Лявон Вольскі: двухбаковая «Псіхасаматыка»

Калі Лявон Вольскі прэзентаваў у інтэрнеце чацвёрты сольны альбом пад назвай «Псіхасаматыка», гэта стала асноўнай навінай дня — неабыякавыя рэсурсы ў сеціве былі перапоўненыя кантэтам пра доўгачаканую падзею.

І гэта не дзіўна, бо альбом анансаваўся даволі даўно, увагу прыцягнула да сябе і краўдфандынгавая кампанія «на запіс», якая вялася з сакавіка. На сабраныя грошы, пры падтрымцы нарвежскага саундпрадзюсара, які працаваў і над папярэднім альбомам выканаўцы («Грамадазнаўства»), у Вільні была запісана «Псіхасаматыка», мастэрынг ажыццяўляўся ў Лондане.


Новы альбом складаецца з 16 песен і падзяляецца на дзве роўныя часткі — такая канцэпцыя выкарыстоўваецца не проста так. Ідэя падзелу ўзнікла ў Снорэ Бэргерудама, саўндпрадзюсара, які захацеў паказаць розныя бакі творчай асобы Лявона Вольскага — рок-музыкі з жорсткімі тэкстамі і барда-паэта. У чым жа знайшла ўвасабленне гэтая ідэя?

Першая частка альбому называецца «Горад», другая – «Лес». Як кажа сам выканаўца (і што чуваць пры праслухоўванні), гэтыя часткі маюць розны характар: музыкі, тэкстаў, пачуццяў. Цікавым сродкам размежавання «гораду-лесу» з’яўляюцца не толькі назвы-супрацьпастаўленні, але і версіі першай песні. Яны маюць аднолькавую назву — «Гэй!», — прычым словы і аранжыроўкі — не падобныя. Калі яны гучаць, ужо ўзнікаюць прадчуванні наконт кожнай часткі. Нескладана зразумець, што асноўная тэма першага «Гэй!» — горад і соцыўм. У другім жа Вольскі ў робіць шуканні ў прыродзе, сабе. Гэта дастаткова ўдалы ход, які прыцягвае ўвагу ад самага пачатку (нездарма «Гэй» была абраная для анансавання выхаду альбома).

Частка «Горад» больш звяртаецца да папярэдняй творчасці і тэмаў, якія хвалююць Вольскага-грамадзяніна. Выканаўца падымае сацыяльныя пытанні, заклікае да дзеянняў, у які ўжо раз падкрэслівае несупынны і жорсткі механізм сацыяльных працэсаў. Не абыходзіцца і без разважанняў на дзяржаўныя пытанні. Гэта ўсё, здаецца, прадыктавана становішчам музыкі ў роднай краіне і незадаволеннасцю працэсамі, якія адбываюцца ў ёй і ў свеце наогул. У агульным, частка атрымалася мажорнай, з’едлівай, шукаючай і разважлівай пра чалавека сярод людзей.

Другая частка больш лірычая і паэтычная. Гэта датычыцца і тэксту, і музыкі. У «Лесе» Вольскі выкарыстоўвае недасяжны вобраз бога (як сімвала выратавання), зварот да прыроды, разважае на больш агульныя тэмы, задае рытарычныя пытанні, шукае чалавека не толькі ў грамадскім наваколлі, але і ў сабе самім. Паэтызаванасць і вобразнасць тэкстаў прамушые слухаць і чуць звароты да слухача, спрабаваць зразумець і адчуць.


Асобна я б адзначыла апошнюю песню частцы і альбома: «Мне трэба ісці». Сумны настрой, жаданне безвыхаднага шляху і словы «Дачакайся мяне» падкрэсліваюць і паказваюць унутраны свет героя песні, цяжкія думкі і невызначанасць у сучаснасці. І разам з тым — гэта словы Вольскага. Музыка падкрэсліваў: праца над запісам матэрыялаў была скончана да таго, як яго жонка, Ганна Вольская, пакінула гэты свет; пасля гэтага ў песнях былі змененыя толькі некалькі радкоў. Але наколькі пранікліва гучыць гэтая песня, апошняя ў спісе, зараз? 

Чаму ж больш прыцягвае ўвагу другая частка «Псіхасаматыкі»? Для беларускай рок-музыкі (і не толькі) выкарыстанне грамадскіх тэм і ўзняцце сацыяльных пытанняў — даволі частая рэч. Але як разглядзець велічыню талента праз іх? Большую каштоўнасць уяўляе магчымасць паказаць талент паэта праз песню. Ды і ўбачыць, што хвалюе аўтара па-за пытаннямі агульнай грамадскай сучаснасці, заўсёды цікава. Гучанне альбому атрымалася даволі моцным, у чым, канешне, адыгрывае сваю ролю каманда, якая дапамагала музыке ў гукавай працы. 

Альбом атрымыўся цікавым па форме і зместу — двухбаковым, дзякуючы чаму знойдзе свайго слухача ў розных сацыяльных суполках; чапляе менавіта філасоўскімі тэмамі (грамадскіх было дастаткова і ў папярэднім «Грамадазнаўстве»). У ім мы бачым і Вольскага-прамоўцу, і Вольскага-паэта, у прыватнасці — лірычнага.

Выканаўца: Лявон Вольскі.
Альбом: «Псіхасаматыка».
Дата рэлізу: 15.11.2016.

Вакал, тэкст, музыка: Лявон Вольскі.
Гітара, бас, аранжыроўкі, прадакшн (Ymir Audio, Вільня): Снорэ Бэргерудам.
Бубны: Сіндрэ Скэе.
Мастэрынг (Orgone Studios, Лондан): Джэйм Гомэз Арэлана.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!