў выпадку забароны канцэрту набыты білет будзе дзейнічаць як сертыфікат на куплю ў краме symbal.by».

Нагадаем, 27 ліпеня ў Мінску ў рамках пікету па зборы подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў ад «Руху за свабоду» Аляксандра Лагвінца прайшоў першы за апошнія некалькі гадоў бясплатны канцэрт Лявона Вольскага.

Пасля гэтага Алесь Лагвінец атрымаў афіцыйнае папярэджанне акруговага выбаркама за агітацыю на пікеце па зборы подпісаў.


Паводле belaruspartisan.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: