Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Лявон Вольскі: «Раней здавалася: за што мяне так ненавідзяць?»

 Лявон Вольскі распавёў пра грошы, забароны, сапраўдную музыку і сучасных рок-герояў.

У канцы верасня знакаміты беларускі музыка Лявон Вольскі дае першы за сем год сольны канцэрт у Мінску. Рэкардсмен па колькасці рок-карон, аўтар самых вядомых песень у гісторыі беларускай альтэрнатыўнай музыкі збірае буйную мінскую клубную пляцоўку. Напярэдадні канцэрта Onliner.by пагаварыў з Лявонам Артуравічам пра сапраўдных рок-герояў, крытыку ў каментах, пераемнасць пакаленняў і нарвежскія хітрыкі.

«Гэта звычайная справа: ты адкладаеш самае істотнае на потым»

— Як вашыя справы?

— Такое цікавае журналісцкае пытанне… Як справы… Па-рознаму.

— Што ў вас зараз адбываецца ў творчым плане?

— Усё ідзе.

— Нешта новае пішацца?

— У планах. Пакуль не, шчыра кажучы. У сэнсе пішацца такое… Дэкаратыўна-прыкладное. Для праекту «(Не)Растраляная паэзія», напрыклад. А сольнае… Ёсць у планах. Размаўлялі мы з прадусарам, і ёсць ідэі, як гэта ўсё раскласці па палічках, але для гэтага павінен быць пэўны час. А зараз у мяне такая мітусня перад канцэртамі, што няма калі заняцца творчасцю.

— Сольнік шмат сіл адбірае?

— «Белая яблыня» адбірае шмат, таму што там шмат матэрыялу і ён дастаткова надзейна забыты. Мы ігралі два канцэрты ў 2010 годзе, потым пачаліся незваротныя грамадска-палітычныя працэсы, але мы паспелі яшчэ выступіць з гэтай праграмай у Гродна і Бярэсці, а потым — у Вільні. А з 2011 года быў досыць доўгі перапынак. Але я сеў падбіраць песні, і высветлілася, што ўсё памятаю — усе партыі, усе тэксты.

— Чаму 21 верасня будзе менавіта «Яблыня»?

— Даўно не было. Першае аддзяленне — «Белая яблыня», а другое — The Best, ці як гэта называецца.

— Я чаму пытаюся… Калі толькі выйшла «Белая яблыня грому», было шмат крытыкі ў адрас праекта. Да прыкладу, Зміцер Падбярэзскі цытаваў Каплера: «Очередная неудача великого мастера». Для вас гэта сапраўды была нейкая няўдача?

— Я думаю, трэба рабіць скідку на тое, што гэта рабілася у той час, калі быў недасканалы падыход да запісу. Можа быць, нешта не атрымалася з тэхнічнага боку. Бо зараз я пераслухаў песні: задума і ўвасабленне не падаліся мне няўдалымі. Мне нават не падаецца: яны сапраўды не няўдалыя. Рознастылёвая, рознажанравая палітра, таму што ўсе вершы розныя і напісаныя рознымі людзьмі пад розным настроем і рознымі эмоцыямі. Таму мне менавіта так і адчулася. Ну і канцэрты былі выдатныя! Я спадзяюся, што і гэты будзе не горшы, а значна лепшы.

Чаму так падалося камусьці… Магчыма, з-за гэтай недасканаласці. Не з пазіцыі аранжавання ці канцэпцыі, а проста з-за тэхнічнага ўвасаблення.

— Апошні ваш сольны альбом «Псіхасаматыка» таксама атрымаў нейкую крытыку. Кажуць пра тое, што на ім знік Вольскі-меладыст.

— Зусім неякія трызненні. Хіба там не меладычныя песні? Там наогул палова песен, якія пад гітару можна іграць. І ёсць ярка выражаныя мелодыі таксама. Я досыць крытычна стаўлюся да сваёй творчасці, але вось гэта — абсурд. Там чатыры акорды, простыя мелодыі — сеў і праспяваў.

Альбом выглядае аскетычным. Калі мы з Алесем Мышкевічам пачалі рыхтавацца да ўвасаблення песень, нам здавалася, што там усё проста Снорэ (Бергеруд, нарвежскі саўнд-прадусар. — Заўв. Onliner.by) зрабіў. І сапраўды: слухаеш — здаецца, што ўсё просценька так: ніякіх брыджаў, сола только адно за два апошнія альбомы, нават intro часта няма. Тут Снорэ вырашыў ад гэтага амаль паўсюль паадмаўляцца, і песні часам пачынаюцца з голасу — гэта мяне ў пэўны час наогул ставіла ў тупік, бо можна не патрапіць у танальнасць. З цягам часу я навучыўся.

Гэта толькі падаецца, што ўсё вельмі проста і схематычна. Не кожны музыка гэта сыграе: там такія ёсць хітрыкі! Вось калі альбом запісвае малады гурт, то хоча паказаць грамадству, як ён крута мысліць, наколькі крута музыкі адыходзяць убок. А тут такога не было — тут унутры ёсць вельмі і вельмі сур’ёзная круцізна. Хітрыкаў там больш, чым на альбомах вось гэтых маладых гуртоў. Там ёсць мелізмы, там час ад часу не чатыры чвэрці, для баса вельмі цяжкія рэчы. Я, напрыклад, адну рэч так і не здолеў сыграць — мы проста ўбралі маю партыю.

— Што гэта за рэч?

— У песні «Бульбашы» з адным мелізмам я не справіўся, таму што не прызвычаіўся іграць такія рэчы. У мяне больш сякерны падыход, я слабы гітарыст, падкладачны, а тут мне трэба было граць такую досыць хард-рокавую партыю. Музыкі і без мяне абыйшліся.

— Вы супрацоўнічалі шмат з кім з беларскіх музыкаў. Што ёсць у нарвежцах, чаго няма ў беларусах?

— Тыя музыкі, з якімі я зараз маю супрацу, вельмі добрыя. А падыход… У мяне наогул першы раз у жыцці досвед такой прадусарскай працы, бо я дасылаў гармонію, мелодыю і час ад часу ход, які хацелася, каб быў. Раз-пораз Снорэ мае заўвагі прымаў, а раз-пораз пісаў па-свойму. Напрыклад, у песні «А хто там ідзе» у мяне было наогул усё па-іншаму. Яна была такая… Motorhead нагадвала. А Снорэ ўсе перарабіў, і з тых самых нот атрымалася іншая песня.

У Беларусі я з прадусарамі не працаваў і часцей сам выступаў як прадусар. Але Снорэ больш кампетэнтны ў агульнай канцэпцыі. Да прыкладу, усе мясцовыя людзі, блізкія да прадусарства, калі пачулі «Псіхасаматыку», спыталі: «А чаму не два дыскі?» Такая канцэпцыя. Дзіўная, але апраўдалася.

— Як зараз пішацца песня? Ёсць нейкая пэўная схема?

— Ніякай схемы не існуе. Натхненне можа наведаць цябе ў любых абставінах. Але мне лепей, калі ёсць дэдлайн, тэрміны. Вось калі Снорэ сказаў, што трэба зараз, а песня мусіць выйсці ў гэты дзень, мне прасцей. Інакш я ўсё адкладаю. Гэта звычайная справа: ты адкладаеш самае істотнае на потым. Вось крышачку пачакаю, а пакуль пазаймаюся бягучымі справамі: карыкатуру намалюю, апавяданне напішу. А потым глядзіш — ужо год прайшоў.

Цяпер наогул ёсць такі перыяд, за які трэба пэўную колькасць песень напісаць, а потым іх на свежае вуха праслухаць і штосьці выкінуць, а штосьці дапісаць.

— Выкінуць нешта з песень ці нейкія песні?

— І так, і так. Калі пра мінулы альбом… Так атрымалася, што пісалі частку ў Швейцарыі, а частку — ў беларускай весцы. І ў швейцарскай весцы таксама.

— Песні, напісаныя ў Швейцарыі і ў Беларусі, неяк адрозніваюцца?

— У Швейцарыі ўсе цяжкія песні былі напісаныя, а ў беларускай весцы — лірыка.

«Пэўны час гаварылі, што гэты Вольскі не дае праходу маладым, заняў усе нішы»

— Давайце вернемся да пытання крытыкі. Раней вы казалі, што вас вельмі чапляе тое, што пра вас пішуць у каментах у інтэрнэце.

— Зразумела, чапляе!

— Зараз нешта змянілася?

— Зараз чапляе не ў такой ступені: чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Раней мне здавалася: за што мяне так ненавідзяць? А цяпер проста разумееш, што ёсць людзі, якія ненавідзяць усіх, асабліва публічных асобаў. І яны заўсёды будуць пісаць свае «фэ» і крычаць «А хто гэта?». «Хто гэтыя людзі?» — адзін каментар будзе заўсёды.

— Дзіўна… Мне падавалася, што вы — адна з тых нешматлікіх асобаў, якіх любяць безумоўна і пра якіх дрэнна не пішуць.

— Не, пішуць усё, што хочаш!

— А што пішуць?

— Прэтэнзій шмат. Першая — а хто гэта такі? Бывае, пішуць, што гэта не музыка. Музыка — гэта Whitesnake, Рычы Блэкмар, а Вольскі — не. Змагарскія песні — гэта зараз не модна: апазіцыйная тусоўка, толькі для сваіх, для пятай калоны… Пэўны час яшчэ гаварылі, што гэты Вольскі не дае праходу маладым, заняў усе нішы.

— Гадоў пяць таму.

— Вы неяк казалі, што гэтая прэтэнзія гучала ад беларускіх музыкаў.

— Музыкі, напэўна, хаваліся пад нейкімі нікамі. Але хутчэй за ўсё гэта музыкі, так. А хто яшчэ будзе пісаць такое? Пасля дзесяці гадоў забаронаў гэта неактуальна ў прынцыпе. Нават ужо і ў Вільні нішу заняў! Вільня ўжо наша.

— Мне падаецца, што сказаць «Хто такі Вольскі?» можа толькі падлетак, які слухае наогул іншую музыку. У вас дачка прыкладна такога ж узросту. Што слухае яна?

— Вы здзівіцеся, але яна слухае класіку: Боба Марлі, Марка Нопфлера, Джона Ленана…

— А што вы думаеце пра сучасную музыку? Хіп-хоп, рэп-батлы…

— Не глядзеў ніводнага.

— Вам наогул нецікава, што адбываецца ў сучаснай поп-культуры?

— Поп-культура не вельмі цікавая. Але ж я паўсюль чую сучасную музыку, і яна крышачку… Я не хачу сказаць, што стала горшай. Проста цяпер такі фармат: яна досыць аскетычная. Няма ўсіх гэтых наваротаў Майкла Джэксана. Усё досыць патаннела, і тэхналогіі ў тым ліку. Тое, што раней каштавала два мільёны, цяпер каштуе дзве тысячы. Я аперую невядомымі мне лічбамі, але прыкладна ўсё так. А сама музыка…

Калі раней я мог адрозніць Рыану і Беёнсэ, то цяпер гэта зрабіць цяжка, таму што яны працуюць у адным рэчышчы — мне падаецца так. Але гэтая музыка не зусім спрошчаная, ў ёй ёсць свае навароты.

Потым зменіцца час, і фармат зменіцца на іншы. А з рокам такая сітуацыя… Зараз ёсць усё, што заўгодна: можна так, а можна так. Няма, на мой погляд, генеральнай лініі, якая была калісьці. Спачатку былі гэтыя хлопцы ў ласінах і з начосамі, потым прыйшла Nirvana і ўсё гэта зруйнавала, потым быў кароткі перыяд ню-метала, пасля пэўны час былі ангельцы. А цяпер ёсць дзясяткі розных стыляў.

— Для вашай музыкі таксама быў пэўны час? Вы лічыце сябе класікам беларускага року?

— Калі б я зараз сядзеў дзе-небудзь у журы пастаянна і сам бы толькі крытыкаваў… Аднойчы мне Віктар Шалкевіч зрабіў заўвагу. Справа ў тым, што я страшна не люблю быць у журы і рабіў гэта лічаныя разы. Неяк падчас «Бардаўскай восені» мяне ці шантажом, ці подкупам угаварылі. Я пасядзеў, і тут Шалкевіч прыехаў граць канцэрт і спытаў: «А ты чаго тут?» Адказваю: «Папрасілі». А ён мне кажа: «Дык ты ж яшчэ дзейсны! У журы ж сядзяць тыя, хто ўжо нічога не піша. Ідзі і спявай!» Мне гэта запомнілася…

— Хто такі сучасны беларускі рок-герой? Ці ёсць ён наогул?

— А ці павінен ён быць?.. Я вось таксама не ведаю. Цяпер час такі. Калі героі і засталіся, дык яны нешта масава сыходзяць, і мне вельмі шкада, што так адбываецца. Расчараванне нейкае. Героі засталіся тыя, што былі раней. А цяперашнія — наўрад ці. Музыка, на мой погляд, згубіла звышактуальныя пазіцыі, якія мела з сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі бабахала аж да пачатку двухтысячных. Гэта было не толькі ў нас, але тут наогул быў нейкі псіхоз. Гэта проста была рэлігія! Насіліся, перапісвалі, была нейкая мафія, якая ўсё гэта кантралявала. У нас заўсёды ўсё гіпетрафавана — як там, только значна горш.

Тады, безумоўна, былі героі. Музыка спалучылася з поп-артам, з паэзіяй і ўвесь час была на першай пазіцыі, а ў наш час яна стала роўнай з усімі астатнімі. У семідзесятых ты мог запісаць дзве песні і назаўтра стаць мільянерам, нават не прыкладаючы асаблівых намаганняў — гэта была такая амерыканская мара. Вось спорт — гэта вялікі бізнэс, але спартоўцы робяцца інвалідамі, каб нечага дасягнуць і зарабляць вялікія грошы. Хаця… Музыкі таксама робяцца інвалідамі, але па іншых прычынах.

— Музыка — гэта таксама вялікія грошы. Але вы кажаце, што не зарабілі іх. Вось быў сыты перыяд, калі N.R.M. каталіся з канцэртамі па Польшчы, «Крамбамбулю» рэгулярна запрашалі на карпаратывы… Ці зарабляеце вы зараз музыкай прыстойныя грошы?

— Гледзячы што лічыць прыстойнымі грашыма… Я наогул не люблю і не ўмею размаўляць пра грошы, шчыра кажучы. Прыстойныя — гэта не «па пяцьсот», зразумела. Зарабляць музыкай…

У нас жа як музыкай зарабляюць? Хто ў кавер-бэндзе грае, хто саундтрэкі піша для расійскіх серыялаў… Для расійскіх я не пісаў, але для аднаго польскага фільма і двух беларускіх музыку зрабіў.

Я не скажу, што жыву ў нейкай галечы. Але гэта, безумоўна, не тое, што адбываецца, напрыклад, у Польшчы. І абсалютна ясна чаму. Гадоў сем таму мае польскія і ўкраінскія калегі казалі прыкладна адно і тое ж: «Мы думалі, што будзем ездзіць па ўсім свеце, а цяпер ездзім толькі падчас дней польскай культуры». А так… Па Польшчы, па Польшчы… Я думаю: «Мне б такія праблемы!» Гурт едзе ў тур на два месяцы, потым месяц адпачывае і едзе зноў: Чыкага, Бостан…

— Вы рэкардсмен па колькасці рок-карон: атрымлівалі іх тройчы. Але апошнюю аддалі дзецям Мулявіна. Чаму?

— Я наогул ніколі не ставіўся сур’ёзна да ўсіх гэтых рок-карон. Хіба толькі першы раз мы пераймаліся, ці дадуць узнагароду нам: сядзелі ў глядзельнай зале і чакалі ў інтрызе. Нас абвясцілі, і мы ўмудрыліся цалкам залажаць песню ад гэтых пержыванняў — Анатоль Вечар быў вымушаны проста паставіць кліп на яе. Я так пачаў, што там усё грохнула адразу. Але тады гэта была сапраўды рэферэнтная прэмія: была інтрыга, быў пафас. Цікава! І так рэзка ўсё гэта пачало ў піке заходзіць, што апошнія некалькі разоў проста адмаўляўся. «Чаму мы павінны граць там?»«Ну хаця б штосьці сыграйце!»«А навошта? У мяне не было ніякіх дасягненняў у гэтым годзе». Нейкая пародыя… Тое самае з фестывалем «Рок па вакацыях». Мяне запрашаюць, і я пытаюся: «А калі ён адбудзецца?»«23 лістапада».«Дык ён жа павінен 1 верасня праводзіцца, у Дзень ведаў!»«А якая розніца?» Сапраўды, якая розніца? Можна любы дзень пасля якіх-небудзь вакацыяў браць. Жалезная логіка. Атрымліваецца, што канцэпцыі, на якіх будаваліся гэтыя шоу раней, цалкам зруйнаваныя, застаўся нейкі прывід. Таму я ў апошнія гады ад іх і адмаўляўся.

— «Рок-каранацыя» страціла сэнс, калі з’явіліся «чорныя спісы». Калі вось гэтых можна, а гэтых нельга, то лепш наогул ніяк. Які тады сэнс у прэміі? Якая раздача ўзнагарод наогул можа быць? Мы з «Крамбамбуляй» атрымалі галоўную рок-карону і ў наступным годзе, паводле традыцыі, павінны былі адкрываць шоу, а нам сказалі: «Вы выходзьце, толькі мы нічога казаць не будзем. Сыграеце „Госці“ і адразу сыходзьце!» Мы так зрабілі, і я зразумеў, што гэта кропка, больш сэнсу няма.

— Пра пераемнасць… Аднойчы Макс Корж апублікаваў у сваім Instagram відэа: ён ідзе па Траецкім, бачыць праз вакно ваш канцэрт і пачынае разам з вамі пець «Простыя словы». Вы бачылі гэты ролік?

— Бачыў.

— Вашае стаўленне да яго?

— Класна! Я не скажу, што Макс Корж мне падабаецца, але чалавек на сваім месцы. Яго музыка досыць класна зробленая і актуальная для моладзі. Гэтыя тэксты блізкія шмат каму, усё ж такі гэта не радыё «Шансон». Корж робіць абсалютна варты прадукт, абставіны збегліся, і ўсё нармальна. Пра Саладуху расказаць? Магу і пра Саладуху.

— Пра Саладуху не трэба. «Мроя», N.R.M., Zet, «Крамбамбуля», сольны Вольскі — калі б трэба было выбраць толькі адзін з гэтых праектаў, які б вы выбралі?

— На гэтае пытанне няма адказу, таму што для пэўнага часу было актуальна тое, а для пэўнага — гэтае. Цяпер найбольш актуальны Вольскі, а з «Крамбамбуляй» вельмі весела і класна граецца. Патрэбна раўнавага: негатыў і пазітыў. Для гэтага і рабілася «Крамбамбуля» — ураўнаважыць «энэрэмаўскі» сарказм і самаразбурэнне станоўчасцю.

 У пэўны час Zet была вельмі актуальнай і цікавай з’явай. Але потым гэтая актуальнасць для меня страцілася, і магу нават сказаць чаму. Забароны… Граць з Zet на нейкіх лецішчах ці ў кавярнях акустычна? Ну пайгралі падпольна нейкі час. За мяжой з Zet граць класна, але які ў гэтым сэнс? Тэксты ніхто не разумее — бачаць толькі людзей у масках.

N.R.M.… У свой час гэта было проста зорна для мяне. Былі такія часы, калі едзеш у тралейбусе і за гэты час напісаў тэкст і музыку — трэба только дабегчы хутчэй і ўсё гэта ўвасобіць.

— Самыя знакамітыя песні Вольскага напісаны ў складзе N.R.M.?

— Так.

— Не шкадуеце, што так атрымалася з гуртом? Магчыма, зараз быў бы не Prime Hall, а «Мінск-Арэна».

— Як можна шкадаваць, калі гэта цалкам не мой сцэнар? Я не тое што шкадую… Мне сорамна і непрыемна.

— Ужо прайшло даволі шмат часу. Вы спрабавалі неяк пагаварыць з астатнімі музыкамі?

— Які сэнс? Няма ніякага сэнсу. Паўлаў шмат чаго сказаў з таго часу і шмат чаго зрабіў. А я ўсё гэта бачыў і чытаў.

— Гэта персанальная крыўда?

— Ніякай крыўды няма. Крыўдаваць нельга, гэта небяспечна. Зразумела, былі розныя пачуцці, і мяне гэта доўга трымала — пакуль я не зрабіў паўнавартасны сольны праект. Так атрымалася, нічога не зробіш.

«Мы ж ніколі не будзем старэйшыя за Джагера, а ён усё выступае»

— Зараз нашмат прасцей данесці сваю музыку да слухача, але парадокс: маладых цікавых гуртоў за апошнія два гады не з’явілася.

— Парадаксальна, але гэты набор магчымасцяў адбіў жаданне нешта рабіць. У сярэдзіне і ў канцы дзевяностых у горадзе былі такія вольныя клубы. Не трэба было ніякіх гастролек — проста выступай сабе, і ўсё. І выступалі за нешта сімвалічнае кшталту скрыні піва. І мы таксама. «Альтэрнатыва», «Рэзервацыя», NC — была проста атмасфера Лондана! Магчыма, на гэтым нешта палягала: людзі адмыслова збіраліся, каб зграць канцэрт. Сёння там, а заўтра там — і, можа быць, пачнем нешта зарабляць. А цяпер мне гавораць, што людзі збіраюцца спецыяльна для таго, каб зарабляць грошы, а пра гэта, мне здаецца, трэба думаць ужо потым — калі з’яўляюцца нейкія прапановы. І лепей, каб гэтым займаўся нейкі дэлегаваны збоку чалавек, а не самі музыкі, таму што яны неадэкватныя.

— То-бок, зараз спачатку пішацца бізнэс-план, а ўжо потым песні?

— Мне казалі, што так. Мне жыццё зусім ужо маладых музыкаў не знаёмае. Цяпер шмат іх грае ў кавер-бэндах, і яны думаюць, што зараз найграюць сабе на інструмент, на запіс, а тады ўжо ўсё і пачнецца. Гэта распаўсюджаная памылка з часоў Саюза, калі людзі гралі ў кабаках, — пра гэта яшчэ Троіцкі пісаў. А потым зацягнула, прайшло ўжо 15 гадоў — жонка, дзеці, Юрый Антонаў…

— Ваш самы памятны канцэрт?

— Гэта цяжкае пытанне. Іх было некалькі. Быў пераломны канцэрт у клубе «Рэзервацыя» — прэзентацыя абсалютна дурной складанкі пад назвай Made in N.R.M. Навошта гэта рабілася, я не ведаю, нейкая выжымка з двух альбомаў. І на вось гэтай прэзентацыі сфармавалася іншае гучанне, іншыя паводзіны — гэта быў пераломны момант.

Усе калбасіліся на сцэне, публіка паводзіла сябе так, што Памідораў падыйшоў пасля канцэрта і сказаў: «Гэта быў Лондан!»

— Сапраўдны панк-рок?

— Так! Да гэтага я стаяў за клавішамі, пасля ў N.R.M. — з гітарай, а тут публіка паводзіла сябе так, што ў мяне сфармаваліся іншыя паводзіны, больш развязныя. Быццам шэраговы канцэрт, але запомніўся.

Яшчэ быў канцэрт на ўгодках «Салідарнасці» ў Варшаве. У першым шэрагу сядзіць увесь польскі ўрад, а далей — хто хочаш, і людзі вельмі адвязна сябе паводзілі. А на сцэне гралі розныя польскія гурты з васьмідзесятых — мы былі самыя маладыя. І на гэтым канцэрце была такая сцэнаграфія, што трэба было вельмі добра ўсё адрэпетаваць — проста да секунды, — таму што сцэна круцілася і трэба было паспець на яе ўскочыць. Мы разоў пяць рэпетавалі свой выхад: яшчэ раз, яшчэ раз. Я быў злосны! Але ўрэшце добра атрымалася.

— «Дай мне нагоду болей не быць марафонцам». Пра што гэта?

— Пра тое, што кожнаму калісьці давядзецца сыйсці на заслужаны адпачынак. І ў літаральным, і ў пераносным сэнсе.

— Вы пра гэты заслужаны адпачынак думалі?

— Мне цяжка сказаць, таму што пакуль пішацца.

— Чалавек аднойчы прачынаецца, глядзіцца ў люстэрка і думае: «Ну я і старпёр…»

— Ведаеце, калі я быў малы, ужо тады здавалася, што Джагер — старпёр. Мы ж ніколі не будзем старэйшыя за Джагера, а ён усё выступае. Нік Кейв! Усё нармальна. Іграй, пакуль цябе прэ, пакуль усё класна!

people.onliner.by


Каментаваць