Лявон Вольскі выклаў у сеціва новы альбом

Новы альбом Лявона Вольскага — Psychasamatyka — быў запісаны на грошы, сабраныя падчас краўдфандынгавай кампаніі, у якой узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краін свету.



Пералік удзельнікаў праекта разам з іх геаграфіяй і асабістымі словамі падзякі ад Лявона Вольскага змешчаны на сайце www.lavonvolski.com. Там жа можна бясплатна спампаваць альбом.

 Гэты альбом для мяне нязвыкла асабісты. Шмат у якіх песнях сканцэнтраваныя вельмі асабістыя думкі, пачуцці, эмоцыі і перажыванні, — распавядае Лявон Вольскі. — У ім шмат новага для мяне — у падыходзе да тэксту, мэлодыі, гармоніі. І, разам з тым, шмат майго традыцыйнага. Так атрымалася, што «Псіхасаматыка» – гэта водападзел паміж тым, што было і тым, што (спадзяюся!) будзе. А яшчэ дзве паловы альбому, дзве плыткі — гэта і дзве паловы беларуса: Каляды і Раство, Новы год і стары Новы год, Вялікдзень і Пасха, паганства і хрысціанства. Два бакі аднаго мэдалю, дзьве душы.

Уся студыйная праца была зроблена ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам, які таксама адказваў за мінулы альбом Вольскага «Грамадазнаўства» (2014). Менавіта ён і запрапанаваў Лявону канцэпцыю з двух альбомаў у адным. Менавіта так, на двух CD, будзе надрукаваны фізічны наклад «Псіхасаматыкі», які можна будзе набыць 3 снежня на прэзентацыі ў Вільні.

 З таго часу, як я ўпершыню сустрэў Лявона і пачуў яго песні, я заўжды адчуваў, што ён як артыст і чалавек мае два асобных бакі, — кажа Бергеруд. — Першы — панк- і рок-музыка, з «наждачным» голасам і агрэсіўнымі, сатырычнымі тэкстамі. Другі — бард, аўтар-выканаўца, паэт. Супрацьпастаўланне паміж  халодным цвёрдым горадам і старажытнай лірычнай натурай яго роднай зямлі. На гэтым альбоме я хацеў паказаць абодва гэтыя бакі, але без змякчэння колераў любога з іх. Я не хацеў шукаць сярэдзіну. Я хацеў каб песні ішлі па тым шляху, які для іх будзе натуральным да самага фінала. Таму менавіта падвоены альбом стаў лагічным працягам канцэпцыі.


3 снежня падчас канцэртнай прэзентацыі Лявон Вольскі выканае новы альбом і лепшыя песні разам з нарвежскімі музыкамі, якія запісвалі «Псіхасаматыку» і «Грамадазнаўства». Канцэрт адбудзецца ў абноўленым клубе Loftas. Квіткі: 65 рублёў (танцпол), 77 рублёў (балкон, стаячы), 110 рублёў (месца за столікам + дыск з аўтографам). Продаж: на сайце і ў касах Kvitki.by (http://www.kvitki.by/ru/buy/36843#plan), а таксама ў салонах  «Связной» і «Евросеть» па ўсёй Беларусі.

Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам дзеяння з 2 да 4 снежня ўключна выдаецца грамадзянам Беларусі на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба да 24 лістапада ўключна. Пакрокавая інструкцыя – http://muztur.by/lyavon-volskiy-v-vilnyuse-3-dekabrya/ 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: